Як чалавеку дапытліваму, мне проста свярбела пазнаёміцца з імі, зразумець, што пагнала звычайных людзей, а не якіх-небудзь авантурыстаў ці там міжнародных гандляроў, на край свету, у невядомае і нязвыклае асяроддзе. Наколькі яны адкрытыя ў зносінах, свабодныя ў выказваннях. І наогул, як ім тут жывецца… Канечне, прасцей за ўсё зкантактавацца з прыезджымі кітайцамі на рынку альбо ў якой ВНУ ці на будоўлі. Але журналісцкі досвед падказваў: лепш за ўсё гутарку весці з тымі, хто не адарваны ад зямлі-карміцелькі, хто з яе і жыве. І, на маю радасць, такія кітайцы на Беларусі знайшліся: на Берасцейшчыне, у Пружанскім раёне…

Некалькі гадзін імклівай язды на паўднёвы захад, з’езд на Івацэвічы, яшчэ колькі вёрст — і вось яны, Пружаны. Гарадок на Мухаўцы нават на дождж не здаўся правінцыяльным, хутчэй наадварот — па-еўрапеску ўтульным і прыветлівым, асабліва ў цэнтры. Яшчэ даваенныя пабудовы, некалькі храмаў, помнікі старасвецкай архітэктуры, цудоўны парк… Словам, ёсць на што паглядзець і чаму падзівіцца. Але трэба кіраваць далей — у вёску Шчарчова, там якраз атабарыліся мае кітайцы. Гэтак бы і зрабіў, але пачало змяркацца. Ды і дождж-назола канчаткова размагніціў мае імпэты. Значыцца, пойдзем да мясцовых улад — у райвыканкам…

Кітайцы ўжо тут... (фотарэпартаж)

Якраз на гэты момант “вертыкаль” і тутэйшая грамадскасць абірала дэлегатаў на Усебеларускі сход: шанцаў пагутарыць з першымі асобамі амаль не заставалася. Ды і намеснік старшыні райвыканкама спадар Казак паведаміў, што кітайцы нібыта з’ехалі на радзіму, з’явяцца ўвесну. Але параіў звярнуцца да сваіх падначаленых. Маўляў, у іх усё выведаеш. І напраўду тыя падмаглі, далі патрэбныя звесткі…

Кітайцы ўжо тут... (фотарэпартаж)

Па-першае, як высветлілася, тут неўзабаве пачнуць рэалізоўваць сумесныя з кітайскай правінцыяй Ляонінь праекты на агульную суму ў 100 млн долараў. Дамоўленасці былі дасягнуты падчас візіту старшыні мясцовай “вертыкалі” Аляксандра Юркевіча — у складзе дэлегацыі ад Брэсцкай вобласці — у Паднябесную. Там і быў падпісаны пратакол аб намерах далейшага супрацоўніцтва з Кітаем. Напрыклад, дамовіліся аб будаўніцтве ў Пружанах цагельнага і кансервавага заводаў. Канчаткова вызначыліся, як будзе далей развівацца супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Зноў жа, прыйшлі да згоды, што кітайцы возьмуцца пастаўляць свае матэрыялы мясцоваму заводу радыёдэталяў. У тым, што праекты будуць рэалізаваны, няма ніякага сумнення, запэўнівалі раённыя чыноўнікі, перамовы ж вяліся на вельмі высокім узроўні. Іх бок прадстаўляў віцэ-мэр правінцыі, а Берасцейскі — пасол Беларусі ў Кітаі Анатоль Тозік. Кітайцаў вельмі зацікавілі праекты, асабліва па цагельным заводзе. Не дзіва, яны выведалі, што мясцовая гліна надта якасная, прыдатная для вырабу першакласнай цэглы. Спачатку планавалася вырабляць да 30 млн цаглін у год, але кітайцы маюць намер на парадак павялічыць магутнасці будучага прадпрыемства. Цяпер неабходна перагледзець праектную дакументацыю…

Кітайцы ўжо тут... (фотарэпартаж)

Ну а што па сельскай гаспадарцы?..

А вось тут пахваліцца асабліва няма чым. Так, у раёне ўжо другі год працуе кітайскае (са 100-працэнтным капіталам) сельгаспрадпрыемства “СінаБелАгра”, але без відавочных поспехаў. І тое прызнае галава раёна, старшыня райвыканкама Аляксандр Юркевіч. Чаму так?..

Па-першае, поўная адсутнасць сучасных тэхналогій, а адсюль мізэрныя аб’ёмы вырашчанай прадукцыі. Па-другое, слабая маркетынгавая служба, адсутнасць перапрацоўчага прадпрыемства, якое б выдавала паўфабрыкаты, а яшчэ лепш — цалкам перапрацоўвала вырашчаную гародніну. Карацей кажучы, пакуль што кітайцы робяць першыя крокі, намацваюць грунт пад нагамі. Але калі яны возьмуцца за справу як след, то пацякуць інвестыцыі, будуць тэхналогіі і ўсё астатняе. А агароднікі яны не горшыя, чым галандцы, пра гэта ведаюць усе. Толькі адзін прыклад: яны здатныя варошчваць да некалькіх дзясяткаў відаў грыбоў круглы год, не кажучы пра рознае зяленіва. Але патрэбны сур’ёзныя фінансавыя і матэрыяльныя ўкладанні. На перамовах у Кітаі кіраўніцтва правінцыі Ляонінь запэўніла пружанскае начальства, што пытанне гэтае бярэ пад жорсткі кантроль і што з наступнага года праект запрацуе на ўсю моц.

Як яно будзе на самай справе, пакажа час. А пакуль, не паверыўшы раённым чынам, што сезонныя рабочыя з’ехалі ў сваю Паднябесную, кірую (наступным днём) у Шчарчова — на былую ваенную базу, ці як яе там называюць… Хацелася ўпэўніцца, што кітайцы насамрэч вырошчваюць на Берасцейшчыне кавуны, гэткія ж смачныя, як і ў Азіі…

Кітайцы ўжо тут... (фотарэпартаж)

Шчарчова — не то вёска, не то мястэчка, ад Пружан блізу 30 вёрст. Наўкол лясы, палі, хмызы. Бязлюддзе… Паблізу крамы прытарможваю, згледзеўшы дзядзьку на ровары і жанчыну. Тыя з ахвотаю загаманілі, назвалі сябе: Леанід Мікалаевіч Пыжко і ягоная жонка Марыя Пыжко. “З’ехалі, ды не ўсе, — удакладняе мужчына, — палова кітайцаў яшчэ тут, мусіць, перабіраюць сваю пекінскую капусту. Сёння хоць і субота, але ў іх хіба бываюць выхадныя?..”

Па праўдзе кажучы, такая навіна больш чым узрадавала. Але Леанід Мікалаевіч тут жа асадзіў: “Яны добрыя, спакойныя людзі. Прыветлівыя такія, але адна бяда: па-нашаму ні бэ, ні мэ, ні кукарэку… І перакладчык іхні, кажуць, паехаў у Пекін. Так што наўрад ці пагаворыш, хіба што на пальцах”.

Падзякаваўшы дзядзьку Лёню і за тое, кірую далей — да абшарпаных хрушчовак, дзе быццам тыя кітайцы жывуць. Нейкая жанчына назвала пад’езды і нават кватэры… Заходжу ў страшэнны па выгляду пад’езд, навобмацак шукаю кнопку званка. Але ні той кнопкі, ні той клямкі…  Урэшце грукаю ў дзверы насупраць, мо суседзі нешта падкажуць. Дворнічыха Валянціна Грыневіч — маладая, жвавая кабета — распавяла, што кітайцы, па ўсім, у гароднінасховішчы, а бальшыня з’ехала на радзіму. “Яны зусім бяскрыўдныя, да таго ж не п’юць, як нашыя, не лаюцца. Адно працуюць ад цямна да цямна ды спяць у сваіх пакойчыках. Больш і казаць няма чаго: добрыя людзі, не канфліктныя, іх не відаць і не чуваць…”

Тым часам да нас падышло мясцовае начальства — Мікалай Сцяпанавіч Якімчук, дырэктар ААТ “Шчарчова”. “Вось ён болей пра іх ведае, — трохі ўзрушылася дворнічыха, — яму і карты ў рукі…”

Кітайцы ўжо тут... (фотарэпартаж)

Мікалай Сцяпанавіч спачатку з недаверам, а пасля як на духу прызнаў: “Працуюць — на зайздрасць — добра: лайдакоў і выпівох не трымаюць. Жывуць, як бачыце, сціпла, амаль па-спартанску… Але ў агародніцтве, як мне бачыцца, пакуль нічым не здзівілі: вырошчваюць моркву, капусту, кабачкі, памідоры… Тэхналогія нічым не адрозніваецца, хіба што адным — адсутнасцю хоць якой тэхнікі. Мы ім і трактарамі дапамагалі, і мінеральнымі ўгнаеннямі, і глебу па восені рыхтавалі. Усё астатняе кітайцы выконваюць уручную, з дапамогай матычкі… Таму і працуюць ад рання да змяркання. Не ведаю, як далей, але без сур’ёзнай агратэхнікі, аграхіміі і сучаснай цяплічнай гаспадаркі наўрад ці дамогуцца прыстойных ураджаяў, прыбыткаў. Хаця, наколькі мне вядома, прадукцыю сваю неяк рэалізуюць. Кітайская гародніна, можа, і таннейшая за нашу, аднак тутэйшыя людзі чамусьці аддаюць перавагу сваёй”.

Перасекшы колішні кантрольна-прапускны пост, трапляю ўрэшце ва ўладанні беларускіх кітайцаў. У гароднінасховішчы, былым ваенным ангары, чацвёра мужчын і дзве жанчыны, схіліўшыся над  згрувашчанай пад нагамі капустай, аддзяляюць верхняе лісце качанчыкаў, пакуюць іх у тарныя сеткі.

Вітаюся, спрабую неяк завесці гамонку, але нічога не выходзіць, бо моўны бар’ер. І так, і гэтак — вынік адзін: не атрымліваецца ні па-руску, ні па-англійску. Нешта па-свойму шчабечуць, усміхаюцца, але па выразе твараў, па агеньчыках у вачах адчуваецца — людзі не абдзелены ні дабрынёй, ні спагадаю. Бяру ў рукі качанчык, пытаю ў старэйшага — па выглядзе — мужчыны: як па-кітайску капуста?..

“Пай Чай, — адказвае той і спрабуе далей тлумачыць, паказваючы тонкай далонню на сябе і на капусную гару: — Чайна, Пе-кін…”

“Ван кажа, што гэта і ёсць пекінская капуста”, — чую за спінаю голас нашага чалавека.

Уладзімір Дамашук, а гэта ён падышоў да нас, тры месяцы працуе разам з кітайцамі. Сам мясцовы, некалі служыў у воінскай часці. Цяпер, кажа, падрабляю з імі, бо лішняя капейчына кішэню не ломіць…

І як працуецца?

“Нармалёва, — адказвае Уладзімір Мікалаевіч, — людзі яны дысцыплінаваныя, працавітыя. Можаце сабе ўявіць, узялі пад сваю апеку 160 гектараў зямлі і амаль усю плошчу апрацавалі. У асноўным рыдлёўкамі ды матычкамі… Ладзім, нягледзячы на тое, што моўны бар’ер. Цяпер вось іхні перакладчык паехаў у Пекін, але ж неяк разумеемся. Я ўжо засвоіў некалькі кітайскіх слоў…”

Далей затрымлівацца ў Шчарчова не было сэнсу: восеньскі дзень кароткі, абедзенны перапынак у кітайцаў таксама, а іхні перакладчык за трыдзевяць зямель. Мы спрабавалі з ім стэлефанавацца, каб атрымаць дазвол на фотаздымку, але сігнал чамусьці губляўся… Вядомая справа: дзе той Пекін і дзе тое Шчарчова…

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: