Маўляў, а як яны збіраюцца накарміць краіну, калі не могуць прынесці грошы ў сваю сям’ю? “З іх даходаў зразумела, што пасада прэзідэнта ім патрэбна, каб вырашыць свае матэрыяльныя праблемы, і ніякія дзяржаўныя інтарэсы імі не кіруюць”, — пісалі на форумах.

Не абмінулі гэтую тэму і на Беларускім тэлебачанні — так, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, адказваючы на пытанне журналіста Юрыя Пракопава, выказала меркаванне, што, магчыма, некаторыя кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду атрымлівалі заробак у канвертах.

“Народная Воля” не пасаромелася напрамую задаць кандыдатам на пост №1 пытанне пра грошы.

“Гэта хлусня, што мая сям’я не мела прыбыткаў за мінулы год, — рашуча адказаў “Народнй Волі” Андрэй Саннікаў. — Прыбыткі сям’і складаюцца з прыбыткаў мужа і жонкі. І ў мінулым годзе гэтых сродкаў было дастаткова для нармальнага жыцця…

У нашай краіне існуе забарона на прафесію. У мяне вышэйшы ранг дыпламатычнай службы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. Мне прапаноўвалі працу ў прыватных кампаніях, працу за мяжой, нават былі прапановы з міністэрстваў замежных спраў суседніх дзяржаў. Але я застаўся ў Беларусі, таму што гэта мая краіна. І я хачу зрабіць яе нармальнай. Акрамя таго, я доўгі час працаваў за мяжой, і ў мяне дастаткова сродкаў для таго, каб жыць нармальна. А раскошных звычак, дарагіх гадзіннікаў і паездак на фешэнебельныя гарналыжныя курорты ў мяне няма.

І яшчэ — да ведама: два разы мяне вельмі дасканала правярала падатковая інспекцыя. Падаткавікі правяралі мае прыбыткі за 15 гадоў. І не выявілі перавышэння выдаткаў над прыбыткамі”.

Віктар Цярэшчанка кажа, што ён таксама не з тых мужчын, якія сядзяць на шыі ў каханай жанчыны.

“Вы пытаецеся, як атрымалася, што за мінулы год у мяне не было ніякіх даходаў, — падхоплівае тэму Віктар Іванавіч. — Усё на самай справе вельмі проста. Асноўны прыбытак я атрымаў у 2008 годзе — як аванс за літаратурную працу. І гэтых грошай хопіць не на адзін год. Мы з жонкай на працягу года працавалі над кнігай і зараз аддаём у друкарню адразу дзве. Сыходзячы на пенсію, я заняўся падрыхтоўкай кнігі. Што ў гэтым дрэннага? Можна, канешне, было ў носе кавыраць і атрымаць мільён прыбытку ў месяц. Ну і каму ад гэтага лягчэй будзе?..

Мяне не цікавіць, што гаворыць нехта з БТ наконт маіх даходаў, ёсць людзі розныя, некаторых падкормліваюць. Яшчэ раз хачу сказаць: тую суму, якую я атрымаў у 2008 годзе, я магу раскласці на пяць гадоў. І спакойна жыць. Я, дарэчы, пытаўся, ці магу ў дэкларацыі пазначыць свае прыбыткі за 2008 год. Мне сказалі: “Не, нельга”. Ну дык што я магу сказаць? А калі б прыбыткаў ніякіх сапраўды не было, то я ні машыны не меў бы, ні грошай на бензін”.

З усіх кандыдатаў менш за ўсё прыбыткаў задэклараваў эканаміст Яраслаў Раманчук.

— Слава, вам не здаецца, што 7 мільёнаў у год — гэта неяк несалідна для сапраўднага мужчыны?

— Сур’ёзныя мужчыны размяркоўваюць свае прыбыткі не пад прэзідэнцкія выбары, каб зрабіць уражанне на выбаршчыкаў, а ў залежнасці ад таго, як атрымліваюць грошы, — гаворыць Раманчук. —  Большая частка сродкаў, заробленых мною ў 2009 годзе, прыйшла толькі ў 2010-м, таму задэклараваць іх не было магчымасці. Таму насамрэч я не такі жабрак, як вынікае з дэкларацыі…”

ДАРЭЧЫ

Самым багатым з усіх прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Ён задэклараваў больш за 90 мільёнаў беларускіх рублёў.

Алесь Міхалевіч за 2009 год атрымаў прыбытак ў 75 мільёнаў, Дзмітрый Ус — 34 мільёны, Уладзімір Някляеў — 22, Рыгор Кастусёў — 20, Віталь Рымашэўскі — 14, Мікалай Статкевіч — 8, Яраслаў Раманчук — менш за 7 мільёнаў беларускіх рублёў.


 

Поделиться: