— Спортам я займаўся заўсёды, — распавядае суразмоўца. — Гуляў за футбольную парламенцкую каманду, выступаў за здаровы лад жыцця… А зараз, напрыклад, веласіпед мне поўнасцю замяніў аўтамабіль. Праўда, адзін веласіпед у мяне скралі. Я падаў заяву ў міліцыю, злодзея знайшлі, і аказалася, што той спецыялізаваўся менавіта на “веласіпеднай тэматыцы”. Ён і ў Косціна з БТ таксама скраў круты “велік”, яшчэ шмат у каго… Дарэчы, сёння магу сказаць, што ўдзячны таму злодзею, бо пасля гэтага я набыў сабе значна лепшы веласіпед. Гэта як перасесці з “Запарожца” на “Мерседэс”.

— У краіне шмат будуецца спартыўных аб’ектаў. Адны гэта вітаюць, другія, наадварот, кажуць, што так марнуюцца грошы, якія можна было б пусціць на нейкія сацыяльныя праекты…

— Я думаю, што наўрад ці хто з іншых кіраўнікоў краіны зрабіў бы такую спартыўную інфраструктуру ў Беларусі, якую мы зараз маем. Мінск — напэўна, адзіная сталіца ў СНД, якая мае велатрасу. Натуральна, ёсць нейкія хібы, але тым не менш… А колькі магчымасцяў у зімовы перыяд катацца на лыжах і каньках! І хто б як ні кпіў, што б ні казаў, я перакананы, што гэта той самы стымул да здаровага ладу жыцця нават ва ўмовах, калі няма, як мы кажам, свабоды дыхаць. Калі мы жывём як бы ў вялікім калгасе пад назвай “Беларусь”. У спартыўным плане Аляксандр Рыгоравіч зрабіў, безумоўна, вельмі шмат. І гэта, як мне падаецца, адзіная сфера, дзе ён сапраўды мае дасягненні і за што яму можна падзякаваць перад сыходам. Думаю, што ў чалавека хопіць цвярозага разумення таго, што жыццё — не вечнае. Я яшчэ з парламенцкай трыбуны ў свой час цытаваў Высоцкага: “Всех нас когда-нибудь кто-то задавит, за исключением тех, кто в гробу…” Лукашэнка тады са мной пагадзіўся, паказаў пальцам уніз і сказаў: “Усе мы там будзем”.

— Палітыка і спорт — яны ў нечым падобныя? У сэнсе барацьбы, канкурэнцыі… Што вас больш захапляе?

— Вы ведаеце, палітыка — гэта сфера чалавечай дзейнасці, якую я стаўлю на адзін узровень з мастацтвам. Таму ў гэтую сферу лезуць і прайдзісветы, і нягоднікі. Калі там не застанецца несумленных людзей ці тых, хто хаця б неяк змагаецца за сумленнасць, то грамадства будзе развівацца ў правільным накірунку, і маральная планка такога грамадства будзе заўсёды на вышыні. Калі ж будзем плявацца і казаць, што палітыка — брудная справа, туды не варта лезці, то мы будзем мець тое, што маем. І я тое, што ад мяне залежыць, у палітыцы раблю. Але жыццё адно. Чалавек павінен дбаць і пра здароўе, і пра нейкія іншыя захапленні. Таму, калі зараз не маю магчымасці гуляць у футбол на парламенцкім узроўні, то заўсёды магу пракаціцца па велатрасе, з’ездзіць у крымскія Кактэбель ці Новы Свет, паскакаць са скал і палазіць па пячорах… У гэтым годзе ў Крыме больш за 40 дзён жыў у палатцы, жонка — у доміку. Я да яе ў госці заходзіў, яна, бывала, наведвалася ў горы, у палатку да мяне пераначаваць. Я лічу такі адпачынак з “экстрымам”, вольным палётам са скал у ваду з 11-метровай вышыні самым ідэальным. Такі адрэналін!

— А альпінізмам не займаецеся?

— Не, але экстрэмальных відаў спорту і так хапае. Мяне здзівіў адзін мужчына, палатка якога стаяла побач са мной. Яму 58 гадоў, масквіч. У яго быў герметычны рукзак, і вось, трымаючыся за яго, мужчына ў ластах пераплываў з Балаклаваў у Севастопаль. І патрапіў пад трохбальны шторм. Маракі выратавалі, але масквіч паставіўся да гэтага абсалютна спакойна. Сказаў: “На ўсё воля Божая”. Вось гэта прыклад для мяне. Чалавек вядзе здаровы лад жыцця і ведае, што яно ў любы момант можа скончыцца. А жыццё трэба пражыць так, каб станоўчы адрэналін дапамагаў здароўю і вытрымцы, каб захаваць здаровы дух да апошніх хвілін на гэтым свеце.

— Ці даводзілася вам трапляць у экстрэмальныя сітуацыі?

— Безумоўна. У Кактэбель я езджу ўжо апошнія гадоў дзесяць і напачатку вельмі любіў пераплываць Кактэбельскую бухту. Туды і назад — гэта каля 6 кіламетраў. І вось аднойчы на мяне ледзь не наехаў скутар. Літаральна ў паўметра ад галавы прасвісцеў. Я палічыў гэта папярэджаннем ад Усявышняга, а таму зараз плаваю не праз усю бухту і вельмі рана. Калі сонейка яшчэ не ўзышло і скутарыстаў няма.

— У вас, напэўна, ужо ёсць нейкія свае рэкорды?

— Паўтара месяца жыў у гарах у палатцы, на нейкіх водных дыстанцыях паляпшаў вынікі…

— А на веласіпедзе па Мінску паўсюль ездзіце?

— Так. Езджу на Мінскае мора, у Цнянку, па велатрасах. Адзінае, што мы хацелі б зрабіць калектыўную заяву ад імя веласіпедыстаў-аматараў, каб паўсюль у горадзе прыбралі бардзюры на пешаходных пераходах і велатрасах. Часам гэта прыводзіць да таго, што пералятаеш праз руль. Адзін мой знаёмы такім чынам практычна стаў інвалідам. Няўжо чыноўнікам Мінгарвыканкама так цяжка выканаць гэты нарматыў, каб не ствараць людзям праблемы?

— Якімі відамі спорту Павел Знавец займаецца зімой?

— Апранаю канькі — і на лёд. Аднойчы вырашыў для сябе зрабіць трохдзённую галадоўку, каб пачысціць арганізм, а пасля гэтага вырашыў паглядзець, колькі ачышчаны арганізм на такім узнёслым парыве зможа вытрымаць. І я больш за шэсць гадзін запар насіўся па лядовай пляцоўцы без перапынку. Калі палічыў, то атрымалася, што наматаў ад 120 да 150 кіламетраў. Ачышчэнне галадоўкай — гэта калі твой арганізм вяртаецца да стану юнацкага. Мы ведаем, што клеткі аднаўляюцца кожныя дзевяць месяцаў і старэюць толькі косці і зубы. А ўсё астатняе ў прынцыпе застаецца функцыянальным на адным узроўні. Таму мая задача — не ведаць, што такое старасць. У гэтым плане прыкладам для мяне з’яўляецца Поль Брэг, які і ў 90-гадовым узросце быў моцны і статны, як юнак. Ён штодзённа бегаў па 3—5 кіламетраў, шмат плаваў, хадзіў у горы, гуляў у тэніс, танцаваў, займаўся гантэлямі і гойсаў на сёрфінгу. Чалавек проста не ведаў, што такое хваробы, кнігу выпусціў пад назвай “Цуда галадання”. Вось гэта для мяне ўзор стылю жыцця.

— А маржаваннем не спрабавалі заняцца?

— У мяне ёсць знаёмыя, якія, што называецца, фанаты гэтай справы. Але да маржавання арганізм трэба падрыхтаваць. Я лічу, што мне пакуль для прафілактыкі падчас эпідэміі грыпу, каб павысіць супраціўляльнасць арганізма, хопіць проста аблівацца халоднай вадой. Гэтага цалкам дастаткова, калі зранку выліваеш на сябе некалькі вёдраў вады. Як казаў Джавахарлал Нэру, ва ўсім трэба захоўваць меру…

Поделиться ссылкой: