Некаторыя падцягваюцца да крамы з вечара ў аўторак, паколькі серада – адзіны дзень на тыдні, у які можна пазбавіцца ад апарожненай “крышталёўкі”. Так і марнуюцца ўсю ноч, праклінаючы той “Крышталь”, і тыя парадкі, што існуюць у горадзе. Зразумела, народ нервуецца, выходзіць з сябе… Іншым разам даводзіцца нават выклікаць міліцыю, каб неяк уціхамірыць гарачыя галовы. Асабліва не па нутру “бутэлечныя чэргі” тым слуцакам, якія жывуць побач з крамаю. Яно і зразумела: раніцай самы сон, а тут гамана, перабранкі… Ну ніяк не хочуць зразумець месцічы, што для многіх людзей крышталёўская шклатара – свайго роду фінансавая падушка, без якой проста немагчыма звесці сямейны дэбіт з крэдытам. Асабліва гэта актуальна для пенсіянераў, якія пераважна і фарміруюць “бутэлечныя чэргі”. Як-ніяк, а крышталёўская паўлітроўка (апарожненая, зразумела) каштуе 320 рублёў, а сямісотграмоўка цягне на ўсе 400. Вось і збіраюць пенсіянеры па ўсяму Слуцку крышталёўскую тару, каб папоўніць свой бюджэт. Некаторыя , па словах загадчыцы крамы Наталлі Дамарадскай, здаюць па 50 яшчыкаў пустых бутэлек. Але ж крама не гумавая, складское памяшканне не разлічана на такую колькасць шклотары. Людзі аднак не хочуць разумець сітуацыю, патрабуюць свайго – прыняць тыя бутэлькі ды разлічыцца наяўнымі.

“Па ідэі, – кажа яна, – усе гандлёвыя арганізацыі, якія рэалізуюць прадукцыю “Крышталя” ды маюць свае пункты прыёмкі шклотары, павінны і прымаць гэтую шклотару. Аднак людзі, што прыходзяць да нас з велізарнай колькасцю бутэлек, сцвярджаюць, што ў пунктах закупкі шклотары і проста ў крамах адмаўляюцца прымаць “крышталёўскія” бутэлькі. Але ж мы не прыёмны пункт, у нас няма нават штатнага прыёмшчыка. Тым не менш вымушаны прымаць агромністыя аб’ёмы бутэлек з усяго горада, хоць “крышталёўскую” гарэлку прадаюць паўсюль. У мінулую сераду шклотару прымалі два прадаўцы, падключылася і я. У тую сераду мы закончылі прыёмку бутэлек а палове трэцяй дня, хоць павінны былі ў 13 гадзін. А ўсё таму, што людзі абураліся, насядалі, патрабавалі… Вось і прыйшлося “адпусціць” усіх жадаючых.”

Самае дзіўнае аднак тое, што гарадскія ўлады ніяк не могуць “разруліць” бутэлечную сітуацыю вось ужо… паўгода. Мо хіба не ў курсе справы?.. Самі ж, па ўсяму, наўрад ці здаюць тую “крышталёўскую” шклотару…

Поделиться ссылкой: