Рымашэўскі лічыць, што патрэбна аднавіць гістарычны выгляд гэтага будынку, паведамілі «Народнай Волі» ў прэс-службе БХД.

На мінулым тыдні ў Навагрудку на царкве Барыса і Глеба, помніку архітэктуры ХІІ ст., пачалі ўсталёўваць пазалочаныя купалы. У працэсе іх ўсталявання дэмантуюцца шатровыя завяршэнні вежаў царквы. Працы па перабудове пачаліся ў чэрвені гэтага года і выклікалі скандал, бо не былі ўзгоднены з Міністэрствам культуры. Настаяцель жа царквы айцец Мікалай Орса заяўляў, што дазвол атрымаў. 

«Царква Св. Барыса і Глеба — не толькі праваслаўны храм, але і помнік архітэктурнай спадчыны беларускага народа. Вельмі шкада бачыць перабудову храма. Вельмі шкада, што такія неабачлівыя рашэнні наносяць шкоду не толькі архітэктурнай спадчыне Беларусі, але і рэпутацыі Праваслаўнай царквы. Я заклікаю перагледзіць рашэнне і аднавіць гістарычны выгляд царквы. Я перакананы, што настаяцель храма добра разумее, што праваслаўе можа выяўляцца ў розных культурыных традыцыях, у тым ліку гістарычна-архітэктурных традыцыях беларускага народу», — адзначае ў сваёй заяве Віталь Рымашэўскі. 

Царква Св. Барыса і Глеба — помнік архітэктуры сусветнага значэння. Збудаваная ў 1517–19 на месцы старажытнага храма ХІІ ст. Фундатар — гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі. Помнік архітэктуры ўяўляе сабой сімбіёз гатычнага і рэнесанснага стыляў з рысамі абарончага дойлідства. У 1873–75 храм перабудавалі ў псеўдарускім стылі, пасля яму вярнулі ранейшы выгляд. Пасля Другой сусветнай вайны царква не функцыянавала, набажэнствы аднавіліся ў 1990-я.

Поделиться ссылкой: