Грамадзкая актывістка Тацяна Кім атрымала ліст ад Мікалая Аўтуховіча, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Аўтуховіч перадае прывітаньне ўсім змагарам за вольную дэмакратычную Беларусь, асабліва моладзі, якая ладзіць акцыі пратэсту супраць парушэньня правоў чалавека ў краіне. “Такой моладзьдзю можа ганарыцца народ Беларусі”, — напісаў з турмы Мікалай Аўтуховіч. Што вязень паведаміў пра сваё жыцьцё?

“Пра сябе магу сказаць, што ў мяне ўсё нармальна, калі так можна сказаць. Мне тут ня горш, чым вам на волі. Малюся за тое, каб вы выстаялі. Ці ўдаецца абараніць касьцёл сьвятога Язэпа? Няўжо нават перад выбарамі ва ўлады не хапае розуму ня зьліць яшчэ раз людзей? Сьвятыя рэчы для іх ўсё роўна – бізнэс”.

Выбарчую тэму Мікалай Аўтуховіч закрануў у лісьце да Тацьцяны Кім двойчы. Паводле назіраньняў вязьня, з калёніі сталі радзей выпускаць тых, хто адбыў свой тэрмін. Гэта Мікалай Аўтуховіч зьвязвае з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія прызначаны на сьнежань.

“У паветры адчуваюцца перамены, нават тут, у Івацэвічах, іх чакаюць. Я не сустракаў тут тых, хто ня хоча пераменаў. Выпускаюць перад выбарамі меней, чым раней, пра гэта кажа шмат хто тут. Варта толькі дадумацца, чаму”.

Таксама Мікалай Аўтуховіч падзяліўся разважаньнямі адносна турэмнай цэнзуры. Вязень заўважыў, што адны лісты ідуць хутка, другія доўга, трэція зусім не даходзяць да адрасатаў. Гэтыя групы вызначаюцца паводле зьместу ягоных лістоў. Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што частка лістоў накіроўваецца для ўзгадненьня ў Менск, і толькі потым, калі ёсьць згода “зьверху”, гэтыя лісты ідуць ад Аўтуховіча да адрасату. Гэтак сама некаторыя лісты вельмі марудна даходзяць да яго, а некаторыя ён зусім не атрымлівае.

Вязень Бабруйскай калёніі Андрэй Бандарэнка адбыў запар ў турэмным карцэры ня менш за 29 дзён. Гэтак мяркуе адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі, які наведаў падабароннага ў аўторак, 2 лістапада. Адвакат сказаў, што Андрэя Бандарэнку мусяць вызваліць праз дзень. Але бацька вязьня Валер Бандарэнка не выключае, што і ў сераду ягонага сына не вызвалілі з карцэра, бо той гэтак і не пазваніў дамоў. За што тройчы запар каралі Андрэя Бандарэнку?

Аўтуховіч: Перад выбарамі з турмаў сталі меней вызваляць

Валеры Бандарэнка

“Яна там зьбіраюць ўсё да кучы. То ў яго там былі расстаўленыя рэлігійныя малюнкі, то не ходзіць на працу. Карацей, працягваюць прэсаваць. Лісты да яго не даходзяць, мэдычную бандэроль, якую я яму дасылаў, ён не атрымаў. Адвакат сказаў, што лекі не дайшлі. Але, быццам трымаецца, мацуецца”.

Другі месяц няма зьвестак ад сваякоў Уладзімера Асіпенкі, які адбывае пакараньне, як і Аўтуховіч, ў Івацэвіцкай калёніі. Паводле ранейшай інфармацыі Асіпенка мусіць выйсьці на волю датэрмінова ў пачатку будучага году.

Поделиться ссылкой: