У адрозненне ад некаторых, хто сёння прэтэндуе на прэзідэнцкую пасаду, Кастусёў не спрабуе рабіць надта сур’ёзны выгляд альбо кардынальна мяняць імідж. Які ёсць, такі ёсць.

Пра каханне, саўгас і партыю

— Рыгор Андрэевіч, скажыце шчыра, ці кахаеце вы сваю жонку?

— Ну а як вы думаеце, калі мы разам пражылі больш за 30 гадоў?

— А калі пачуцці яшчэ жывуць, дык навошта пайшлі ў прэзідэнты? Ваша жонка ў адным з інтэрв’ю адкрыта выказалася: “Не, нельга Рыгору быць прэзідэнтам. Яму з усім разабрацца трэба, а я тут сядзі сабе адна, як Галіна Лукашэнка…”

— Любая жанчына ў нармальнай сям’і хвалюецца за свайго мужа. І мая жонка — не выключэнне. Яна ведае мой характар, адносіны да справы. І перажывае не таму, што я магу яе кінуць як жанчыну, а таму, што калі ўвязваюся ў справу, то раблю яе, падчас ахвяруючы сям’ёй.

— Уяўляеце жонку ў якасці першай лэдзі краіны?

— Ну а чаму не? Не ведаю, праўда, што яна сама пра гэта думае — мы не абмяркоўвалі.

— Вам, напэўна, ужо не адзін чалавек казаў, што ў вас шмат агульнага з Аляксандрам Лукашэнкам. Вас аб’ядноўвае Шклоў. Як і ён, вы ў свой час былі дырэктарам саўгаса. Таксама скончылі Горацкую сельгасакадэмію, маеце траіх дзяцей, іграеце на гармоніку. Не баіцеся, што народ другім разам не прагаласуе за шклоўскага таварыша?

— Калі прымаў рашэнне аб удзеле ў выбарах, у мяне таксама былі такія разважанні і хваляванні. Але атрымалася, што гэтая “фішка” спрацоўвае на плюс. У людзей з’явілася нейкая асаблівая ўвага да мяне, цікаўнасць…

— Хочаце сказаць, што Шклоўшчына прагаласуе не за Лукашэнку, а за Кастусёва?

— Шклоў да мяне — як каталізатар. Калі там да мяне ставяцца добра, то прыкладна гэтак жа будзе і па ўсёй краіне. Вось учора пайшоў у аптэку лекі набыць, а затрымаўся там з размовамі на паўгадзіны. Мне падаецца, што стаўленне шклоўцаў да мяне вельмі добрае. Адны кажуць: “Малайчына!”. Другія спачуваюць: маўляў, будзе шмат працы. А трэція сцвярджаюць, што Лукашэнка ўладу не здасць.

У свой час я працаваў у Шклове дырэктарам раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у маім падпарадкаванні было больш за 600 чалавек. І я лічу лакмусавай паперкай тое, як да цябе, ужо шараговага жыхара горада, ставяцца былыя падначаленыя. Калі людзі бягуць насустрач, абдымаюць і хочуць паразмаўляць — гэта добры паказчык.

— Ужо не раз пісалі пра тое, што саўгас, якім кіраваў Лукашэнка, быў не самым лепшым на Шклоўшчыне. А ваш? Чым можаце пахваліцца?

— Журналісты крыху перабольшваюць, калі пішуць, што Лукашэнка быў дрэнным кіраўніком саўгаса. Канечне, зорак з неба не хапаў. Але штосьці ён у “Гарадцы” зрабіў. Я так кажу, бо добра ведаю, які гэта быў саўгас да прыходу Лукашэнкі. Таму лічу, што Аляксандр Лукашэнка на ўзроўні раёна быў у серадняках.

— А вы?

— Я трапіў у саўгас “Іскра” Бялыніцкага раёна ў 1988 годзе. Гэтая гаспадарка была створана ў 1984 годзе з двух аддзяленняў суседніх саўгасаў за кошт асушэння часткі балот. Ускраіна раёна, на самым памежжы з Мінскай вобласцю. Дырэктара, які там кіраваў, падвяло здароўе, і мяне пачалі сватаць на ягонае месца. Мне тады ішоў 29-ы год, я быў кандыдатам у партыю, якая называлася тады КПСС. Ведаў, якія справы ў “Іскры”, і напачатку адмовіўся. Бо там, дзе я працаваў галоўным інжынерам, умовы былі лепшыя. Пасля мяне накіравалі на паўгадавыя курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінск. За гэты час у “Іскру” прызначылі іншага дырэктара, але ён здзейсніў злачынства, яго знялі з пасады. І калі я вярнуўся з вучобы, то мне ўжо не было куды дзявацца і давялося прыняць гаспадарку. Якраз за месяцы да прызначэння мяне прынялі ў партыю.

— Вы з такім гонарам гаворыце пра партыю… А якім паветрам вас у БНФ занесла?

— Я ўвесь час быў чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, але ў партыю не ўступаў свядома. Многія рэчы бачыў: гаворыцца адно, а робіцца іншае. Але мой кар’ерны рост залежаў ад партыйнай прыналежнасці…А галоўнае, я шчыра паверыў у распачатую ў той час перабудову. Дый у сельскай гаспадарцы адбываліся некаторыя станоўчыя змены, як, напрыклад, увядзенне новай формы арганізацыі вытворчасці — арэндны падрад. У гэтым я бачыў перспектыву перадачы зямлі ў доўгатэрміновую арэнду, а надалей і ва ўласнасць тым, хто на ёй працуе. Дарэчы, першай гаспадаркай, дзе распачыналася ўвядзенне арэнднага падраду, і быў саўгас “Гарадзец”.

Аб неабходнасці перамен, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, гаварылася на той час і ў праграмных дакументах ствараемага Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне”, што і падштурхнула мяне стаць прыхільнікам, а надалей і сябрам БНФ. Гэтаму яшчэ станоўча паспрыяла першая сустрэча і знаёмства з Юрасём Хадыкам у час знаходжання ў Мінску на кароткатэрміновых курсах, дзе ён чытаў лекцыі. У 1993 годзе, калі з’ездам было прынята рашэнне аб стварэнні Партыі БНФ, я быў абраны старшынёй створанай Шклоўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ.

— Ясна. Але ж вы так і не пахваліліся сваёй гаспадаркай.

— Калі я туды прыехаў першы раз, у мяне слёзы на вачах з’явіліся. Там не было ні сталовай, ні нармальнага машыннага двара з майстэрняй, клуб — паўразвалюха. Механізатары рамантавалі тэхніку пад навесам з плёнкай нават у мароз. За амаль чатыры гады я дабіўся, каб там з’явілася новая школа (нават насуперак райкаму партыі), пабудавалі сталовую, Дом культуры, майстэрню, звязаў усе населеныя пункты дарогамі. Пра будаўніцтва жылля ўжо не кажу — дробязі…

Пра рэйтынгі, крыўды і шклоўскі рынак

— Але гэта справы даўно мінулых дзён. Калі казаць пра цяперашнія часы… Рыгор Андрэевіч, няўжо вы сапраўды верыце, што зможаце перамагчы?

— Я ведаю падаплёку вашага пытання, бо сапраўдных выбараў у нашай краіне можа не быць. Але я заўсёды кажу: калі нічога не рабіць, то нічога і не зробіцца.

— У адным са сваіх нядаўніх артыкулаў Святлана Калінкіна напісала: “Партыя БНФ, напэўна, запіша ў свой актыў цяперашнюю выбарчую кампанію як лепшую. Таму што ў яе быў свой кандыдат Рыгор Кастусёў. Але каго, акрамя партыйных правадыроў, хвалюе, быў кандыдат Партыі БНФ у складзе прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост ці такога не было? Важна, наколькі рэальныя прэтэнзіі Кастусёва на перамогу. Ну хоць з портак ён выскачыць, а шанцаў на гэтых выбарах у яго няма”. Чула, быццам бы вы вельмі моцна пакрыўдзіліся на гэтыя словы…

— Я ніколі не крыўдую на журналістаў. Проста лічу, што калі цябе крытыкуюць, то ты павінен мець магчымаць калі не апраўдацца, то хаця б выказаць асабістую пазіцыю. Але ў мяне яшчэ другі падыход: калі чалавек пайшоў у палітыку, галоўнае, каб пра яго гаварылі. Бо калі перасталі казаць зусім, то гэта ўжо не палітык.

“Народная Воля” піша, што ў мяне няма шанцаў на перамогу. Але ў каго, скажыце, іх больш, чым у мяне?

— Згодна з інтэрнэтаўскім рэйтынгам, самыя моцныя — Някляеў, Саннікаў і Раманчук.

— Я чытаю сайты, але для мяне незразумела, як усё падлічваецца. На адным з сайтаў увогуле зрабілі заяву: маўляў, рэйтынг аднаму з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду проста накруцілі. Прычым аднекуль з Індыі. Таму я да такіх “замераў” стаўлюся скептычна. Цалкам верагодна, што і на астатніх сайтах такое магло адбыцца.

— Калі я ўсё правільна зразумела, то вы зараз так сціпленька запісалі сябе ў тройку самых моцных?

— Канечне, зараз скажу, што я — самы моцны з усіх тых, хто замахнуўся на прэзідэнцкае крэсла. І казаў пра гэта, калі падаваў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. У словах кожнага прэтэндэнта, асабліва калі ён кажа пра сябе, ёсць доля…

— Тэатра?

— Так. І Саннікаў, і Някляеў таксама без гэтага не абыходзяцца. Але я хачу сказаць, што розныя інтэрнэтаўскія падлікі не заўсёды адпавядаюць рэальнаму рэйтынгу палітыка. На мой погляд, хто ёсць хто, пакажа праца з насельніцтвам. А вось тут у мяне ёсць вялікая фора. Я бачыў, як паводзяць сябе розныя палітыкі пры сустрэчы з людзьмі. І амаль усе — (дакладней, усе!) — мне прайграюць.

— Смелая заява…

— Я яшчэ калі працаваў на дзяржаўнай пасадзе, выпрабоўваў некаторых нашых палітыкаў. У многіх з іх была вялікая цікавасць да Шклова і яны звярталіся да мяне з просьбай дапамагчы правесці тое ці іншае мерапрыемства. Я нікому не адмаўляў і ўсіх вёў на… шклоўскі рынак. І палітыкі, калі людзі пачыналі да іх звяртацца з пытаннямі, бянтэжыліся. Адзін толькі Мілінкевіч здаў “экзамен” на рынку і не разгубіўся.

Пра эканоміку і сяброў

— Дарэчы, пра Мілінкевіча. Вас называюць несамастойнай фігурай і кажуць, што за вамі стаіць менавіта Аляксандр Уладзіміравіч…

— Спачатку казалі, што я іду на выбары як тэхнічны кандыдат — для таго, каб потым зняцца пад Мілінкевіча і здаць яму Партыю БНФ. Гэта актыўна абмяркоўвалі. І некаторыя фронтаўцы, якія перайшлі працаваць на карысць іншага кандыдата ў прэзідэнты, нават казалі: калі Кастусёў не здымецца, а Мілінкевіч будзе працаваць на яго, мы пяройдзем да Кастусёва. Але так і не перайшлі.

— Мілінкевіч дапамагае вам не толькі парадамі, але і матэрыяльна?

— Ён быў у пікетах, паездках. Асабіста мне ніякай матэрыяльнай падтрымкі не аказваў.

— І што, нават каву за ягоны кошт не пілі?

— Каву піў. Але ж вы мяне таксама кавай частуеце! (Смяецца.) А калі сур’ёзна, то ў нейкай ступені мы з Мілінкевічам сябры. І па-сяброўску раімся з ім.

— Мілінкевіч не так даўно заявіў, што ўжо рыхтуецца да новых прэзідэнцкіх выбараў, якія, па ягоных прагнозах, павінны адбыцца недзе праз год-два. Вы згодны з такімі раскладамі?

— Я па-сяброўску задаваў яму пытанне, чаму ён зняўся з выбарчай кампаніі…

— Былі розныя версіі. Але самыя папулярныя, здаецца, такія: грошай не далі, сямейныя праблемы і пенсіённы ўзрост.

— Ён мне сказаў прыкладна так: не магу расказаць пра ўсе прычыны, па якіх не іду на выбары, і не патрабуй ад мяне гэтага, нават нягледзячы на тое, што мы сябры. І я не лезу чалавеку ў душу. Лічу, што не варта гэта рабіць. А чаму ён выказвае версію пра прэзідэнцкія выбары, якія могуць адбыцца праз год-два, — гэтае пытанне лепш яму задайце.

— Ну а калі Лукашэнка ўсё ж застанецца пры пасадзе, то такі расклад верагодны?

— Усё можа быць. Калі нічога не зменіцца, то, на мой погляд, эканоміку Беларусі чакае калапс…

— Да нас у рэдакцыю часам заходзіць адна бабуля, якая кажа: эканоміка Беларусі канае ўжо 16 гадоў, але змены ў краіне так і не адбываюцца…

— Ніхто ж не пралічваў, што Беларусь пастаянна будзе атрымліваць фінансавую падтрымку і з Захаду, і з Усходу. Інакш сітуацыя даўно б змянілася. Таму Аляксандр Лукашэнка зараз і ідзе на пэўныя саступкі, і вядуцца размовы пра тры мільярды еўра, якія яму гатовая даць Еўропа. Лукашэнка разумее: калі гэтыя грошы не прыйдуць, эканоміку чакае крах. Увогуле, для Лукашэнкі зараз самае галоўнае — утрымацца ва ўладзе. Ён не думае пра будучае пакаленне, пра тое, што гэтыя пазыкі давядзецца аддаваць нашым дзецям і праўнукам. У яго іншы інтарэс…

— Вы зрабілі заяву аб тым, што дзеючы кіраўнік дзяржавы не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права зноў ісці на выбары. А навошта тады, як кажа той жа былы міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, дапамагаць уладзе ладзіць шоу пад назвай “Выбары”? Можа, лепш усім дэмакратычным кандыдатам зняцца — напрыклад, у апошні дзень перад выбарамі?

— Я не адмаўляю гэты варыянт. Але такое рашэнне павінна быць прынятае супольна. І мне здаецца, ёсць неабходнасць трымаць яго на парадку дня.

Пра свабоду слова

— Вы крыўдавалі на тое, што некаторыя члены Партыі БНФ перайшлі да Андрэя Саннікава: “Хутчэй за ўсё, іх пераманіў звон срэбранікаў”. АГП пасля выбараў паабяцала наладзіць чыстку радоў. У вашай партыі такога не плануецца?

— Я такія пераходы расцэньваю як здрадніцтва. Але ў нас былі розныя варыянты: нехта збіраў подпісы за мяне і дапамагаў іншаму кандыдату, былі людзі, якія падпісвалі толькі за партыйнага кандыдата, а былі такія, хто запісаўся ў ініцыятыўную групу, але працаваў цалкам на іншага кандыдата. Але я як намеснік старшыні партыі і кандыдат у прэзідэнты не хацеў бы прымаць жорсткія меры да тых, хто збіраў подпісы не за мяне. Я супраць выключэння гэтых людзей з партыі, але не бяруся прымаць гэтае рашэнне аднаасобна — ёсць сойм. На мой погляд, гэтых людзей яшчэ можна павыхоўваць.

— А вы верыце, што на самай справе ўсе 10 прэтэндэнтаў на пост №1 сабралі 100 тысяч подпісаў?

— Не хачу нікога крыўдзіць, але не веру. Дарэчы, ведаю, што падпісныя лісты Партыі БНФ правяралі ў першую чаргу. Мне крыўна адно: многія сродкі масавай інфармацыі ўспрынялі бракоўку нашых падпісных лістоў як быццам бы крымінальнае злачынства. Хаця калі разабраліся, атрымалася не ўсё так страшна.

— За нашу размову гэта ўжо не першы “наезд” на журналістаў з вашага боку. Баюся, што калі раптам прыйдзеце да ўлады, сродкам масавай інфармацыі спакойнае жыццё будзе толькі сніцца…

— Я журналістаў успрымаю як санітараў грамадства.

— Добра, што хоць не як абслугоўваючы персанал.

— Не, гэта не пра мяне. Але я за тое, каб журналісты былі аб’ектыўнымі, бо абліць чалавека брудам вельмі лёгка, а адмыцца — вельмі складана. Журналісты не павінны памыляцца.

— Ад памылак не застрахаваны ні адзін жывы чалавек.

— Журналістаў, якія пішуць заказныя артыкулы, я называю палітычнымі кілерамі. Але я выступаю за тое, каб усе газеты выдаваліся ў роўных умовах, а падтрымку атрымлівалі газеты, якія выдаюцца на беларускай мове. Я супраць прымусовай падпіскі. Аднак за тое, каб кожны мог выказацца і са старонак газет, і з экрана тэлебачання.

Пра беспрацоўных

— Калі не памыляюся, да нядаўняга часу вы працавалі намеснікам па эканоміцы Асвейскай будаўнічай кампаніі, якая знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Чаму менавіта Піцер?

— Адкажу падрабязна. У 2001 годзе мяне выжылі з пасады дырэктара Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Я звольніўся па дамове бакоў. Тады я жыў у Шклове і нават не планаваў вылучацца на прэзідэнцкую пасаду. І старшыня Шклоўскага райвыканкама сказаў: “Табе ў нашым раёне месца для працы не знойдзецца. Толькі дворнікам”.

— І вы не пайшлі.

— Я паважаю тых, хто працуе дворнікам, але палічыў, што з маёй падрыхтоўкай і адукацыяй — гэта не зусім тое, што трэба. Я ўладкаваўся ў сумеснае беларуска-ўкраінскае прадпрыемства “Гідрасіла—Белая Русь”. Некалькі месяцаў папрацаваў намеснікам дырэктара, а пасля ўзначаліў гэтую структуру. Адпрацаваў там прыблізна два гады, але потым украінскі бок вырашыў спыніць свой бізнес у Беларусі. Потым каля года пабыў камерцыйным дырэктарам у фірме свайго сябра. Але падчас адной з тагачасных палітычных кампаній яго паставілі перад выбарам: альбо бізнес, альбо Кастусёў. Ён дапамог мне зарэгістравацца прадпрымальнікам. А ў 2008 годзе, калі змянілася заканадаўства па прадпрымальніцве, я спыніў гэтую дзейнасць. У тым жа годзе знайшоў працу ў Асвейскай кампаніі. Дарэчы, яе ўладальнік — выхадзец з Беларусі.

— А вы сапраўды там працуеце ці проста прыстроілі сваю працоўную кніжку?

— Я там даволі часта бываю, выконваю даручэнні дырэктара. Ён, між іншым, улічвае, што я пайшоў на выбары.

— Увогуле, мне здаецца, што ў членаў Партыі БНФ праблемы з працаўладкаваннем. Палова партыі — беспрацоўныя. Няўжо ў Беларусі сёння так цяжка знайсці працу? Ці ў нас усе проста хочуць быць міністрамі і дырэктарамі?

— Я ведаю многіх сяброў нашай партыі, якія не маюць працы. І дзіўлюся, як яны выжываюць. Справа не ў тым, што яны не хочуць працаваць. Проста не могуць працаўладкавацца.

— Нават дворнікам ці токарам на завод?

— Я вам прывяду прыклад кіраўніка нашай Касцюковіцкай суполкі Міколы Малахава. Ягоны лёс нечым падобны на мой. Яго ўзялі вартаўніком на прыватную фірму і на той фірме яго заўважыў старшыня райвыканкама. І дырэктару ўчынілі такі разгон!..

Шчыра скажу: я не ведаю нават, ці працуе кіраўнік нашай партыі. І не цікаўлюся, на якія сродкі ён жыве. Не люблю заглядваць у чужую кішэню. Лічу, што не зусім правільна задаваць і пытанні аб тым, колькі зарабляе чалавек. Але я перакананы: любы беспрацоўны сябра нашай партыі вам скажа, што з радасцю хадзіў бы на працу, але проста не бяруць. Гэта помста за грамадзянскую пазіцыю, за апазіцыйнасць да ўлады. Я разумею, што не ўсё залежыць ад таго ж Лукашэнкі. Многія чыноўнікі проста стараюцца сваімі паводзінамі яму дагадзіць…

— Так, у нашай краіне сапраўды шмат залежыць ад чыноўнікаў. Між іншым, як у вас складваюцца адносіны з гэтай праслойкай грамадства?

— Нармальна. Я, напрыклад, і сёння з паднятай галавой прыходжу ў райвыканкам, дзе калісьці працаваў. І мяне там рады бачыць.

Пра імідж, згублены час і тэлебачанне

— Год таму вы сказалі: “Самае галоўнае — вярнуць імідж партыі. Трэба выйсці з крызісу, у які трапіла партыя”. Ну і як поспехі?

— Апошні раз на прэзідэнцкія выбары кандыдат ад Партыі БНФ вылучаўся ў 1994 годзе…

— Прашу прабачэння, што перабіваю, але хочаце сказаць, што цяперашнія прэзідэнцкія выбары — адзін з пунктаў плана па паляпшэнні партыйнага іміджу?

— Задача максімум для нас на гэтыя выбары — перамога, а задача мінімум — сказаць, што партыя жывая. Я за апошні час аб’ехаў шмат рэгіёнаў і мне падчас паездак было цікава даведацца, як людзі сёння ставяцца да БНФ.

— І як жа?

— Па-рознаму, канечне. Нехта кажа: “Хлопцы, малайцы, дзякуй, што наважыліся пайсці на выбары”. Іншыя пытаюцца: “Няўжо БНФ яшчэ існуе?” Не шмат, але былі і такія, хто даволі агрэсіўна выказваўся супраць Партыі БНФ.

— Калісьці таго ж Мілінкевіча на адной з сустрэч яйкамі закідалі. З вамі нешта падобнае здаралася?

— Не, не было. Усё ж такі да БНФ ставяцца з павагай.

— Можа, гэта колішняя заслуга Зянона Пазьняка? Магчыма, я памыляюся, але мне падаецца, што ў нас не ўсе беларусы ведаюць, што былы БНФ цяпер існуе адразу ў некалькіх выглядах…

— Скажу больш: у глыбінцы нават не ведаюць іншых партый, акрамя БНФ. І ўсю апазіцыю проста ўспрымаюць як БНФ. А казаць пра розныя Партыі БНФ — для многіх гэтак жа далёка, як і Амерыка.

— Карацей, вашай партыі яшчэ працаваць і працаваць над іміджам.

— Так. Але тут нічога страшнага няма.

— А на мой погляд, ёсць. Згублены час. Можна ж было столькі ўсяго зрабіць…

— Згодзен. Час мы страцілі. Але я выступаў за тое, каб Партыя БНФ вылучыла свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары яшчэ ў 2001 годзе. Да хрыпаты спрачаўся і ўсе астатнія гады…

— Якраз хацела запытацца пра спрэчкі. Пра што будзеце гаварыць у тэледэбатах? Выступ ужо падрыхтавалі? Са стылем вызначыліся?

— Я прыняў рашэнне, што павінен выглядаць такім, які ёсць. Калі пачнем нешта прыдумваць, гэта пойдзе не на карысць. А як буду паводзіць сябе на дэбатах — усё залежыць ад таго, хто будзе прымаць удзел. А той час, што будзе выдзелены на тэлебачанні для выступу кандыдата апроч дэбатаў, скарыстаю, каб сказаць пра палажэнні маёй праграмы: пра неабходнасць бараніць нацыянальныя інтарэсы, пра шкоднасць сённяшняй знешняй і знешнеэканамічнай палітыкі дзяржавы, пра стан беларускай мовы, пра адсутнасць законнасці і пра нашыя першачарговыя прапановы па вывядзенні краіны з крызісу.

— У вас дзве дачкі і сын. Яны працуюць?

— Старэйшая дачка гадуе маю ўнучку, якой 7 месяцаў. Малодшая дачка ў мінулым годзе скончыла Акадэмію музыкі і цяпер выкладае музыку. Сын заканчвае пяты курс эканамічнага факультэта Гданьскага ўніверсітэта.

— Рыгор Андрэевіч, а што будзеце рабіць, калі Лукашэнка і надалей застанецца кіраўніком дзяржавы? З’едзеце ў эміграцыю альбо будзеце дапамагаць яму кіраваць краінай?

— Не, з’язджаць дакладна не буду.

— Вы зрабілі занадта смелы прагноз, заявіўшы: “Змог бы зацікавіць у якасці прэзідэнта працэнтаў пад 30 выбаршчыкаў”. Не перабольшваеце свае шанцы?

— Гэтая лічба ўзятая не з паветра, а з аналізу паездак па рэгіёнах. Можа быць, на сайтах я некаторым гламурным кандыдатам і прайграю, а вось на людзях… Трэба працаваць з людзьмі.

— Наш журналіст Георгій Чыгір рэгулярна ездзіць па глыбінцы. І кажа, што ў некаторых вёсках людзі аддаюць свае галасы пераважна за Лукашэнку.

— Гэта ўсё ад таго, што мы не можам скарыстаць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, тое ж тэлебачанне. Калі мы туды прарвёмся, то людзі трошкі па-іншаму будуць глядзець на тое, што адбываецца ў краіне.

— Вось вы ўжо столько месяцаў займаецеся прэзідэнцкай гонкай. За гэты час былі спробы сустрэцца, напрыклад, з тым жа старшынёй НДТРК Аляксандрам Зімоўскім і прапанаваць яму, каб той жа “тэлекілер” Юрый Пракопаў падрыхтаваў для вас самыя “расстрэльныя пытанні” і інтэрв’ю з Рыгорам Кастусёвым усё ж з’явілася ў эфіры?

— Дзякуй за ідэю, будзем спрабаваць…

З АСАБІСТАЙ СПРАВЫ

Рыгор Кастусёў

Нарадзіўся 17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Беларус. Праваслаўны.

1982 — скончыў Беларускую сельгасакадэмію, інжынер-механік.

1975-1977 — служба ў Савецкай Арміі.

1983-1988 — галоўны інжынер саўгаса “Друць” Бялыніцкага раёна.

1988-1991 — дырэктар саўгаса “Іскра”.

1995-2001 — дырэктар Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

2002-2004 — дырэктар сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства “Гідрасіла — Белая Русь” (Магілёў).

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча.

З’яўляецца аўтарам “Стратэгіі развіцця Шклоўскага рэгіёна”, канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны і іншых праграмных прапаноў Партыі БНФ.

Поделиться ссылкой: