Музычную камедыю “Аршін мал алан” беларускі глядач не бачыў з часоў Савецкага саюза. Прайшла пара агульнага сяброўства і народ калісьці адной краіны пачаў займацца ўласнымі нацыянальнымі справамі. У кагосьці гэта атрымалася лепш, у кагосьці — горш, але зараз зноў надыйшоў час, калі зацікаўленасць у культуры суседа перастала быць штучнай, а ператварылася ў суцэльна натуральныя пытанні “А як там? Што цікавага ў іх?”. Магчыма з-за гэтай чалавечай цікаўнасці так лёгка і хутка азербайджанскі і беларускі бакі дамовіліся аб сумеснай пастаноўке знакамітай музычнай камедыі Узяіра Гаджыбекава “Аршін мал алан” ці “Рэцэпт удалага шлюбу”.

Менш чым за 20 дзён беларускія акторы і азербайджанскія рэжысёры павінны былі стварыць паўнавартасную карціну падзей, апынуцца ў Баку канца 19 пачатка 20 стагоддзяў. Усходнія законы строгія. Малады чалавек мог пабачыць сваю нявесту толькі пасля вяселля, а значыць аб вольным каханні не магло быць і размовы. Героі “Аршын мал алан” насуперак традыцыям і меркаванням змагаюцца за сваё шчасце. Сведкамі гэтых яскравых падзей беларускія гледачы змогуць стаць 21 і 22 лістапада.

Галоўную ролю Аскера будзе выконваць малады, але вельмі перспектыўны спявак Сяргей Спруць, ён распавёў “Наронай Волі”, што сам здзіўлены тым, як хутка беларускі тэатр прыймае ўсходні каларыт.

“Спачатку было цяжкавата, — прызнаўся Сяргей. — Тэмп музыкі нязвыкла хуткі для нас, прыйшлося шмат рэпетаваць. А нацыянальныя адметнасці?! І месяца не прайшло, як увесь тэатр пачаў размаўляць з азербайджанскім акцэнтам”.

Беларускія пастаноўшчыкі першапачаткова імкнуліся зрабіць спектакль максімальна каларытным. Нават знайшлі нацыянальныя інстременты, але, на жаль, не адшукаліся тыя, хто б змог на іх іграць. Ня гледзечы на гэта, акторы і пастаноўшчыкі ўпэўнены, што змогуць максімальна верагодна і чула распавесці гісторыю аб тым, як заключыць удалы шлюб.