Пахаванне Уладзіміра Дацкевіча адбудзецца 23 лістапада ў вёсцы Камянюкі, Камянецкага раёна.

На жаль, Уладзімір Апанасавіч не прычакаў сваёй кнігі, якая зараз на друкарскіх варштатах. Праўдзівая і бескампрамісная, яна стане адметным вянком ягонай памяці. Вядомы эколаг Валерый Дранчук паведаміў карэспандэнту “Народнай Волі”: “Гэтую сціплую кніжачку можна назваць “судом праўды”. Без эмацыйнага перабольшання. Менавіта праўда і яшчэ раз праўда стала падставай выдання. Насуперак подлай рэжымнай хлусні, насуперак добра аплочаным шчыраванням сучасных міфалагізатараў. Сведчу: кніжачка на далоні здольная супрацьстаяць тонам фізічнай вагі яшчэ свежай лашчона-альбомнай прадукцыі на замову д’ябальскай сілы. Супрацьстаяць маральна, праўдай пражытага лёсу. Кніжачка — не молада-зелена; яе аўтар, на дзевятым дзесятку жыцця, праводзячы мяне з хаты, нярэдка казаў: “Трэба спяшацца, трэба паспець…” Я разумеў гэта і ў такім сэнсе: маўляў, не стане чалавека – і ягоная праўда пойдзе за ім, нікому не будзе патрэбнай. Разумеў і заўжды пагаджаўся, а наказ не спазніцца, паспець прымаў выключна на свой рахунак. Таму не надта крыўдую на тых, хто, маючы незалежную трыбуну, адмаўляў у публікацыях, і на тых, хто адмовіў хоць трохі дапамагчы сродкамі на гэтае выданне. Так, безумоўна так. Нам нельга спазніцца, нам трэба паспець.

Біяграфічная даведка.

Уладзімір (Апанасавіч) Дацкевіч з карэнных жыхароў. Жыве ў Камянюках – галоўнай сядзібе сённяшняга нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, што недалёка ад райцэнтра Камянца. Ветэран пушчанскай навукі. Былы загадчык і адзін са стваральнікаў мясцовага Музея прыроды (60-я гг.). У штаце ўрадавай “запаведна-паляўнічай гаспадаркі” 40 гадоў – з 1945 па 1985. Кантактаваў і сябраваў з выбітнымі вучонымі Беларусі і былога Савецкага Саюза, вядомымі дзяржаўнымі дзеячамі (Машэраў, Кісялёў). Даўно і паслядоўна разбурае міф пра Белавежскую пушчу як “першабытны лес”: трымаецца пераканання, што Пушча ніколі не была запаведнай, не адпавядала і статусу асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыі; была ўласнасцю польскіх каралёў, рускіх цароў і “генсекаў”, транжырылася, расцягвалася, няшчадна выбівалася і выразалася. Таму першым выказаўся пра неабходнасць ратавальнай меры — міжнароднай экспертызы Белавежскай пушчы як месца Сусветнай прыроднай спадчыны (зараз, на думку У. Дацкевіча, стан Пушчы яшчэ больш цяжкі і патрабуе незалежнага дыягназу дзеля іншых адносін чалавека і прыроды). Мае дзесяткі друкаваных прац, найперш манаграфію “Гістарычны нарыс і некаторыя вынікі арніталагічных даследванняў у Белавежскай пушчы (1945 – 1985)”, навуковыя і навукова-папулярныя працы па клімаце, біялагічнай разнастайнасці Пушчы.

Поделиться ссылкой: