Адрыян Севярын — вядомы палітык і эксперт з вялізным досведам працы ў самых розных міжнародных арганізацыях. У 2004-2007 гадах ён быў Спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Румынскі палітык таксама быў дэпутатам ПАСЕ, займаў пасаду старшыні Спецыяльнай працоўнай групы па Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, быў прэзідэнтам і ганаровым прэзідэнтам ПА АБСЕ.

Цяпер Адрыян Севярын — адзін з найбольш уплывовых дэпутатаў Еўрапейскага парламента, віцэ-старшыня другой па велічыні палітычнай групы — Альянсу сацыялістаў і дэмакратаў.

Спадар Севярын, якая пазіцыя Групы сацыялістаў і дэмакратаў па Парламенцкай асамблеі Еўранэст і ўдзелу Беларусі ў ёй?

Еўранэст не планаваўся як орган для абмеркавання правоў чалавека, ён ствараўся як палітычная пляцоўка для дыялогу Еўрасаюза з усходнімі суседзямі. І адной з прычын для стварэння Еўранэста была акурат Беларусь! Бо яна не ўдзельнічае ні ў якіх іншых падобных органах. А калі Еўранэст ствараўся ў тым ліку спецыяльна для Беларусі, то мы не можам пакінуць Беларусь звонку: тады губляецца сэнс існавання Еўранэста.

Гэта значыць, што Група сацыялістаў і дэмакратаў выступае за ўдзел у Еўранэсце дэпутатаў парламента?

Я лічу, што трэба зыходзіць з рэальнага становішча. А рэчаіснасць такая: Беларусь мае свой парламенцкі орган, абраны на аснове іншых, не еўрапейскіх стандартаў. Гэтыя абставіны мы не абавязкова паважаем, але мусім паспрабаваць працаваць разам, знайсці супольныя інтарэсы.

Сапраўды, Беларусь — гэта асобны выпадак. Яна мае адрозную ад краін Еўрасаюза палітычную сістэму. Пытанне: “Ці могуць розныя палітычныя сістэмы мець агульны інтарэс?”. Я лічу, што адказ: “Так!”. Разам з тым мы за тое, каб у Еўранэсце была прадстаўленая апазіцыя і грамадзянская супольнасць.

Чаму беларускія ўлады не спяшаюцца адмяняць смяротнае пакаранне альбо, прынамсі, ўвесці мараторый на яго, каб здабыць гасцявы статус у ПАСЕ?

Думаю, гэта інертнасць мыслення кіраўніцтва краіны, проста кансерватыўны рэфлекс. Зрэшты, ён ёсць і ў ЗША, якія таксама не адмяняюць смяротнае пакаранне.

Савет Еўропы — абаронца правоў чалавека, стандартаў дэмакратыі і вяршэнства права ў Еўропе. І калі ПАСЕ просіць адмяніць смяротную кару, гэта мае сэнс, бо Беларусь хоча ўвайсці ў арганізацыю. Нельга стаць сябрам клуба, не прымаючы яго правілаў.

25 кастрычніка Савет ЕС падоўжыў і адначасова замарозіў санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Наколькі санкцыі — эфектыўны інструмент у адносінах з Беларуссю?

Відавочна, што санкцыі не спрацавалі. Мы, натуральна, можам пакінуць іх, разлічваючы, што час вырашыць праблемы. Але і час можа не даць рады. Калі ціск аказаўся неэфектыўным, то мусім знайсці іншы падыход. Не прыбіраць прэсінг дазвання, але і не адмаўляць, што могуць быць іншыя шляхі для дасягнення мэты. А мэта — гэта свабоднае беларускае грамадства з пашанай правоў чалавека.

Якая пазіцыя Групы сацыялістаў і дэмакратаў да макраэканамічнай падтрымкі Беларусі еўрапейскімі крэдытнымі інструментамі?

Чаму мы абмяжоўваем праграмы развіцця для Беларусі? Мяркуецца, што кіраўніцтва Беларусі не зможа само забяспечыць грамадству неабходнае развіццё ды прыме нашыя ўмовы ў абмен на грошы.

Але санкцыі і адмова ад эканамічнай падтрымкі не прынеслі палітычных зменаў у Беларусі. Значыць, трэба абраць больш разумны падыход. Не варта бясконца грукаць у зачыненыя дзверы — неабходна знайсці іншы шлях, як зайсці ў дом.

Эканамічнае развіццё спрыяе большай бяспецы і стабільнасці ў краіне, а гэта робіць больш спрыяльнай сітуацыю для развіцця дэмакратыі і свабод. І наадварот: меней бяспекі спрыяе большаму абмежаванню правоў і свабод ды дэмакратыі. Мы мусім паспрабаваць дапамагчы краіне ў развіцці. І тады больш бяспечная эканамічная сітуацыя можа паспрыяць развіццю свабод і дэмакратыі.

Наколькі гэтыя прэзідэнцкія выбары — вялікі выклік Лукашэнку?

Дзейны кіраўнік краіны, якая не знаходзіцца ў страшным сацыяльным і эканамічным крызісе, з дзясяткам апанентаў, не мусіць мець вялікіх цяжкасцяў, каб перамагчы. Важна мець на ўвазе, што калі апазіцыя з вялікай літары “А” не можа вылучыць адзінай альтэрнатывы, і грамадства не знаходзіцца ў вялікім адчаі, не мае нязноснага жыцця, то ў такім выпадку выбарцы могуць схіліцца да status quo. Я б сказаў, што гэта — прапісная ісціна.

Як аб’ектыўны назіральнік па-за межамі Беларусі я лічу, што краіне патрэбныя змены, ёй патрэбнае хутчэйшае развіццё. Але ўявім сабе, што я — грамадзянін Беларусі, які жыве ў краіне. Умовы жыцця ў мяне не выдатныя, але і не жахлівыя. У такой сітуацыі мне, мажліва, было б цяжка зрабіць выбар з дзясятка кандыдатаў. І ў сумневах я б мог падумаць, што не варта рызыкаваць тым, што ўжо маю.

Апазіцыя раз’яднаная, і яна сама адказная за гэта — мы ж можам толькі раіць. Дата выбараў усё бліжэй, і я не ведаю, ці дастаткова застаецца часу апазіцыі стварыць рэальную аб’яднаную альтэрнатыву. Я лічу, што яна патрэбная — каб грамадзяне мелі выбар. Калі альтэрнатывы няма, гэта кепска. Кепска і тады, калі іх вельмі шмат. Вельмі шмат — гэта эквівалент ніводнай. Таму беларуская палітычная эліта павінна вырашыць, хоча яна даць выбар беларускім грамадзянам ці не. 

Поделиться: