З сённяшняга дня “Народная Воля” пачынае друкаваць некаторыя кавалкі з гэтай кнігі. Калі чытаеш асобныя тэксты, на вочы проста наварочваюцца слёзы… 

 

Зорнае неба над намі

Я вырасла ў маленькім гарадку, — піша жонка бізнесмена Анатоля Красоўскага Ірына. — У яго прыгожая назва – Валожын. Гэта недалёка ад Мінска. Па дарозе на Захад. Вакол лясы, узгоркі. Кажуць, людзі ў тых мясцінах пасяліліся ці не пяць тысяч гадоў назад. Толькі ў тыя часы, калі я там жыла, мы пра гэта нічога не ведалі. Савецкія часы. І гісторыя наша была савецкая. А ўсё іншае – за сямю замкамі.

Як звычайна ў маленькаіх гарадках, амаль усе ў Валожыне былі знаёмыя. Толькі пра мінулае не любілі гаварыць. Гэта магло абярнуцца нечаканай бядой. У многіх нехта з родных і блізкіх арыштаваны, расстраляны ці сасланы ў Сібір. Тады яшчэ ўсё існавала асобна. Дзесьці там гісторыя – страшэнна далёка. А вось тут я, мая мама, бабуля. Яны засцерагалі мяне як маглі. І ад нядаўняга мінулага – таксама. Таму ўсё маё веданне нашага ранейшага жыцця – ад суседзяў. Далёкіх і блізкіх. Ад настаўнікаў. Вядома ж, не ад усіх. І школа тады жыла па сваіх законах.

Я была звычайнай дзяўчынкай з маленькага гарадка. Бацькі мае калісьці развяліся. Мама працавала бухгалатарам у нарыхтоўчай канторы. Па тым часе вядомая ўстанова. Займалася нарыхтоўкай ягад, грыбоў, лазовага лыка і ўсяго іншага. А калі надыходзіла восень, пачыналася самая гарачая пара. Нарыхтоўвалі бульбу. І мама на рабоце заставалася нашмат даўжэй. Ёй даводзілася весці ўсе разлікі і зводзіць канцы з канцамі ў заблытаных справах нарыхтоўшчыкаў. Бабулі хапала работы ў хаце. І ў такія дні я была пакінута на саму сябе. Суседзі нават мянушку мне прыдумалі: “А дзе мая мама?” Я падоўгу сядзела на ганку нашай хаты і глядзела ў далёкі канец вуліцы. Калі яны праходзілі міма, заўсёды пыталіся: “Што ты тут робіш?” І я адказвала ім: “А дзе мая мама?”

Потым я вырасла. І прыйшоў ужо час закахацца. Але я нават уявіць сабе не магла, што маім выбраннікам будзе хто-небудзь з блізкага акружэння – які-небудзь хлопец, які жыве па-суседску, ці аднакласнік. На той час я паспела прачытаць добрую палову рённай бібліятэкі. Там мяне ведалі даўно. Дапускалі ва ўсе залы і да ўсіх кніжных фондаў. Зразумела, як і ў кожнай начытанай дзяўчыны, у мяне таксама цьмяна вымалёўваўся пакуль яшчэ туманны ідэал таго, хто аднойчы заваюе маё сэрца. Ды толькі наўрад ці я спадзявалася сустрэць яго ў гэтым гарадку.

А ў нашай школе з’явіўся новы настаўнік – Анатоль Красоўскі. Яму было дваццаць гадоў. Ён выкладаў фізіку і астраномію. Ні адна з гэтых навук мяне не захаплялі. Трэба дык трэба – вывучым, здадзім. Аднак новы настаўнік пачаў праводзіць дзіўныя ўрокі астраноміі. Ён збіраў нас вечарам, пасля захаду сонца. Калі над гарадком запальваліся зоркі. Красоўскі вельмі адрозніваўся ад іншых настаўнікаў. Не толькі тым, што быў прыгожы і малады. Ён нам чытаў начное неба, быццам вялікую кнігу. І ведаў імёны ўсіх зораак. Так на маім небасхіле з’явіўся гэты чалавек. Дзесьці яшчэ вельмі далёка.

Ды і ўвогуле, пра што тут гаварыць? Яму дваццаць гадоў. А мне ўсяго чатырнаццаць. Мы проста ў розных сусветах. На розных планетах. І агульнае ў нас толькі строгія навукі – фізіка і астраномія. І яшчэ начное неба, пра якое ён усё ведае.

А час ішоў. Я закончыла школу. Паехала ў Мінск паступаць у медыцынскі інстытут. Але не паступіла. Вярнулася дадому – зразумела, з якім настроем. На вуліцы выпадкова сустрэла нашага настаўніка астраноміі. “Як справы?” – пытаецца ён. Што яму адказаць? І так жа ўсё зразумела. Я маўчу. А ён мне кажа: “Не перажывай! Гэта лёс, што ты не паступіла ў медыцынскі. Значыць, будзе штосьці іншае”. Вось так і закончылася наша кароткая размова.

Было і яшчэ ў нас некалькі выпадковых сустрэч. Я ж казала ўжо, гарадок наш маленькі, у натоўпе не згубішся. Тады я гуляла ў валейбол. Хадзіла на трэніроўкі. І ён займаўся баскетболам. І аднаго разу амаль адначасова мы выйшлі са спартзалы. Ён ішоў побач са мной. Праводзіў да самага дому. Не ведаю, можа, якраз тады праляцела між намі іскра, якая потым нас злучыла. Гады два прайшло, мо паўтара і… мы пажаніліся.

А тым днём, пакуль мы ішлі да майго дому, ён усё спрабаваў развеяць мае змрочныя думкі з прычыны няўдачы пры паступленні. “Навошта табе гэты медыцынскі інстытут? – пераконваў ён. – Там жа нудлівае зубрэнне. А ведаеш, якая цікавая работа з малышамі? У цябе атрымаецца, гарантую”. Я нават здзівілася – якія малышы? Ды я і не сустракалася з імі ніколі. І не ведаю нават, як да іх падступіцца. “Вось таму ты і пойдзеш у педагагічны інстытут, – настойваў ён. – Там навучаць, што і як рабіць з малымі дзецьмі. Чаго тут думаць? Гэта ж самая лепшая для жанчыны прафесія!”

Умеў жа ён пераконваць. Я нават і не заўважыла, як заварушылася ў маёй галаве пакуль што нясмелая думка: а раптам ён мае рацыю?.

Калі мама даведалася пра кардынальныя змены маіх планаў, яна толькі сказала: “Ты вар’ятка!” але ж я ўпартая. У інстытут паступіла, хаця разлічваць на гэта было амаль нерэальна. Набіралі ўсяго адну групу. Конкурс страшэнны – на 25 месц 500 чалавек. Мне чамусьці здавалася, што ў гэты інстытут ніхто не хоча ісці. А выходзіла – усе хочуць. Факультэт быў новы, яго толькі што адкрылі. Спецыяльнасць – педагогіка і школьная псіхалогія. Ішла я туды ўжо без усякіх сумненняў. На той час прачытала ўжо нямала кніг па псіхалогіі. Усё гэта было мне не толькі цікава, але нават узвышана – такая тонкая, загадкавая навука. І ніколі я не пашкадавала, што зрабіла такі нечаканы выбар.

Аднак канчаткова пераканалася ў тым, што выбар беспамылковы, значна пазней. Калі знік Анатоль. І я доўга не магла апамятацца. Не знаходзіла сабе месца ў маім разбураным свеце. Нехта параіў мне тады пайсці ў навукова-даследчы інстытут адукацыі. Аддзел, у які я прыйшла, займаўся крызіснай псіхалогіяй. Выбраная мною калісьці спецыяльнасць вельмі тады дапамагла. І я канчаткова зразумела, што гэта маё.

Кажуць, што лёсы людзей вырашаюцца на нябёсах. Магчыма, гэта так. Ва ўсякім выпадку са мной было менавіта так. Нас звяло з ім зорнае неба. Вядома, не мне адной, а ўсяму класу тлумачыў ён тады пачаткі астраноміі. Расказваў, як можна ад адной зоркі да другой правесці ўяўную лінію, тады ў хаосе свяцілаў акрэсляцца выразныя контуры сузор’яў. Недзе там, пад гэтым зорным небам, я адчула першыя пробліскі нечага яшчэ няпэўнага, неўсвядомленага. Пройдзе яшчэ нямала часу, перш чым я зразумею, што гэта было.

Не прыгадваюцца нейкія асаблівыя заляцанні. Проста мы хадзілі з ім, узяўшыся за рукі. Па нейкіх вуліцах. Вакол Валожына. Збочвалі, не дамаўляючыся, на невядомыя нам сцежкі. У тыя часы быў у нас агульны сябар. Ён таксама сустракаўся са сваёй дзяўчынай. І гэтыя іх сустрэчы доўжыліся хвілін пятнаццаць. А мы хадзілі па вуліцах гадзіны дзве. А мо і ўсе чатыры. І гэты наш сябра здзіўляўся, пра што можна так доўга гаварыць? А я ляцела да яго, нібы на крылах. І не магла дачакацца, калі ж мы сустрэнемся зноў.

Было лета. Ён з сябрамі паехаў у Сібір – будаваць дамы, зарабляць. А я нават уявіць не магла, як пражыць без яго тры доўгія месяцы. Чакала, калі ж прыйдзе ад яго чарговае пісьмо.

А потым усё гэта скончылася. Надышоў верасень. Я ўжо вучылася ў інстытуце. Давялося пакінуць мой гарадок і паехаць у Мінск. Пасялілася ў інтэрнаце. А ён, вярнуўшыся з адпачынку, напісаў заяву на звальненне. І таксама паехаў у Мінск, яшчэ толкам не ведаючы, куды і чаго. Наняў пакой. Знайшоў работу. У яго і ў мяне вольнага часу амаль не было. Сустракаліся мы далёка не кожны дзень. Не, пра шлюб мы тады нават і не ўсчыналі гаварыць.

Закончыўся мой першы навучальны год. На канікулы паехала дадому, да мамы. Як і раней, з раніцы да вечара яна працавала ў сваёй турботнай канторы. У нас быў невялікі агарод, і я там часта палола градкі. Вельмі добра помню той дзень. Я завіхалася на сваім агародзе. Раптам з’яўляецца Анатоль Красоўскі і без усякіх там цырымоній гаворыць: “У мяне тэрміновая справа. Пашпарт у цябе ёсць?” Я вымыла рукі. Пайшла ў дом. Знайшла пашпарт. А ён падганяе: “Хутчэй, мяне там сябрук чакае ў машыне!”

Прыязджаем у цэнтр горада. Падсаджваецца яшчэ адзін яго сябра. Едзем далей. Прыязджаем у нейкую вёску. Спыніліся каля нейкага дома. Гляджу – сельсавет. А Красоўскі мне гаворыць: “Я хачу, каб нас распісалі”. “Нічога не разумею? Як гэта – распісалі? Куды распісалі?..” Ён цярпліва мне тлумачыць: “Калі мы хочам уладжваць сваё жыццё ў Мінску, то заўсёды павінны быць разам. Удваіх і прапісацца лягчэй. І жыць удваіх прасцей, чым па адным. А сюды мы прыехалі таму, што мяне тут ведаюць. Іначай чакаць нам давядзецца доўга”.

І я пагадзілася. Таму што кахала вельмі. І ва ўсім давярала яму бязмежна. Як жа іначай – ён старэйшы за мяне на шэсць гадоў. Заходзім у сельсавет. Гэта вёска Вішнева. І ён кажа: “Нам трэба, каб нас распісалі сёння. Таму што заўтра я іду ў выканкам прасіць дазвол на прапіску ў Мінску”.

Жанчына, якая ў тым сельсавеце рэгістравала шлюбы, пытаецца ў мяне: “А мама твая пра гэта ведае?” “Не, – кажу, – не ведае”. Жанчына толькі ўздыхнула: “Лепей бы ты маме сказала!” І ўсё ж такі яна нас распісала. Аформіла нейкія паперы. І гаворыць строга: “З вас чатыры рублі сорак капееек”. Анатоль паварочваецца да мяне: “У цябе ёсць пяцёрка?” Заплацілі. Атрымалі рэшту. Жанчына тая дастае бутэльку зуброўкі. Наліла ўсім у чарачкі. І мы паехалі ў Валожын. Заходзім у маміну кантору. Я кажу: “Мама, мы на машыне – можам цябе падвезці”. Яна ўжо здагадвалася, што нешта здарылася. Прыязджаем дадому, мама пытаецца ў мяне: “Ну што?” “Мы толькі што пажаніліся”. Яна так і села са слязамі. Анатоль ёй кажа: “Ніна Сямёнаўна, чаго ж вы плачаце? У вас была толькі дачка. А цяпер у вас дачка і сын”. “Можа, і праўда”, – прамармытала яна праз слёзы і пайшла ў кладоўку. Халадзільніка ў нас не было. Усё там захоўвалася. Прынесла бутэльку шампанскага. Выпілі па бакалу. І Красоўскі гаворыць: “Ну, я пайшоў. У мяне яшчэ справы!” Мы з мамай адны засталіся. Вось тут мама і выдала. І за сябе, і за яго. І за легкадумна выдаткаваныя пяць рублёў – тады ж гэта былі вялікія грошы.. А мама ўжо суцяшае: “Не перажывай! Што ж цяпер перажываць, калі ў пашпарце – штамп”.n

Пачаўся навучальны год. Прыехала ў інстытут. Прыйшла на свой другі курс. Кажу дзяўчатам: “А я замуж выйшла!” Расказала ім усё. Яны не паверылі – як гэта можна за адзін дзень замуж выйсці? Давялося пашпарт паказваць. З тым сельсавецкім штампам. Красоўскі наняў кватэру. Трэба аддаць яму належнае, арганізоўваць ён умеў. Кватэра была аднапакаёвая – звычайная хрушчоўка на вуліцы Валгаградскай. Належала яна скульптару Палякову. Чалавек ён пітушчы, таму жыллё сваё вырашыў здаваць у наём, а сам перасяліўся ў майстэрню на вуліцу Казлова. Як толькі я пераступіла парог нашага доўгачаканага прыстанішча, дык ледзь не самлела. Такога жахлівага запусцення я нават уявіць не магла. А што было рабіць? І пачала я мыць, скрэбці, чысціць. Так-сяк упарадкавала. І пачалі мы там жыць.

Калі ў скульптара Палякова заканчваліся грошы, а выпіць хацелася страшэнна, ён з’яўляўся на парозе кватэры і патрабаваў “пазалаціць ручку” у лік будучай кватэрнай платы. З ім прыходзіў звычайна і яго сябра, мастак. Гэта былі ідэйна пітушчыя людзі. Яны чамусьці вырашылі, што ў мяне недапушчальны недахоп ведання гісторыі нашай магутнай дзяржавы. І ўчынілі мне сапраўдны лікбез. Калі ў час такіх візітаў Красоўскага не было дома, майстры мастацтваў пачыналі наперабой расказваць мне ўсялякія брыдоты пра Леніна. Нагаварыўшыся, знікалі. А я ўжо ў той час проста ўпадала ў істэрыку! Анатоль жа, калі вечарам паведамляла яму пра нахабныя выпады супраць правадыра, толькі смяяўся.

Так прайшоў той першы год. І зноў я вярнулася ў Валожын, да мамы. Там нарадзіла нашу старэйшую дачку Ксюшу. Красоўскі ўжо працаваў у інстытуце педагогікі. І тут раптам паслалі яго на доўгую стажыроўку ў Маскву. У Акадэмію навук.

Ён пастаянна прысылаў мне адтуль пасылкі. Найчасцей – дзіцячае харчаванне, якое тады было вялікім дэфіцытам. Аднаго разу прыслаў мне сумку. Вельмі прыгожую. Я насіла яе потым гадоў дзесяць. Закончылася стажыроўка, ён вярнуўся. Ксюшы ўжо месяцаў дзевяць. Сядзіць ён у нашым валожынскім доме і глядзіць, як поўзае па падлозе гэтая маленькая дзяўчынка. І вось яна ўжо стала на калені, падымаецца няўпэўнена, трымаючыся за стол. “Хадзі да мяне!” – кажа ёй бацька. І яна пайшла.

У 1978 годзе, калі Ксюшы яшчэ і годзіка не было, Анатоль купіў кааператыўную кватэру. На вуліцы Альшэўскага. Добра помню той дзень. Я сядзела з нашай маленькай дачушкай. І тут з’яўляецца ён. “Паехалі, – кажа, – паглядзіш кватэру”. Пакідаю Ксюшу з мамай. Прыязджаем на тую вуліцу, уваходзім у незнаёмы дом. Ён сваім ключом адмыкае нейкія дзверы. Шыкоўная кватэра! На тыя часы, зразумела. Але для мяне пасля жытла скульптара Палякова – штосьці неймавернае. Тры пакоі на трох чалавек, ды за савецкім часам – гэта проста фантастыка. Дзе такое відана?! І ўсё ён, мой муж. Зарабіў. Дабіўся. Пабудаваў. Дагэтуль помню: у спальні шпалеры чырвоныя, з палоскамі. Авангард нечуваны. Мэбля новая. Нават халат новы паспеў ён мне набыць. Страшэнна дарагі – 35 рублёў!.. І вось мы сядзім за сталом… адны. У сваёй кватэры. Мне дваццаць гадоў. І я не магу стрымаць слёзы. Ён пытаецца: “Чаму ж ты плачаш?” А я адказваю яму праз слёзы: “Да мамы хачу!”

Не прывыкла я да такой раскошы. Ведала, што так не бывае. Быццам глядзіш кіно. З другога, не нашага жыцця.

Прайшло яшчэ два месяцы. Мы з Ксюшай пераехалі ў гэтую кватэру. І пачаўся надзвычай цяжкі час. Нашай маленькай дачушцы ўсяго дзевяць месяцаў, а мы аддалі яе ў яслі. А што было рабіць? У верасні заканчваўся мой акадэмічны адпачынак. Трэба было вяртацца ў інстытут. А там яшчэ заняткі для нашага курса паставілі пасля абеду. Муж працуе. І яшчэ рыхтуецца да абароны дысертацыі. Практычна без навуковага кіраўніка. Усё сам, дапамагчы няма каму. Бедную нашу Ксюшу забіраем з ясляў позна. Нянечкі злуюцца – такія няўважлівыя бацькі трапіліся. І нашае жыццё паступова ператварылася ў звычайнае выжыванне: толькі б паспець, дабегчы, здаць, адолець, дацягнуць…

Мой дзень нараджэння. Я і забылася пра яго – не да таго. А Красоўскі паспеў забегчы ў мастацкі салон. Выбраў падарунак. Незвычайную сумку ручной работы. Толькі калі разлічваўся, не заўважыў, што прадаўшчыца чэк палажыла ў сумку. І вось разглядваю я гэты шэдэўр, усякія зашпількі, патаемныя кішэнькі. І знаходжу гэты чэк – 85 рублёў! Ды чым ён думаў!?. Я атрымліваю 65, ён 90 ці 95. Навошта ён патраціў такія грошы? Ён шчыра здзівіўся: “Дык я ж хацеў цябе парадаваць!”

Ён заўсёды быў такі. Неяк падыходзяць людзі і прыносяць вялікую кардонку. Аказалася – пральная машына “Вятка”. Пазней я даведалася цану – 400 рублёў. Ды гэта ж дзве нашы зарплаты! Я толькі што закончыла інстытут. Выкладаю. Рыхтуюся да лекцый ноччу. У нас ужо двое дзяцей. З цяжкасцю зводжу канцы з канцамі, лічу кожны рубель. А тут – такія выдаткі. Навошта?..А ён: “Гэтая машына дазволіць цябе трохі разгрузіць”. Пасля так і было. Вельмі ўдалая пакупка. Няшмат часу спатрэбілася, каб зразумець: Анатоль, як заўсёды, мае рацыю. Ён жыў не толькі сённяшнім днём. Бачыў значна далей.

Прыходжу аднойчы дадому і нічога не магу зразумець. У кватэры нейкі шэры туман. Аказалася – ён запрасіў будаўнікоў. Не спадабалася яму планіроўка нашай кватэры – асобны пакой і два сумежныя. І гэтыя майстры ператварылі прахадныя пакоі ў два асобныя. Калі падраслі нашы дочкі, я сапраўды зразумела, якое разумнае ён прыняў тады рашэнне.

Свой бізнес у Мінску Анатоль Красоўскі распачаў сярод першых. Ніхто нават толкам не ведаў, што гэта такое. А ён, калі яшчэ працаваў у сваім інстытуце, прыдумаў кааператыў. Сабраў добрых псіхолагаў і стварыў “Службу сям’і”. Яны дапамагалі бацькам, у якіх узніклі не простыя праблемы з дзецьмі. А яшчэ адным з кіраўнікоў гэтага кааператыва стала служба знаёмстваў. Многім людзям нашы псіхолагі дапамаглі стварыць сем’і. Усё было настолькі сур’ёзна і запатрабавана, што яны нават пачалі выдаваць часопіс “Я+Я” – адно з першых незалежных выданняў на Беларусі.

Супрацоўнікаў мала. І мне даводзілася разбіраць пісьмы, нават насіць на пошту шматлікія адказы нашым абанентам. Аднаму з іх прыйшло столькі пасланняў, што я адпраўляла іх у пасылках. Кожная – да дзесяці кілаграмаў. Болей пошты не брала. Усяго было ці не дзесяць пасылак. І ён ужо прасіў не прысылаць яму больш. Бажыўся, што зрабіў ужо свой выбар.

Вось так мы працавалі ў тыя гады. Я дапамагала яму чым магла. А клопату хапала. У тыя часы я ўжо выкладала ў сваім інстытуце. На дашкольным факультэце. А яшчэ нашы дачушкі – адна яшчэ ў дзіцячы садку, а старэйшая ўжо ў школе. Урокі. Сшыткі. Грошай па-ранейшаму не хапала. Я разлічвала сямейны бюджэт і ведала, што калі куплю сабе боты, то дзецям цёплыя рэчы на зіму купіць не змагу. Вядома ж, выбар быў на карысць дзяцей. А за акном імжыў калючы дождж. І я ўсё думала, калі ж гэта закончыцца? Каб не трэба было мне вось так напрыканцы восені выбіраць паміж ботамі для мяне і паліто для маіх дачок.

Ніхто не думаў тады, што савецкія часы заканчваюцца. Але нейкі рух ужо адчуваўся. У людзях абуджалася невядомая раней энергія. Разрасталіся кааператывы. Эканоміка для многіх раптам стала цікавай навукай. І тыя, хто сур’ёзна займаўся бізнесам, пачыналі разумець, што стаяць убаку ад палітыкі немажліва. Людзі спрабавалі нешта змяніць, пераўладкаваць. Жыць іначай, чым усім нам было прадпісана. Надыходзіў цікавы час.

Дзевяноста першы год. Лета. Жнівень. Путч. Прыходзіць дадому Красоўскі. Гляджу, ён нейкі шэры. “Еду”, – гаворыць ён мне. “Куды? Чаго?” “У Маскву. Абараняць дэмакратыю”. І пайшоў на вакзал. Але да Масквы не даехаў – там ужо ўсё вырашылася. Шмат каму тады падалося, што гісторыя пачынае новы адлік. Незалежнасць. Свая дзяржава. Дэмакратыя. Будуем новае жыццё. І ніхто не хацеў заўважаць, які насоўваецца змрок.

Я тады працавала ў педагагічным інстытуце. Выкладала методыку развіцця мовы дзяцей дашкольнага ўзросту. Каб прасачыць найтанчэйшыя рухі гэтага працэсу, я не абмяжоўвала сябе вывучэннем толькі адной узроставай групы. Мне былі цікавыя ўсе аспекты жывой чалавечай мовы. Таму я занялася нават аналізам моўных асаблівасцей нашых дэпутатаў. Цікавыя вынікі далі назіранні за тым, як яны гавораць, якія робяць памылкі ў сваіх публічных выступленнях. Аналізуючы ўсё гэта, можна было зразумець, якія пралікі былі дапушчаны ў развіцці іх здольнасцей у дзяцінстве.

Цікавым аб’ектам для многіх назіранняў аказаліся запісы шматлікіх выступленняў дэпутата Аляксандра Лукашэнкі. Гэта быў найяскравейшы прыклад таго, як не трэба гаварыць. Тымі днямі, калі я разбірала фанаграмы яго коснаязыкіх прамоў, нават падумаць не магла, што такі чалавек стане прэзідэнтам маёй краіны.

Выдавецтва Красоўскага разрасталася. Яно выдавала ўжо дзесяць часопісаў. А грошай па-ранейшаму не было. Затраты на падрыхтоўку і выданне друкаванай прадукцыі не паспявалі пакрываць (расходы?). Пасля выхаду часопісаў грошы на рахунак выдавецтва паступалі толькі праз паўгода. Сістэма распаўсюджвання заставалася старая, савецкая, разлічаная на дзяржаўнае фінансаванне. Змяніць яе тады яшчэ было немагчыма. Лёс незалежных выданняў чыноўнікаў зусім не хваляваў.

І тады Красоўскі вырашыў заняцца камерцыйнай дзейнасцю. Заснаваў фірму “Красико”. Пачаў гандляваць жалезам і ўсім тым, чаго тады не хапала ў краіне. Ён стаў паспяховым бізнесменам. І выдавецтва яго квітнела. Ды толькі пачыналіся ўжо зусім іншыя перамены. Нядоўгі час свабоды прайшоў. На палітычным небасхіле з’явіліся дзіўныя людзі. Дэпутат, гаворка якога ў маіх даследаваннях заставалася негатыўным прыкладам, дасягнуў вышэйшай улады. І трэба было вызначыцца – з кім ты? І гэты выбар вырашыў усё.

Анатоль Красоўскі падтрымліваў апазіцыю. Не толькі на словах. Яго папярэджвалі. Вельмі сур’ёзна. Але ён не з тых, каго можна звярнуць з выбранага шляху. Ён хацеў іншага лёсу для сваёй краіны. Наладзіў кантактаванне з многімі палітыкамі. Але самыя прыязныя, сяброўскія стасункі былі ў яго з Віктарам Ганчаром.

У той дзень, 16-га верасня 1999 года я была ў офісе фірмы “Красико”. Прыехаў вадзіцель Жэня Лычаў. Сказаў, што Ганчар збіраецца ў лазню і запрашае Красоўскага. Яны звычайна хадзілі на вуліцу Фабрычную. Па чацвяргах. Паехала дадому, сабрала яму, што трэба было для лазні, прывезла ў офіс. І сказала Анатолю, што буду чакаць іх дома – згатую што-небудзь смачнае. Анатоль абяцаў не затрымлівацца і вярнуцца разам з Віктарам, калі ў таго няма ніякіх спраў на гэты вечар.

Падрыхтавала вячэрні перакус. Чакаю. Дзевяць гадзін – іх няма. Адзінаццаць – няма.

Пасля адзінаццаці я пачала званіць. Спачатку Анатолю, потым – Віктару. Ніхто не адказаў. Пазваніла Зіне Ганчар. Яна таксама нічога не ведала. Пасля дванаццаці я пачала званіць у бальніцы, у трупярні, у міліцыю. Нічога. Усю ноч я прасядзела каля акна. Углядалася ў кожную машыну, якая заязджала на наш двор. У мяне яшчэ цеплілася надзея. Раніцай мне пазванілі з Савецкага аддзела міліцыі: “У вас муж прапаў?” “Адкуль вы ведаеце?” “Прыязджайце!”

Паехала я ў гэтую міліцыю. Завялі мяне ў нейкі кабінет. Там сядзела некалькі здаравенных мужыкоў. Як пазней я даведалася, гэта былі начальнікі гарадской і рэспубліканскай міліцыі. Пачалі задаваць мне нейкія дзіўныя пытанні. Адкуль у нас грошы? Якія фінансавыя стасункі з Ганчаром? Колькі Красоўскі зарабляў? Потым спынілі допыт і сказалі, што едуць да нас. Пакуль яны збіраліся, я пазваніла дадому і сказала, што да нас едуць з вобыскам. І тут адзін з іх кінуўся да мяне і, ударыўшы па руцэ, зароў: “Гэта не вобыск! Гэта агляд!”

Потым закончыўся і гэты кашмар. Міліцэйскія чыны пакінулі наш дом. І тады я з Жэнем Лычавым і яшчэ адным шафёрам паехалі да тае лазні на вуліцы Фабрычнай. Мы ўбачылі след тармажэння, асколкі разбітага шкла, кроў. Экспертыза потым пацвердзіла – гэта кроў Ганчара.

А я ўсё яшчэ не магла паверыць, што здарылася самае страшнаае. Думала, што іх схапілі, каб ізаляваць на нейкі час Віктара Ганчара. І можа, дзе-небудзь трымаюць. Мне ўсё здавалася, што гэта нейкая вераломная гульня ўлад.

Прайшло шмат дзён. І мне прысніўся сон. Нібыта я ў Францыі. Там карнавал, людзі гуляюць. Я заходжу ў палатку і бачу варажбітку. Яна кажа: “Я табе паваражу”. Нават у сне разумею, якая жудасць мяне чакае. І адчуваю нават, што ў мяне … пачынаецца ў галаве… страшэннае замарачэнне. Чую голас варажбіткі: “Ён памёр”. “Не, – крычу, – не!”

Усё было так выразна, так яўна. Прачнулася ад уласнага крыку. Потым гэтыя сны доўжыліся. І я бачыла Красоўскага, ён клікаў на дапамогу: “Іра, выратуй мяне!” А я ўсё яшчэ не магла паверыць, што яго няма. Спадзявалася, што ён недзе ў іх тайнай турме. Атрымлівала дзіўныя пісьмы: “Едзьце ў такі горад, ён там”. Вядома ж, усё гэта пустое.

Мне трэба было навучыцца рэальна глядзець на свет. Калісьці я была на прыёме ў вопытнага псіхатэрапеўта, маёй даўняй знаёмай. І яна мне сказала: “Жыві так, быццам яго няма”. Не, не атрымлівалася ў мяне гэта. Як я магла дапусціць тады такую бязглуздую думку: яго ўжо няма. І зорнае неба, якое ён мне адкрыў аднойчы, мы з ім ужо ніколі не ўбачым.

Упершыню ўсвядоміла, што здарылася непапраўнае, толькі перад тымі выбарамі 2001 года, калі быў апублікаваны рапарт Лапаціна. Зноў і зноў перачытвала я шурпатыя радкі міліцэйскага палкоўніка. І да мяне дайшоў урэшце іх жудасны сэнс.

Наша неба пагасла.