— Мяне выпісалі ў пятніцу, але па-ранейшаму знаходжуся на бальнічным, — распавядае жанчына.

— Як ваша самаадчуванне?

— Не вельмі.

— Падчас выбуху вы знаходзіліся ў цэху?

— Я працую кладаўшчыцай, знаходзілася на складзе. Аднак ён як бы далучаны да цэха. Такі невялікі пакойчык два на тры метры. Калі адбыўся выбух, гэтую бытоўку заваліла поўнасцю. Мяне і вадзіцеля (той пашкодзіў нагу) выцягвалі з-пад завалаў. Выбілі рашотку ў вакне, праз тое акенца і даставалі. Я нават зараз дакладна і не памятаю, ці губляла тады прытомнасць. Усё нешта як у тумане. Падцягвалі да акна, перавальвалі праз яго… І ўсё…

— Да трагедыі ўсё было спакойна? Звычайны рабочы дзень?

— Так, нічога незвычайнага. Зрэшты, у цэх я і не заходзіла. Увесь час была ў сваім пакойчыку. Гэта і выратавала.

— Памерла шмат маладых…

— Моладзь у асноўным там і працавала. Працу з нармальным заробкам не так і проста ж знайсці.

— Некаторыя блізкія загінуўшых распавядалі, што тэхніка бяспекі ў цэху пакідала жадаць лепшага.

— Я пра гэта нічога не ведаю, зараз будуць разбірацца. Магу сказаць толькі, што выбух там усё зруйнаваў. Пасля таго як я ўжо апынулася на вуліцы, нічога не бачыла. Быў шокавы стан, многія мне расказваюць, што адбывалася, нагадваюць. Брат адвёз дадому, а пасля ўжо забрала ў бальніцу “хуткая”. Вельмі моцна балела галава. Паклалі ў нейрахірургію ў Пінскую бальніцу, тыдзень там правяла. Вось днямі выпісалі, але галава баліць і да гэтага часу. Мне проста дрэнна…

— Кіраўніцтва прадпрыемства вызначыла грошы для памерлых і пацярпелых?

— Мне ў бальніцу прывезлі тры мільёны.

— А абласное кіраўніцтва, з Мінска, можа, прыязджалі?

— Я ж жывая, што да мяне прыязджаць? Ёсць тыя, хто згубіў кармільцаў, — гэта да іх трэба ехаць.

— Чаму адбыўся выбух? Што кажуць людзі?

— Дакладна ніхто нічога не ведае да гэтага часу. Але ўсе цэхі, акрамя нашага, зараз на прадпрыемстве працуюць.

— Куды ж вы пойдзеце, калі скончыцца бальнічны?

— Я — пенсіянерка, а таму проста звольнюся…

3 лістапада (праз дзевяць дзён пасля трагедыі) на сайце кіраўніка краіны з’явілася паведамленне, што Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім работнікаў “Пінскдрэў-ДСП”, якія загінулі ці пацярпелі ў выніку аварыі на прадпрыемстве.

Стала вядома і тое, што кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла выдзеліць дадатковую матэрыяльную дапамогу. Усяго сем’і загінуўшых атрымаюць па 100 мільёнаў рублёў, пацярпелыя — па 50 мільёнаў. Акрамя гэтага, кіраўніцтва холдынга прыняло рашэнне аб правядзенні 20 лістапада суботніка. Усе заробленыя падчас яго сродкі будуць накіраваныя на выплаты сем’ям загінуўшых і пацярпелым, а таксама на аднаўленне прадпрыемства.

Поделиться ссылкой: