Запланаванае на 14 лістапада мерапрыемства, хоць і адбываецца ў межах даследчага праекта пад эгідай АБСЭ і ў супрацоўніцтве з міжнароднай арганізацыяй CIVICUS, усё ж такі выклікае пэўныя пытанні.

— Мы можам толькі здагадвацца, якія канкрэтна мэты ставяць перад сабой арганізатары канфэрэнцыі. Гэта можа рабіцца як пад выбары, так і напярэдадні Форума грамадзянскай супольнасці ў Берліне, каб паказаць еўрапейцам, што ў Беларусі ёсць прагрэс у сферы дачыненняў уладаў з грамадзкім сектарам. Але істотна іншае: жаданне будаўнікоў так званай нацыянальнай платформы пераскочыць адразу праз некалькі прыступак пры стварэнні дыялогавай пляцоўкі. Замест шырокай дыскусіі адносна вынікаў гадавога праекту “Развіццё патэнцыялу для ўзаемадзеяньня дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый”, які рэалізоўваўся кіраўніком Цэнтра падтрымкі асацыяцыяў і фондаў СКАФ Юрыем Загумёнавым, нам навязваюць гатовыя варыянты, — паведаміў “Народнай Волі” старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Прадстаўнікі Асамблеі НДА са шкадаваньнем адзначаюць, што “улады краіны дагэтуль не прадэманстравалі на практыцы жадання і волі для наладжваньня дыялогу з усім спэктрам арганізацый грамадзянскай супольнасьці”. У прыватнасці, нягледзячы на шматлікія абяцанні з боку Мінюста і Палаты прадстаўнікоў, так і не скасаваны артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу. Апроч таго, улады не спяшаюцца спрашчаць працэдуры атрымання юрыдычных адрасоў і атрымання бязвыплатнай дапамогі грамадзкім аб’яднаньням. Асамблея НДА асобна зьвяртае ўвагу на тое, што грамадзянская супольнасьць Беларусі не далучаная да распрацоўкі Закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. Адсюль вынікае, што казаць пра рэальныя падставы для дыялгу паміж дзяржавай і грамадзкім сэктарам яшчэ зарана.

Сяргей Мацкевіч ўпэўнены, што супольнае адстойванне інтарэсаў грамадзянскага сэктару на ўзроўні ўладаў патрэбнае, але пры гэтым працэс кансалідацыі павінен мець “натуральны характар і не парушаць прынцыпаў, на якіх заснаваная грамадзянская супольнасьць”.

Поделиться ссылкой: