“Ужо чацвёрты раз у нашай краіне праводзіцца шматлюднае мерапрыемства, удзельнікамі якога вы з’яўляецеся. Нягледзячы на тое, што фармат Усебеларускага сходу не прапісаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яму фактычна нададзеная вызначальная роля ў вырашэнні далейшага шляху развіцця краіны. Але ні на адным з гэтых сходаў практычна не было выступоўцаў, якія прамаўлялі на дзяржаўнай беларускай мове. Не ўздымаліся на іх і пытанні сучаснага стану беларускай мовы як галоўнай каштоўнасці, што вызначае еднасць беларусаў як народа.

У выніку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзілася на працягу апошніх 16 год, беларуская мова выцесненая з афіцыйнай сферы  ўжытку, крытычна зменшылася колькасць беларускіх школаў, яна так і не з’явілася ў сістэме вышэйшай адукацыі, колькасць актыўных носьбітаў мовы ў Беларусі зменшылася, згодна дадзеных  перапісу 2009 г., на 1 мільён чалавек.

Усё гэта ставіць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны. Наш усходні сусед працягвае актыўна дэманстраваць свае намеры далучыць Беларусь “шасцю губерніямі” да сваёй велізарнай краіны, таму пытанне захавання і развіцця беларускай мовы — гэта пытанне захавання беларускай дзяржаўнасці.

Мы  звяртаемся да Вас з прапановай аб’ектыўна і строга прааналізаваць нацыянальную палітыку ў Рэспубліцы Беларусь і неадкладна прыняць практычныя захады па забеспячэнні беларускай мове яе статусу дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі. Для гэтага лічым неабходным тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і аб’явіць наступны год Годам Беларускай мовы”, — гаворыцца у звароце, прынятым на пасяджэнні Рады ТБМ.

Поделиться: