Напярэдадні ўручэння пасведчанняў кандыдатаў у прэзідэнты сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік асабіста папрасіў усіх кандыдатаў з’явіцца на рэгістрацыю.

Адразу можна сказаць: заўтра цэнтр Мінска і Палац Рэспублікі ў прыватнасці будзе ахоўвацца людзьмі ў цывільным з асаблівай пільнасцю – на ўручэнне чацвёртага кандыдацкага пасведчання асабіста плануе з’явіцца Аляксандр Лукашэнка.

Каб пазбегнуць недарэчнасцяў, усіх астатніх кандыдатаў папрасілі назваць нумары аўтамабіляў, на якіх яны будуць пад’язджаць да Палаца Рэспублікі. Зроблена гэта для таго, каб забяспечыць машынам кандыдатаў у прэзідэнты месцы для паркоўкі.

Аднак ужо зараз вядома, што не ўсе кандыдаты прыйдуць атрымліваць пасведчанні. Так, адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі замест спаткання з Лідзіяй Ярмошынай выбраў візіт у Парыж, дзе возьме ўдзел у пасяджэнні палітычнай камісіі Савета Еўропы. За яго прэзідэнцкае пасведчанне прыйдзе атрымліваць кіраўнік выбарчага штаба Павел Севярынец.

А вось намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, наадварот, адмяніў свій візіт у Нідэрланды, з тым каб асабіста прысутнічаць на ўручэнні кандыдацкага пасведчання.

Дакладна вядома, што ў Палац Рэспублікі заўтра збіраюцца прыйсці і іншыя кандыдаты ў прэзідэнты – Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Мікола Статкевіч, Алесь Міхалевіч.

Карэспандэнт “Народнай Волі” атрымаў акрэдытацыю на мерапрыемства. Падрабязней аб тым, як будзе адбывацца ўручэнне пасведчанняў кандыдатаў у прэзідэнты. – заўтра на сайце і ў бліжэйшым нумары “Народнай Волі”.

Поделиться: