“Калі б сэрца было больш здаровым, былі шанцы яго выратаваць, —  выказваў сваё меркаванне сын Івана Мікалаевіча, Юрый Нікітчанка. — Ён не жыў для сябе, жыў для іншых. Ахвяраваў сябе краіне”.

 … Аўтакатастрофа, у якой загінуў Іван Нікітчанка, адбылася днём 19 лістапада пад Маладзечнам. Навуковец ехаў на лецішча. Здавалася б, бачнасць на дарозе была добрая. Але ж… Па словах дзяжурнага АУС Маладзечанскага райвыканкама Мінскай вобласці Юрыя Выдрука, машына “Фольксваген-Джэта”, якой кіраваў Нікітчанка, выехала на паласу сустрэчнага руху і сутыкнулася з аўтамашынай “ЗІЛ”. Пацярпеў у аварыі толькі Іван Нікітчанка. Яго паспелі даставіць у Маладзечанскую гарадскую бальніцу. Але, не прыходзячы ў прытомнасць, ад атрыманай траўмы навуковец памёр ноччу 20 лістапада.

Развітанне з Іванам Мікалаевічам адбывалася ў яго невялічкай мінскай кватэры. Так вырашыла сям’я нябожчыка: праводзіць у апошні шлях мужа, бацьку і дзядулю з хаты, дзе ён жыў, а не з халоднай залы навуковай установы. Сярод тых, хто прыйшоў развітацца з Іванам Нікітчанкам, было шмат вядомых асоб, сярод якіх акадэмікі Ігар Валатоўскі, Іван Шайко, Любоў Хатылёва, Аляксандр Вайтовіч, прафесар Сяргей Пятрушка, мастак Аляксей Марачкін, рэжысёр Валер Мазынскі, кандыдаты ў прэзідэнты Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Прыйшлі звычайныя беларусы, якія нават не былі асабіста знаёмыя з вучоным. Прыязджалі дэлегацыі з Калінкавічаў, Брэста… Дапамагаў у пахаванні Інстытут жывёлагадоўлі НАН Беларусі, у якім Іван Нікітчанка адпрацаваў 17 гадоў.

Івана Нікітчанку пахавалі на Паўночных могілках Мінска. Ён не дажыў да свайго 72-годдзя крыху менш за два месяцы.

Поделиться ссылкой: