Гэтая стужка нарадзілася дзякуючы высілкам тэлеканала “Белсат”, а таксама людзям, якія спрычыніліся да ўваскрэшання той – цяпер ужо пасіянарнай асобы, імя якой дзесяцігоддзямі замоўчвалася ў нас на Радзіме. Але як нельга адмяніць прыход світання, гэтак нельга й забараніць сапраўдную паэзію, імкненне да свабоды, годнасці… Ларыса Геніюш прыйшла да нас з забыцця, асвятляючы шлях усім: і моцным духам, і знявераным, і тым, хто на раздарожжы. Яна словам, прыкладам, усім сваім жыццём адстойвала тыя вечныя каштоўнасці, у імя якіх варта жыць і змагацца, нягледзячы ні на што… Такіх постацей, па-сапраўднаму нязломных, крыштальна чыстых, светлых, Богам адораных вялікім талентам – не дужа шмат у цяперашняй рэальнасці. Яны як светлякі ў цемрадзі, як зоркі ў начным небе – не даюць збіцца з тропу, разгубіцца, упасці ў адчай…

Зусім невыпадкова, што прэм’ера фільма перад тым як адбыцца ў Гародні, спачатку надарылася ў Гудзевічах, у той самай вёсцы, дзе на самым пачатку жыццёвага шляху юная Ларыса засвойвала пачатковыя навукі…

І якраз тут – па-сённяшні дзень – жыве яшчэ адна легендарная асоба, роўнавялікая па духу і чалавечых вартасцях самой Ларысе Антонаўне. Імя гэтага чалавека – Алесь Белакоз… Яны не проста ведалі адзін аднаго, але сябравалі, ліставаліся, а галоўнае,  рабілі адну і тую ж справу – усталёўвалі дух Беларушчыны ў сваім краі. Кожны па-свойму, але аднолькава ўтрапёна, настойліва, не ідучы ні на якія хаўрусы з савецка-бальшавіцкім чынавенствам, з махлярамі-палітыкамі, што гатовы былі аддаць усё беларускае на закланне камуністыснаму молаху. Няскоранасць абодвух, іхняя апостальская місія не ўпісваліся ні ў якую савецкасць, з-за гэтага і цярпелі, з-за гэтага і замоўчвалі іхнюю па-сапраўднаму патрыятычную дзейнасць.

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

Алесь Белакоз

Цяпер Алесю Мікалаевічу – за восемдзесят… І ён усё той жа: бескампрамісны, калі справа тычыцца нацыянальнай культуры і мовы; моцны духам, калі прыходзіцца бараніць хрысціянскія каштоўнасці і адстойваць свабоду і дэмакратыю. Настаўнік, краязнаўца, збіральнік культурна-матэрыяльнай даўніны беларусаў па-ранейшаму ў страі. Вось чаму прэм’ера фільма не магла абыйсціся без Алеся Мікалаевіча Белакоза. І яна адбылася. У літаратурна-краязнаўчым музеі, які Алесь Белакоз ствараў усё сваё жыццё. Цяпер музей набыў статус дзяржаўнага…

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

Міхась Скобла і Алесь Белакоз

На сустрэчу з Белакозам і на прагляд фільма сабралася школьная моладзь, настаўнікі, музейшчыкі. І прэмьера ператварылася ў цікавую вечарыну, дзе кінафрагменты перамяжоўваліся з успамінамі Алеся Мікалаевіча, аповядам паэта і літаратурнага даследчыка Міхася Скоблы пра тое, як ствараўся фільм, з дэкламаваннем Геніюшаўскіх вершаў…

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

А ўвечары таго ж дня прэм’ерны паказ Белсатаўскай стужкі “Няскораная” адбыўся ў Гародні. І там было тшмат народу: студэнцтва, літаратары, мастакі, выкладчыкі…

У Год Ларысы Геніюш, стагоддзе якой адзначае ўся нацыянальна-свядомая грамадскасць, фільм варта было б паказаць па нацыянальнаму тэлебачанню. Усяму народу. Але  хіба такое магчыма зараз?..

Некалі, у 1967 годзе, Васіль Быкаў напісаў у сваім лісце Ларысе Геніюш: “Ганаруся вашай залатой паэтычнай жылачкай”. Яшчэ тады таленавіты празаік, чыя сусветная слава яшчэ толькі замігцела на даляглядзе, беспамылкова  адчуў тую глыбінную, прыхаваную жылу, якая калісьці выбухне неастылым за дзесяцігоддзі гейзерам паэзіі. Час гэты прыйшоў. І будзе доўжыцца вечна…

Няскораная – ў Гародні... (фотарэпартаж)

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: