Першы канцэрт “Белая яблыня грому” на вершы класікаў (ад Чачота да Барадуліна) прайшоў у сакавіку ў Купалаўскім тэатры – у камерную залу тады змясціліся далёка не ўсе ахвотныя. Але цяпер і гэтага не паўторыш – тэатр закрылі на рэканструкцыю. Таму і было прынятае рашэнне – даць “Белую яблыню грому” ў канцэртнай зале “Мінск”. Адметна, што на канцэрт ужо збіраюцца гледачы, якія бачылі праграму ў Купалаўскім. Самы першы квіток набыў… амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

— Я быў на першым канцэрце, — кажа спадар Стэфан. – Наш Клуб беларускамоўных амбасадараў стараецца не прапускаць падобныя мерапрыемствы. Тады разам са мной хадзілі амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Польшчы Генрык Літвін, амбасадар Украіны Ігар Ліхавы. Гэтым разам на канцэрт я запрасіў яшчэ амбасадараў Эстоніі, Славакіі і Францыі.

Ці ж варта ісці на канцэрт тым, хто ўжо быў тады у Купалаўскім? “Варта, – заўпэўнівае Вольскі. — У праграму дадаліся два новыя спевы – на вершы Уладзіміра Караткевіча і Анатоля Сыса. Так атрымалася, што яны не патрапілі на дыск. Таму хто патрапіць на канцэрт – пачуе эксклюзіўнае выкананне!»

Лявон кажа, што зараз “Крамбамбуля” рыхтуе альбом з традыцыйных і фолькавых песень. Прычым – не толькі беларускіх: «Ёсць французская песня, ірландская, харвацкая… У альбоме будуць 2 версіі – на мове арыгіналу і па-беларуску. На канцэрце, каб падзівіць народ, збіраюся заспяваць па-харвацку – а потым спраўдзіць, колькі словаў зразумее зала!»

Стэфан Эрыксан (злева) і Клуб беларускамоўных амбасадараў разам з Лявонам Вольскім. Фота: Tarantino