Еўрапейскія СМІ, добра разумеючы, што беларуская прапаганда “адпрацуе” гэтую паездку як падтрымку Аляксандру Лукашэнку з боку высокіх прадстаўнікоў еўрапейскіх краін, яшчэ напярэдадні расставілі кропкі над “і”.

Як піша ў рэдакцыйным каментарыі польская “Газета выборча”, у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца 19 снежня, абодва міністры хочуць выказаць Аляксандру Лукашэнку дакладнае еўрапейскае пасланне-наказ: каб выбары былі сумленнымі. “Беларуская апазіцыя б’е трывогу, што выбары будуць сфальсіфікаваныя з тым, каб Лукашэнка перамог ужо ў першым туры”, — адзначае выданне. Правесці другі тур беларускаму дыктатару не дазваляе пыха. Бо яго перамога павінна быць эфектнай, нават калі яна яму дастанецца коштам махлярства. Міністры Сікорскі і Вестэрвеле прадставяць Лукашэнку прапанову — сумленныя выбары адкрываюць шанец на паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС. Іх фальсіфікацыя ці жорсткае задушэнне пратэстаў апазіцыі звядзе на нішто гэты шанец. “Гэтая прапанова гучыць рацыянальна — у Лукашэнкі сёння самыя горшыя ў гісторыі стасункі з Масквой. Расія не аказвае належнай эканамічнай дапамогі, а значыць, Лукашэнка ў пэўнай ступені вымушаны дамагацца падтрымкі ў Захаду”, — лічыць выданне.

“Газета выборча” ў сваім каментарыі звяртае ўвагу, што беларуская місія міністраў замежных спраў Польшчы і Германіі звязана з вялікай рызыкай, паколькі шанцы на тое, каб яна была ўвянчаная поспехам, блізкія да нуля.

“Мы не будзем умешвацца ў перадвыбарную барацьбу, аднак з усёй выразнасцю дадзім зразумець, што мы з вялікай заклапочанасцю ўспрымаем дзяржаўныя рэпрэсіі напярэдадні выбараў, — заявіў міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле газеце Suddeutsche Zeitung. — Мы падкрэслім, што празрыстая перадвыбарная барацьба, каб мець дастатковую эфектыўнасць для партый і грамадзянскай супольнасці, павінна прадугледжваць і свабодны доступ да сродкаў масавай інфармацыі”.

Ужо вядома, што на сёння запланаваны сустрэчы Гіда Вестэрвеле і яго польскага калегі Радаслава Сікорскага з Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком беларускага МЗС Сяргеем Мартынавым, апазіцыйнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта, а таксама прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Поделиться: