Памятны крыж прастаяў тры дні. 6 лістапада, у бацькоўскую Дзмітрыеўскую суботу, у Гомелі прайшла акцыя памінання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Бард Андрэй Мельнікаў, каардынатары па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Яўген Якавенка і Юрый Клімовіч пранеслі драўляны праваслаўны крыж, зроблены мясцовым актывістам апазіцыі Канстанцінам Жукоўскім, па цэнтральных вуліцах Гомеля і ўстанавілі яго ў лесе за Навабеліцкім раёнам горада — месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Як паведаміў БелаПАН Мельнікаў, 9 лістапада было вырашана асвяціць памятны крыж. Для гэтага на месца яго ўстаноўкі быў запрошаны праваслаўны святар. “Але крыжа не было. Знайшлі мы яго закінутым у кучу апалага лісця і смецця. Я не ведаю, хто гэта зрабіў, але гэты факт сведчыць аб духоўным узроўні жыхароў горада”, — заявіў бард.

“Духоўныя нашчадкі бальшавіцкіх катаў не могуць спакойна спаць, калі памяць іх ахвяр ушанаваная святымі крыжамі”, — лічыць каардынатар па стварэнні партыі “БХД” Юрый Клімовіч.

Знойдзены крыж быў асвечаны, у хуткім часе актывісты маюць намер зноў яго ўстанавіць.

 

Поделиться ссылкой: