“Народная Воля” сёння вырашыла задаць сваім рэспандэнтам наступнае пытанне:

Што вы хацелі пачуць у выступах кандыдатаў, але так і не пачулі?

 Валерый РЫБЧАНКА, экс-дэпутат Жлобінскага раённага Савета дэпутатаў:

— Не дачакаўся я ад кандыдатаў, здавалася б, простай і відавочнай рэчы: закліку да настаўнікаў, з якіх фарміруюцца выбарчыя камісіі, аб тым, што нельга фальсіфікаваць выбары, нельга красці будучыню ў нашых дзяцей. Канкрэтна гэта ні ў кога не прагучала. Не дачакаўся адказу на пытанне, як дэмакратычныя кандыдаты будуць паводзіць сябе на плошчы ў выпадку фальсіфікацый выбараў…

Зміцер БАРТОСІК, бард:

— Мне цяжка гэтым кандыдатам нешта раіць, цяжка ад іх нечага чакаць. Здаецца, у выступах закрануты ўсе больш-менш вострыя  і балючыя сацыяльныя пытанні. Адзінае, чаго чакаю ад іх на гэтым тыдні, — каб яны менш згадвалі пра Лукашэнку, а больш пра сябе і сваё ўласнае бачанне краіны. Лукашэнкі ўсім і так хапае…

Вольга АНЦІПАВА, хатняя гаспадыня:

— Паглядзела выступы амаль усіх кандыдатаў. Па-шчырасці, не хапіла канкрэтыкі ў іх прамовах. Напрыклад, Віталь Рымашэўскі кажа, што адменіць пошліны на аўтамабілі. Гэта азначае, што Беларусь выйдзе з Мытнага саюза, ці што? Як ён збіраецца адмяніць гэтыя пошліны ў аднабаковым парадку? Ці вось Раманчук абяцае павысіць пенсіі, але пры гэтым ні слова не кажа, адкуль ён на гэта грошы возьме. Напрыклад, цікава, якая канкрэтна пенсія будзе ў маёй маці праз год ягонага прэзідэнцтва?

Уладзімір Някляеў на дзіця па 25 тысяч долараў паабяцаў. Але адкуль у жабрацкай краіны такія грошы возьмуцца? Пытанняў шмат, хацелася б, каб кандыдаты выступалі больш канкрэтна…

Сяргей БЕЛАЗЁРАЎ, пенсіянер:

— Чаго чакаю, а не дачакаўся? Не дачакаўся наступнага: літаральна палова насельніцтва Беларусі ў той ці іншай ступені сутыкаецца з чыноўнікамі. Але часцяком людзям на іх звароты прыходзяць банальныя адпіскі. Праблемы людзей па сутнасці ніхто не вырашае. Ніводны з кандыдатаў нават не паабяцаў, што ў выпадку прыходу да ўлады ён асабіста будзе сустракацца з людзьмі хаця б раз на месяц. Ніхто не сказаў, што ЖЭСы, сельсаветы і выканкамы будуць абавязаны вырашаць пытанні па сутнасці. Ніхто не сказаў, што пакладзе канец бюракратыі, якая пануе ў сённяшняй Беларусі…

Вера ПАЛЕЕВА, беспрацоўная:

— З выступленняў кандыдатаў, а давялося паглядзець выступы Міхалевіча, Раманчука, Саннікава і Някляева, я так і не пачула, чаму я не павінна галасаваць за Лукашэнку. Падалося, што ў выступах кандыдатаў бракавала канкрэтных фактаў, якія б зразумела большасць насельніцтва. Тое, што так жыць далей нельга, — і так зразумела ўсім, а вось што канкрэтна будзе зроблена для таго, каб жыццё ў краіне палепшылася, — невядома. Таму чакаю ад кандыдатаў канкрэтных прапаноў па вырашэнні праблем, якія назапасіліся ў Беларусі.

Міхаіл КАЗАКОЎ, кіроўца:

— Здаецца, толькі Саннікаў у сваёй прамове ўскосна закрануў праблемы зніклых палітыкаў. Хацелася б, каб кандыдаты больш рашуча гаварылі пра гэта. Чакаю, што хтосьці з кандыдатаў запытаецца ў Лукашэнкі, калі будуць вернуты адабраныя ў школьнікаў, студэнтаў, чарнобыльцаў, афганцаў, інвалідаў і пенсіянераў грошы. Ад выступленняў кандыдатаў на мінулым тыдні склалася сумнае ўражанне: усе яны гаварылі аб праблемах агульнымі словамі, ім, мне здаецца, не хапіла канкрэтыкі…

Поделиться ссылкой: