Аляксандра Лукашэнкі ў прыёмнай не было. Ён не прыйшоў ні праз гадзіну, ні праз некалькі гадзін. У прыёмную літаральна на некалькі хвілін завітала давераная асоба кандыдата — Аляксандр Радзькоў. Такім чынам, візіт быў марным. Хаця шмат хто прыехаў дзеля гэтай сустрэчы ў Мінск здалёк.

Людзі пачалі разам выказваць сваё абурэнне “Народнай Волі”. Марыя Станіславаўна Капліна расказала: “Радзькоў адразу сказаў: “Чаго вы прыйшлі сюды?! Па якіх пытаннях?! Вы сытыя і апранутыя. Навошта прыйшлі?”  А я яму адказваю: “Маю дачку забіў служачы, які адкупіўся за 50.000 долараў. Наркабарон… А дачка мая стала сведкай наркатрафіку, вось яе і забілі як сведку. Дык да каго мне ісці?” Я нічога ад іх не прашу, я толькі тры з паловай гады прашу расследаваць справу. Больш нічога!”

Мужчына, які прыехаў на прыём з Брэста, пацвердзіў, што Аляксандр Радзькоў агучыў папрок пра “сытых і апранутых”. “Знайшоў чым папракаць, — абураецца ён. — Я ж хацеў у вочы паглядзець прэзідэнту, распавесці пра сваю справу…”

Людзі расказвалі, што ехалі спецыяльна, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, патрацілі грошы на квіткі, узялі дзень за свой кошт на працы, а аказалася, што ўсё дарэмна.

Лілія Уварава прыехала з Гомеля: “Мы прыехалі, а тут сядзяць марыянеткі, якія нічога не вырашаюць, кажуць: “Можа, нехта будзе потым прымаць…” А нам Лукашэнка патрэбны, бо ўжо не дапамог ні генпракурор, ні старшыня Вярхоўнага суда. Мы хочам толькі аднаго — выканання закону. І няма да каго ісці з гэтым патрабаваннем, няма магчымасці да каго-небудзь дастукацца…

У той дзень людзей прымалі намеснікі начальнікаў аддзелаў з упраўлення юстыцыі і камітэта па працы Мінгарвыканкама.

Чаму спецыялісты, дзяржаўныя служачыя ў рабочы час не былі на сваім працоўным месцы, а ўдзельнічалі ў працы каманды аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, засталося незразумелым. Самі юрысты патлумачылі, што знаходзіліся ў грамадскай прыёмнай у якасці запрошаных спецыялістаў. Ці прыйшлі б яны на прыём даваць кваліфікаваныя парады людзям у нейкую іншую грамадскую арганізацыю ці ў выбарчы штаб іншага кандыдата?.. Ці аплачваецца працоўны дзень, калі яны сёння не на працы? Гэтыя пытанні засталіся без адказу.

Кіраўніца аддзела прававога забеспячэння ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Алена Лукашэвіч толькі патлумачыла:

— Я была на прыёме ў якасці запрошанай асобы ад дзяржаўных органаў. Пры чым тут ініцыятыўная група кандыдата? Абмяркоўвайце гэта з кіраўніком грамадскай прыёмнай. У мяне ёсць даручэнне майго кіраўніцтва, і я яго выканала. Чаму вас гэта цікавіць?

— А калі вас запросяць у грамадскую прыёмную да нейкага іншага кандыдата ў прэзідэнты, вы таксама пойдзеце кансультаваць грамадзян? Чаму вы сюды прыйшлі, а да іншых не пойдзеце?

— Ну… Магчыма, былі пытанні, якімі кіраўнік прыёмнай не валодаў. У дадзеным выпадку Радзькоў…

Падчас прыёму грамадзян адна жанчына, Людміла Чуева, прызналася, што яна беспрацоўная. Чаму вядзе прыём грамадзян? Таму што сябра “Белай Русі”.

Вось так: людзі ехалі да Лукашэнкі, а трапілі да беспрацоўнай… І ўсё паказвалі і паказвалі ёй свае паперкі — ліставанне з пракуратурай, заключэнні экспертаў, акты будаўніцтва і г.д. У адказ чулі толькі адно: “Патэлефануйце праз тры дні”, “Схадзіце на прыём у Міністэрства юстыцыі”, “Звяртайцеся пазней”…

Калі пазней? Пасля выбараў?

Поделиться ссылкой: