Не паспелі беларусы ўздыхнуць з палёгкай і адмовіцца ад набыцця зімовых паліто і ботаў з-за цёплай восені, як надвор’е выкінула каленца. У краіне пахаладала так, што час задумацца аб валёнках і футрах.

Рэзкае пахаладанне выклікала прыступ параноі ў грамадстве. Магчыма, усё з-за анамальна гарачага лета. Напачатку сіноптыкі таксама не абяцалі, што слупкі тэрмометраў падвысяцца ледзьве не да 40 градусаў. Але лета атрымалася цяжкім — ненармальна спякотным і засушлівым. Зараз людзі баяцца паўтарэння гэтага сценарыя, толькі з “мінусавым” эфектам.

Сіноптыкі Рэспубліканскага гідраметэацэнтра дапамаглі “Народнай Волі” развеяць міф аб тым, што гэта зіма будзе надзвычайна халоднай. Моцныя маразы чакаюцца, але не паўсюдна і толькі наплывамі. Першая хваля холаду накрые краіну ўжо сёння ўначы.

Першы дзень зімы будзе надзвычай халодным. Можна чакаць, што ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня тэмпература панізіцца да -17–22°С. У паўночных районах — да –25°С. Удзень па паўднёвым захадзе ад -11–13оС да -14–21оС на іншай тэрыторыі краіны.

Пры гэтым сіноптыкі адзначаюць, што самы марозны дзень абыдзецца без ападкаў. Затое потым прагназуюцца завеі і моцны вецер. З 5 снежня можна чакаць нармальнае зімовае надвор’е з тэмпературай у межах -10оС.

Нягледзячы на халоднае надвор’е ў першы дзень зімы, сумаваць не трэба. Зіма, па прагнозах, не павінна стаць анамальна халоднай. У сярэднім тэмпература павінна будзе трымацца на ўзроўні кліматычнай нормы ў -4–7оС. Неспрыяльнай гэтая зіма будзе для метэазалежных людзей. Справа ў тым, што маразы і пацяпленні будуць наступаць рэзка, наскокамі, што можа негатыўна сказацца на здароўі людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

Што тычыцца ападкаў, то снега будзе шмат там, дзе, як гаварыцца, не трэба, і неставаць там, дзе без яго ніяк. Паўночная частка Беларусі хутчэй за ўсё пацерпіць з-за адсутнасці снежнага покрыва. Зерневым культурам, якія высаджаны на паўночных частках краіны, пагражае небяспека з-за моцных маразоў і адсутнасці снежнай коўдры.


Поделиться ссылкой: