Першая кніга, якая выйшла чатыры гады таму і мела вялікі поспех, раскрывала невядомыя, поўныя гістарычных, звычайых, ментальных таямніц, рэаліі і міфы беларусаў як самабытнай еўрапейскай нацыі. Яе прастора распасціралася ад архаічных часоў да нашых дзён.

 Новая кніга з’яўляецца спробай асэнсавання менталітэту сучасных беларусаў, які, як піша ў пасляслоўі аўтар, “пазначаны выразным адбіткам каланіяльнай эпохі апошніх двух стагоддзяў”. Ідэя другой кнігі “Беларуская Атлянтыда”раскрыта ў яе назве “Міфы і брэнды каланізаванай нацыі”. Кніга складаецца з гутарак Вячаслава Ракіцкага са знакамітымі філосафамі, гісторыкамі, культуролагамі, пісьменнікамі. Яны “шукаюць нашае ў чужым, чужое ў сваім і сваё ў нашым”.

Іх цікавіць, як так сталася, што беларусы згубілі ўласна свае каштоўнасці, а чужыя далучылі да сваёй культуры, свайго светабачання? Як доўга яшчэ будуць існаваць у свядомасці беларусаў агрэсіўныя ідэалагемы і паліталагемы, у якія камуністычны рэжым апрануў нацыю? Чаму новая ўлада ўжо незалежнай Беларусі падхапіла каланіяльныя міфы і нават зрабіла іх сваімі брэндамі, прыкладам, міфы пра славянскую еднасць, старэйшага брата, талерантны народ, Вялікую айчынную вайну? Нарэшце – хто стане магільшчыкам каланіяльнай міфалогіі?

Кніга складаецца з трох разделаў:

Наша – Крыўя, Балты, Літва, Славяне, Старажытная Русь, Правінцыя, Партызан…

Ня нашае наша – Камунізм, Ленін, КДБ, Вялікая айчынная вайна, Старэйшы брат…

Нашае наша – ВКЛ, Радзівілы, Грунвальд, Каліноўскі, Тарашкевіца, БНР, БНФ…

Першыя два раздзелы сведачць пра каланіальную, скрыўленую  свядомасць беларусаў, якая стала вынікам ідэалагічных маніпуляцыяй расійскага  акупацыйнага і бальшавіцкага рэжымаў. Трэці раздзел дае аптымізм, што ўсё ж беларусам вернецца гістарычная памяць і нацыянальная годнасць. Прастора “нашага наша” адваяваная нацыянальнай элітай у найноўшую эпоху і паступова ўкараняецца ў свядомасць беларусаў.

Поделиться ссылкой: