— У пятніцу я збіраўся купляць новы тэлевізар, але адгаварылі, — расказвае суразмоўца. — Сказалі, што прыязджае Аляксандр Лукашэнка, а таму вуліцы будуць перагароджаны. Па гэтай прычыне ў той дзень проста адправіўся ў магазін. Па дарозе купіў у кіёску “Народную Волю”. Іду па вуліцы Савецкай, мне знаёмая жанчына распавядае, што непадалёку кіраўнік краіны з брэстаўчанамі гутарыць. Накіраваўся і я туды. Падыходжу бліжэй, гляджу, што там стаіць цэлая кампанія — старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, кіраўнік гарвыканкама Аляксандр Палышэнкаў, старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч… Двое ахоўнікаў адразу ж перагарадзілі мне дарогу: “Далей нельга”. Я абурыўся: “Нельга грамадзяніну Беларусі?!” Гэта, праўда, падзейнічала, прапусцілі. Далей, каб прыцягнуць увагу, гучна крыкнуў: “Прэзідэнт!”. Аляксандр Лукашэнка, які ў гэты час з некім гутарыў, павярнуў галаву ў мой бок, я яму: “Аляксандр Рыгоравіч, у мяне да вас два пытанні”. — “Адно давай”. Папраўляю: “Давайце”. Маўчыць. І праз паўзу: “А што гэта ў вас за газета?” Паказваю “Народную Волю”, даў яму ў рукі. Пытаю: “Ці чытаеце вы яе?” “Чытаю, — адказвае, — але гэты свежы нумар яшчэ не бачыў”. Вярнуў мне газету, я яму адразу ж пытанне: “Безумоўна, шмат чаго зроблена для добраўпарадкавання Брэста, але, як мне падаецца, недастаткова. На цэнтральных вуліцах можна сустрэць “хібары”, чаго няма ні ў Гомелі, ні ў Магілёве. Я мог бы вам усё гэта паказаць, калі б стаў вашым гідам хаця б на 15—20 хвілін. Як жа так? Брэст — гэта ж галоўныя вароты краіны на Захад!..” Лукашэнка мне пачаў распавядаць, што здалі корпус Цэнтральнай гарадской бальніцы, Палац водных відаў спорту, успомніў чамусьці нават сваю службу ў памежных войсках… Але, шчыра кажучы, канкрэтнага адказу на маё пытанне я так і не пачуў. На тым і разышліся. Услед я яшчэ паспеў толькі крыкнуць: “Безупынны рост цэн хутка нас даканае”. Але гэтага, відаць, ужо ніхто і слухаць не хацеў. З тым я дамоў і падаўся, а афіцыйная працэсія рушыла далей.

Поделиться ссылкой: