Як паведамілі «Народнай Волі» у прэс-службе «Маладого Фронту», незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў правеў даследаванне аб вядомасці моладзёжных арганізацый і стаўленні да іх беларускага грамадства ў верасні. Паводле НІСЭПД, інфармаванасць беларусаў аб дзейнасці «Маладога Фронту» ўзрасла, прычым яе дынаміка значна апярэджвае БРСМ: калі суадносіны пазнавальнасці БРСМ і МФ у сакавіку гэтага году складалі 3 vs. 1, дык праз паўгода — 1.7 vs. 1. Разам з вядомасцю ўзрасла станоўчая і адмоўная ацэнка дзейнасці МФ: 15,1% ацэньвае станоўча і 11,3% адмоўна, у той час калі станоўча да БРСМ адносяцца 32,9%, а адмоўна — 14,4%. Аналітыкі НІСЭПД звязваюць гэта з палітызацыяй грамадства перад выбарамі і павялічэннем кантрасных ацэнак. Але нават з улікам гэтай карэкцыі суадносіны станоўчага стаўлення да БРСМ і МФ за паўгода змяніліся з 6.1 vs. 1 да 2.2 vs. 1. Станоўчыя адносіны да «Маладога Фронту» пераважаюць адмоўныя ва ўсіх узроставых групах, апроч пенсійнай (60 год і болей), ва ўсіх тыпах населеных пунктаў апроч сельскай мясцовасці, а таксама сярод больш адукаванага насельніцтва: людзей з сярэдняй спецыяльнай, няскончанай і поўнай вышэйшай адукацыяй.

 Таксама ўзрасло жаданне ўдзельнічаць у справах «Маладога Фронту». Калі вясной суадносіны жадаючых далучыцца да дзейнасці БРСМ і МФ былі 10 vs. 1 (21.6% vs. 2.1%), то восенню — толькі 2 vs. 1 (15.8% vs. 7.8%).

 Аналітыкі НІСЭПД адзначаюць, што «Малады Фронт» мае перспэктывы пашырэння сацыяльнай базы нават пры ўзмацненні рэпрэсій з боку ўладаў: 15,1% станоўча ацэньваючых МФ — гэта звыш 1 мільёна, а 7.8% жадаючых далучыцца да ягонай дзейнасці — звыш паўмільёна выбаршчыкаў.

Поделиться ссылкой: