Дэлегаты на наш варыянт “з’езда КПСС” абіраліся па ўсёй Беларусі на раённых сходах. Хаця наўрад ці працэдуру можна назваць сапраўднымі выбарамі, бо галасаванне было адкрытым і галасавалі спісамі. Незразумелай засталася і методыка адбору: ад якой колькасці выбаршчыкаў павінен быць дэлегат, якія працоўныя калектывы мелі права на вылучэнне свайго прадстаўніка, якія не… Так, нягледзячы на спробы паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лідара грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева вылучыцца на Усебеларускі сход законным шляхам, яму далі ад варот паварот. І гэта пры тым, што Някляеў сабраў 27 тысяч подпісаў за сваё вылучэнне, а таксама амаль 200 тысяч подпісаў у падтрымку вылучэння сваёй кандыдатуры кандыдатам у прэзідэнты.  Тым не менш права сказаць праўду ў вочы Аляксандру Лукашэнку і астатнім дэлегатам сходу яму не далі.

Хто ж будзе прадстаўляць народныя масы на чарговым Усебеларускім сходзе?

Зразумела, гэта ў першую чаргу наменклатуршчыкі — міністры, кіраўнікі “вертыкалі”, дырэктары буйных і маленькіх  прадпрыемстваў… Але ёсць у гэтай масе не толькі “слугі народа”, але і прадстаўнікі, што называецца, народных мас — настаўнікі, урачы, камбайнёры, кіроўцы, студэнты… “Народная Воля” расшукала некаторых з іх.

Нас цікавіла, якія пытанні хвалююць саміх дэлегатаў сходу, аб чым бы яны, калі будзе такая магчымасць, запыталі б ці папрасілі Аляксандра Лукашэнку?

Адным з дэлегатаў Усебеларускага сходу стане выкладчыца па класе домры “Слуцкай дзіцячай музычнай школы” Ксенія ВЕЧАР-КАВАЛЕЎСКАЯ.

У сваім горадзе чалавек яна вядомы — аўтар п’есы, якая заняла другое месца на адным з конкурсаў у Японіі.

— Мяне вылучалі на агульным сходзе з удзелам 500 чалавек, — узгадвае пра сваё вылучэнне Ксенія Леанідаўна. — Дэлегатамі ад Случчыны сталі прадстаўнікі з розных сфер жыццядзейнасці. Напэўна, нейкія крытэрыі адбору былі…  Мяне вылучылі як прадстаўніцу культурніцкай сферы.

Якія б пытанні я ўзняла ў першую чаргу, што мяне хвалюе? Я б узняла вузкапрафесійныя пытанні, і яшчэ б пацікавілася пра тое, як дзяржава ў далейшым будзе падтрымліваць маладыя сем’і, бо я сама маладая маці…

— Ксенія, а ці не хвалюе вас пытанне аб тым, што настаўнікі ў Беларусі атрымліваюць, скажам так, не вельмі высокія заробкі. Можа, было б варта адкрыта гаварыць пра гэта?

— Дык апошнім часам заробкі, здаецца, паднімаюць…

Наступным дэлегатам чарговага Усебеларускага сходу, якога нам удалося расшукаць, стаў камбайнёр сельгаскааператыва “Астрошыцы”, перадавік апошняй уборачнай Мікалай МІХЕДКА.

У прыёмнай СК “Астрошыцы” карэспандэнту “Народнай Волі” далі вельмі станоўчую характарыстыку на свайго супрацоўніка: працалюбівы, добрасумленны, перажывае за справу, з’яўляецца інспектарам па ахове працы… Нават расказалі пра выпадак, калі трактар, на якім працуе Мікалай Яўгенавіч, зламаўся, а патрэбных запчастак да яго доўга не везлі. Дык камбайнёр месца сабе не знаходзіў — так ірваўся ў поле дапамагаць сябрам убіраць збожжа…

Што сёння хвалюе звычайнага камбайнёра? Якія б пытанні ён узняў на Усебеларускім сходзе?

— Я не ведаю, пра што там гаварыць, — шчыра прызнаўся Мікалай Міхедка. —  Праблемы? Ды няма, здаецца, праблем. Уборачная скончылася без праблем. Заробак нармальны, але, канечне, як і любому нармальнаму чалавеку хацелася б больш…

— Мікалай Яўгенавіч, ну неяк жа вы да Усебеларускага сходу рыхтуецеся, прамову, можа, пішаце?

— Ніяк я не рыхтуюся. Я не ведаю, пра што там трэба гаварыць. Да пабачэння…

Чарговы дэлегат, да якога мы датэлефанаваліся, — настаўніца працоўнага навучання сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 гарадскога пасёлка Смілавічы, складальніца зацверджанай Нацыянальным інстытутам адукацыі праграмы “Канструяванне і мадэліраванне адзення” Алена КУЛАГА. Якія праблемы хвалююць яе?

— Вы так знянацку задаеце пытанне, — адрэагавала Алена Валянцінаўна. — Як педагога мяне цікавіць галіна адукацыі… Хацелася б, каб мае вучні ездзілі на алімпіяды, хацелася, каб гэта працягвалася…

Яшчэ мы высветлілі, што дэлегат з прозвішчам Лукашэнка на сходзе будзе не адзін. Мікалай ЛУКАШЭНКА, цёзка малодшага сына кіраўніка дзяржавы, працуе механізатарам у СПК “Валадарскі”, што ў Быхаве. У прыёмнай гэтай арганізацыі жвава адгукнуліся на просьбу расшукаць механізатара: “Пакіньце свой кантактны тэлефон, ён з вамі звяжацца”, — запэўнілі ў СПК “Валадарскі”. І сапраўды, праз пяць-сем хвілін з Быхава ператэлефанавалі: “Усе пытанні па Лукашэнку адрасуйце ў выканкам, у аддзел арганізацыйна-ідэалагічнай працы…”.

Вось так! Атрымоўваецца, не кожны дэлегат Усебеларускага сходу мае права гаварыць ад свайго імя, бо толькі ідэолаг у выканкаме ведае, што і як трэба гаварыць?

Гэта дае падставы сцвярджаць, што мерапрыемства, як звычайна, пройдзе па схеме “всенародного одобрямса”, з заканамернай просьбай у фінале: “Аляксандр Рыгоравіч, заставайцеся…” Ці не для гэтага ўсё гэта і задумваецца?

Аднак было б несправядлівым з нашага боку не даць слова чалавеку, які вельмі хацеў патрапіць на Усебеларускі сход і меў што сказаць, але яго да ўдзелу ў мерапрыемстве не дапусцілі. Мы патэлефанавалі Уладзіміру НЯКЛЯЕВУ і запыталіся, якія  пытанні і праблемы ён збіраўся агучыць перад дэлегатамі Усебеларускага сходу.

—  У першую чаргу я б агучыў там пра тое, што ніколі не агучыць Лукашэнка, — гаворыць Уладзімір Пракопавіч. — Я б абавязкова распавёў пра  рэальны стан эканомікі ў краіне — з канкрэтнымі лічбамі і фактамі,  сказаў бы таксама і пра рэальны стан палітычнай сістэмы ў Беларусі, які Лукашэнка называе дэмакратычнай. Таксама я б узняў  пытанні  сацыяльнай абароны насельніцтва: ад пенсіянераў да маладых сем’яў. Яна недастатковая. І, безумоўна, я б сказаў праўду пра тыя выбары, якія збіраецца праводзіць улада — яны ўжо сёння скіраваны на фальсіфікацыю, а значыць — на непрызнанне і выпрабаванне народа, у тым ліку і дэлегатаў гэтага самага сходу.

Але Някляеву слова не дадуць. Атрымоўваецца, што альбо сход не ўсебеларускі, альбо народ наш падзялілі на “правільных” і “няправільных”. Толькі хто і каму даваў такі дазвол?

Поделиться ссылкой: