Апошняя сесія доўжылася ад 13 верасня да 6 кастрычніка. Уладзімір сцвярджае, што сесію здаў паспяхова, аб чым сведчыць заліковая кніжка за подпісам дэкана факультэта.  

Зноў палітычныя адлічэнні з вучобы?

Кумец заяўляе, што падчас сесіі з боку адміністрацыі  інстытута паступалі ўказанні некаторым выкладчыкам не ставіць яму станоўчую адзнаку. 

Зноў палітычныя адлічэнні з вучобы?

Цяпер ужо былы студэнт кажа, што 6 лістапада ў  інстытут выклікалі выкладчыка Віктара  Асіповіча і пад пагрозай звальнення загадалі выправіць у экзамэнацыйнай ведамасці адзнаку з “дзявяткі” на “тройку”. Пра гэта яму паведаміў іншы выкладчык катэдры замежных моваў – Максім Прохараў.  

Уладзімір Кумец  вучыўся на завочным аддзяленні і  лічыць, што выкладчыкі самі не маглі  ведаць пра тое, што ён займаецца  нейкай грамадзкай дзейнасцю. Хаця не выключае, што некаторым з іх магло быць вядома пра ягоны ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы.   

Уладзімір кажа: 

    Калі  здаваў цяпер экзамены, то выкладчыкі пачалі запытваць чым  я займаюся. А раней  ніколі не задавалі такіх пытанняў. Я  ў добрых адносінах з настаўнікамі катэдры замежных моваў. Вось выкладчык нямецкай мне й сказаў, што такія размовы вядуцца. Казаў, што ў дэканаце запытвалі ці не прапускаю я заняткі.

 Выкладчыкі  здагадваліся, што  справа ў палітыцы. Вось цяпер, калі я  спрабую нешта  сам высветліць у настаўніка, які выправіў мне адзнаку, то ён пазбягае размовы са мной. Тыя мае аднакурснікі, якім я распавёў пра тое, што здарылася, падтрымліваюць і кажуць, што добра, калі нехта не баіцца выступаць са сваёй пазыцыяй. 

    Патэнцыйны  кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімір Някляеў наведаў заснавальніка інстытута Аляксандра Алпеева.  Адразу пасля размовы з рэктарам сп.Някляеў паведаміў “Народнай Волі”: 
    Сказалі, што будуць пакараныя  тыя людзі, якія праявілі несправядлівасць да студэнта. Але, паколькі загад ужо падпісаны, то яны адразу адмяніць яго ня могуць. Яны хочуць разабрацца і схільныя аднавіць студэнта на вучобе. Алпееў казаў, што заўсёды на баку студэнтаў, а не выкладчыкаў. Паабяцаў, што, калі факты прагулаў і непаспяховасьці не будуць пацверджаныя, то Кумца адновяць на вучобе.

  Уладзімір  Кумец даведаўся ў дэканаце, што  падставай для загаду аб адлічэнні  стала дакладная. Яму паказалі  гэтую паперу, але не дазволілі  яе перапісаць, зразумела, што  размова пра ксеракопію ўвогуле  была бессэнсоўная. З паперы вынікала, што пяцікурснік Кумец дапусціў зашмат пропускаў заняткаў і непаспяхова вучыцца.  

Аляксандр Алпееў цалкам пагаджаецца з тэкстам  дакладной. Ён патлумачыў: 

    Ды  за ім шлейф цягнецца ад першага курса! Яго выкладчык  неяк шукаў на занятках і тэлефанаваў маці. Казаў, што сын не ходзіць на заняткі. А ён падманваў увесь час, казаў, што даведку прынясе і ўсё такое. Шчыра вам кажу, што ні я, ні мае намеснікі не ведалі, што ён займаецца палітыкай.

 Уявіце, што ён са 130 гадзін прапусціў 110. У іх можна  30%, а за 20% са стацыянара адлічаюць, а ён ужо перабраў усе нормы. 93% пропускаў!  

    Карэспандэнтка: “А гэтая гісторыя з выкладчыкам, які выправіў адзнаку? 
    А з выкладчыкам  атрымалася так: выкладчык  узяў і зрабіў такое, дарэчы, ён ужо мной пакараны строгай вымовай. Пакараў яго за тое, што ён у ведамасць паставіў 3 балы, а ў залікоўку паставіў 9. Ён патлумачыў гэты тым, што памыліўся. Ну, каб не было больш такіх памылак, я яму вымову строгую і папярэджанне аб тым, што, калі будзе заўважаны, ну, напрыклад, на працу спозніцца, ці яшчэ што, то адразу звольнім. Намеснік дэкана таксама атрымаў строгую вымову за адсутнасць кантролю. Што да хлопца, то я ня супраць аднавіць яго на вучобе, але пасля  канкрэтнага разбіральніцтва. Ён жа нават на сесію не зяўляўся. Можа, нехта яму з сяброў тэлефанваў і казаў калі які экзамэн. Я займаю прынцыповую пазыцыю. Ведаеце, я свайго роднага пляменніка адлічыў. Я яму сказаў: “Ніводнай гадзіны пропускаў”. А ён 50 на 50. Я яго выклікаў і сказаў: “Паважная прычына гэта толькі хвароба. А ты здаровы лось”. Узяў і адлічыў. Нібыта зламаў яму лёс. Але кажу, што ня супраць аднавіць на вучобе Кумца. Цяпер гэта пакуль немагчыма, бо ёсьць пэўныя тэрміны, калі можна гэта рабіць. Можа, напрыканцы студзеня… Учора яны прыйшлі, хуліганы. Яны пачалі абражаць жанчыну, кіраўніцу ўпраўлення, метадыста. З ім прыйшлі два сябра ініцыятыўнай групы Алег Мяцеліца і Юры Алейнік. Казалі на жанчыну: “Ты лукашэнкаўскае быдла. З-за такіх, як ты мы кепска жывем. Адарві свой зад ад крэсла і бяжы, прынясі нам загад”. Гэта ж трэба? Някляеў сам быў у мяне тут. Ім жа вартаўнік казаў, каб яны не хадзілі, а яны прайшлі праз вахту. Да мяне тут без стуку ўварваліся ў кабінет. Хуліганскія элементы”. 

 Сп. Алпееў паведаміў, што разглядаецца пытанне ці не звярнуцца ў пракуратуру на дзеянні былога студэнта і ягоных паплечнікаў, каб іх прыцягнулі да адказнасьці за хуліганскія дзеянні. 

    Тым часам  Уладзімір Кумец яшчэ тры дні  таму сам звярнуўся ў пракуратуру. У сваёй заяве ён распавёў пра  выпраўленую адзнаку ў ведамасці пасля здачы сесіі і звязаў гэта са сваім актыўным удзелам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў штабе апазыцыйнага кандыдата Уладзіміра Някляева. Дзеянні адміністрацыі інстытуту ён назваў дыскрымінацыяй і папрасіў правесці праверку. Дзеля гэтага выклікаць у якасці сведак выкладчыкаў Максіма Прохарава і Віктара Асіповіча. Копію заявы былы студэнт накіраваў у Міністэрства адукацыі.

       Пік адлічэнняў з вучобы студэнтаў і выкладчыкаў  прыпаў на мінулую прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Тады студэнтаў адлічвалі дзесяткамі. Паплаціліся працоўнымі месцамі некалькі выкладчыкаў. Пасля таго, як пачала дзейнічаць праграма Кастуся Каліноўскага, якая дазволіла адлічаным паводле палітычных прычын студэнтам працягнуць вучобу ў прэстыжных еўрапейскіх унівэрсітэтах, колькасць адлічэнняў за ўдзел у моладзёжным дэмакратычным руху рэзка скарацілася.  

Справа Ўладзіміра Кумца можа стаць паказальнай  для цяперашняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.   

Поделиться ссылкой: