Пра палітыку

На сустрэчу з журналістамі Кустурыца спазніўся амаль на гадзіну. Яго затрымалі на сустрэчы са студэнтамі Акадэміі мастацтваў, якім рэжысёр даваў майстар-клас. Але вядома, што журналісты адразу пачалі цікавіцца ў рэжысёра ўражаннямі ад сустрэчы з А.Лукашэнкам.

“Гэта была сустрэча з вельмі моцным чалавекам, — выказаўся сусветна вядомы рэжысёр. — Можа быць, камусьці гэта не падабаецца, але Лукашэнка — вельмі моцная асоба. Гэта была вельмі прыемная сустрэча. Я памятаю яго яшчэ з тых часоў, калі ён падтрымаў наш народ падчас бамбёжак, і за гэта я яму вельмі ўдзячны. Я сказаў, што мне падабаецца арыгінальнасць гэтай краіны. Я вялікі аматар Беларусі, бо яна вельмі акуратна прымае капіталізм у свае шэрагі. І вельмі разумна гэта робіць, бо капіталізм — гэта змрок. І яшчэ таму, што маленькія славянскія краіны робяць вялікае славянскае братэрства. Думаю, што ў вас з намі, у сербаў і беларусаў, ёсць вельмі шмат добрага”.

Пры гэтым рэжысёр прызнаўся, што не збіраецца здымаць фільм аб Лукашэнку. Па яго словах, варта пачынаць працу над карцінай, калі ўпэўнены, што можаш пэўным чынам абыграць гісторыю.

 Пра каханне

Зараз Кустурыца захаплаецца Дастаеўскім і збіраецца зняць фільм на падставе адразу некалькіх твораў знакамітага аўтара. Раней паведамлялася, што ў гэтай карціне будзе здымацца літоўская актрыса Інгеборга Дапкунайтэ. Шэраг выданняў нават паведаміў, што ў яе і сербскага рэжысёра – сур’ёзны раман і што з-за Кустурыцы Інгеборга сышла ад мужа, а Кустурыца развёўся з жонкай. І што вось-вось адбудзецца новы шлюб. Але сам рэжысёр назваў свой раман з Дапкунайтэ “навуковай фантастыкай”.

“Я не маю да гэтага ніякага дачынення, — сказаў рэжысёр “Народнай Волі”. — Мы сталі сябрамі, калі былі ў журы Канскага кінафестывалю і працягнулі знаёмства падчас супрацоўніцтва ў адным французскім кіно. І пасля гэтага з’явілася гісторыя аб нашым рамане, якая зусім не адпавядае рэальнасці. Я спадзяюся, што гэта не сапсуе нашы добрыя чалавечыя адносіны”.

Кустурыца адзначыў, што літоўская актрыса мае гіпатэтычныя шанцы на ролю ў новым фільме па Дастаеўскім, але ці спраўдзяцца гэтыя планы, не ведае нават сам рэжысёр. Акрамя гэтага, Кустурыца прызнаўся, што даволі часта робіцца ахвярай газетных вымыслаў. У чым тут справа, ён дакладна не ведае, магчыма, яго “блытаюць са скандальным героем-любоўнікам Горанам Брэгавічам”.

З ЭФІРУ

Кустурыца даўно сябруе з дыктатарамі

У эфіры Радыё Свабода намеснік дырэктара Радыё Свабода/Свабодная Еўропа Нэнад Пэіч назваў Эміра Кустурыцу палітычным невукам.

“Я з ім вельмі добра знаёмы, — сказаў Нэнад Пэіч. — Кустурыца — геній у тым, што тычыцца кінамастацтва. Але што тычыцца палітыкі — дык ён дакладная супрацьлегласць генія. Ён — адзін з тых, хто падтрымліваў Мілошавіча. У дадзены момант Кустурыца падтрымлівае радыкальных нацыяналістаў у Сербіі.

Кустурыца з’яўляецца часткай радыкальнага нацыяналістычнага руху ў Сербіі. Ён удзельнічае у іхніх мітынгах, сустракаецца, публічна і прыватна, з вядучымі сербскімі нацыяналістамі. Так што з палітычнага пункту гледжання ён — сербскі нацыяналіст”.

Акрамя таго, Эмір Кустурыца сябруе з Уга Чавесам, захапляеца ідэямі Фідэля Кастра і падтрымлівае Кітайскую Народную Рэспубліку. Дарэчы, А.Лукашэнка ўручыў Кустурыцы спецыяльны прыз — «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».

Поделиться: