З аднаго боку, я згодны з такім параўнаннем. Не кожны можа сёння выкласці 60 еўра за тое, каб атрымаць магчымасць з’ездзіць на пару дзён у Польшчу, Германію альбо, скажам, у тую ж суседнюю Літву. Дадайце яшчэ грошы на транспарт, пражыванне ў гатэлях, харчаванне, і сума атрымаецца значная. Таму пры нашых сярэдніх заробках і мізэрных пенсіях далёка не кожны беларус можа дазволіць сабе купіць шэнгенскую візу за 60 еўра і адправіцца ў падарожжа па Еўропе.

А з другога боку, плачуць нават тыя, хто можа дазволіць сабе такія расходы. Плачуць пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы. Пакуль праз яе “прапаўзеш”, то іншы раз, як кажуць, і жыць не хочацца.

За апошні месяц мне давялося дабірацца ў Вільнюс двойчы. І двойчы праклінаў усё на свеце. На мінулым тыдні спачатку рвануў на пераход “Каменны Лог”, што паміж Ашмянамі і Вільнюсам. Чарга грузавых машын расцягнулася кіламетраў на дзесяць, а мо і болей. Пад’язджаю бліжэй да мяжы. Гляджу – легкавушак таксама не злічыць. Разварочваюся і накіроўваюся на Астравец. Пры павароце на Лошу спыняю мясцовага кіроўцу: “А на Шумскас прапускаюць?” “Прапускаюць з 8 раніцы да 8 вечара”. — “Толькі тых, хто жыве ў памежнай зоне ці ўсіх беларусаў?” — “Усіх”.

Я некалі часта перасякаў беларуска-літоўскую мяжу менавіта ў гэтым месцы, і з’явілася надзея, што і зараз змагу хутка апынуцца пад Вільнюсам. Яшчэ дванаццаць кіламетраў — і я быў на пераходзе “Лоша—Шумскас”. Цішыня, вакол лес — і ніводнай машыны. Ні з нашага боку, ні з літоўскага. Ну, думаю, пашанцавала, праскочу за пару хвілін. Астудзіў галаву памежнік, які выйшаў з памяшкання. Пагартаўшы пашпарт, ён ціха, але прынцыпова сказаў: “Не магу прапусціць, вы ж з Мінскай вобласці, а тут перасякаюць мяжу толькі жыхары бліжэйшых населеных пунктаў”. “Можа, зробіце выключэнне, вельмі спяшаюся, ды і часу нямала згубіў, пакуль дабіраўся з Каменнага Логу…” “Не, не, не маю права”, — развёў рукамі памежнік.

Развярнуўся і падаўся ў бок Катлоўкі, яшчэ аднаго памежнага пераходу. А гэта кіламетраў за сорак. Настрой, вядома ж, сапсаваўся канчаткова, але што рабіць — у Вільнюсе па дамоўленасці чакаюць людзі.

Была субота, і я думаў, што праз Катлоўку траплю ў Літву ўсё ж без перашкод. Дзе там? Вялізная чарга не толькі грузавікоў, але і легкавушак. Амаль чатыры гадзіны давялося пакутаваць. Так, так, пакутаваць. Мала прыемнага, калі збоку стаіць велізарная фура і фыркае саляркай прама ў акно тваёй малалітражкі. Ні выйсці, ні апусціць шкло — пекла ды і толькі! І не на хвіліну-другую, а на гадзіны. Здаецца, развярнуўся б і падаўся куды вочы глядзяць. Ды нельга і гэтага зрабіць, таму што ззаду ўжо апушчаны шлагбаум.

Калі вырваўся з “палону”, то ўжо не было ні сіл, ні жадання ехаць у той жа Вільнюс. Людзі, якім я прызначыў спатканне, не дачакаліся, раз’ехаліся. Позна было вырашаць і нейкія іншыя справы. Адным словам, сінім полымем гарэла мая віза і грошыкі на бензін, а таксама тыя, якія былі ў заначцы на начлег…

У галаву не лезлі ніякія думкі, акрамя тых, якія круціліся яшчэ падчас перасячэння дзяржаўнай мяжы. Што ж гэта за ўлады, і беларускія, і літоўскія, якія так не паважаюць простых людзей? Высокае начальства праскоквае любую мяжу па спецпашпартах за лічаныя хвіліны, а тут вадзіцелі грузавых машын губляюць у смуродзе суткі, а то і болей. Ды і на легкавушках па тры-чатыры гадзіны, а то і болей даводзіцца стаяць у чэргах!

Дзяржаўная мяжа — не праязны двор, кажуць чыноўнікі ў пагонах. Гэта так, але і людзей трэба паважаць. Мала таго, што чалавек аддае 60 еўра за візу, дык яшчэ трэба так пакутаваць на мяжы! За што? Аднаму супрацоўніку мытні я сказаў: “Вы можаце ўявіць, каб спадар Шпілеўскі, ваш самы галоўны начальнік, стаяў пяць гадзін у чэргах? Не можаце. А няхай бы хоць адзін раз пастаяў разам з галоўным памежнікам Рачкоўскім… Тады б яны ведалі, пачым фунт ліха”.

Нядаўна ў Мінск прыязджала Грыбаўскайтэ, прэзідэнт Літвы. Сустракалася з Лукашэнкам. Вялі перамовы наконт спрошчанага перасячэння мяжы людзьмі, якія пражываюць у прылягаючых раёнах. Добра, калі вырашыцца гэтая праблема. Але ж трэба дбаць і пра астатняе насельніцтва (што, жыхар Мінска не такі ж чалавек, як жыхар Астраўца?). Калі той жа пераход “Лоша—Шумскас” не забіты мясцовым людам, то чаму не дазволіць у гэтым месцы перасякаць мяжу ўсім беларусам і літоўцам? Няхай расіяне, людзі іншых краін едуць праз Каменны Лог, а нам адкрыць праезд у іншых месцах. Адным словам, падысці цывілізавана да вырашэння набалелай праблемы.

Дарэчы, што я яшчэ кожны раз заўважаю пры перасячэнні мяжы. Пашпартны кантроль… Чарга… Падыходзіш да акенца. Бачыш: з дакументамі грама-

дзян працуе адзін памежнік і той з вельмі слабой камп’ютарнай падрыхтоўкай. Чаму не два, не тры? Гэта ж тычыцца і мытнікаў. З-за дрэннай арганізацыі працы адказных супрацоўнікаў людзі, якія перасякаюць мяжу, губляюць гадзіны, нервуюцца, падрываюць здароўе…

Для вырашэння праблем з чэргамі на дзяржаўнай мяжы можна было б задзейнічаць і інфармацыйныя рэсурсы. Перад выездам, скажам, з Мінска чалавек тэлефануе па вызначаных нумарах адпаведных мытных і памежных служб і даведваецца, у якім прапускным пункце зараз вялікая чарга, а ў якім яе наогул няма (бывае і такое). Аўтаматычна адбывалася б пераразмеркаванне транспартных патокаў, а гэта значыць — людзям было б лягчэй перасякаць мяжу.

Такім чынам, спадар Макей, калі вы гаворыце пра высокі кошт на візы для беларусаў, то майце на ўвазе і іншае — не толькі з-за дарагавізны дазволу на перасячэнне мяжы многія людзі не ездзяць у Еўропу (а еўрапейцы — да нас). Пастойце вы ў чэргах, пра якія я расказаў, і самі адмовіцеся ад усялякіх вандровак па белым свеце.

Кастусь МАЗУРКЕВІЧ

(Прашу рэдакцыю пакінуць псеўданім, а то яшчэ з-за публікацыі будуць  чапляцца на мяжы.)

Поделиться ссылкой: