Павел Васільевіч Іваненка — ветэран курапацкага руху. Ён быў сярод тых смелых, сумленных, мужных, хто восеньскім днём далёкага ўжо 1988 года разам з першаадкрывальнікам Курапат і стваральнікам Беларускага Народнага Фронту Зянонам Пазьняком рушыў у першае шэсце да ўрочышча пад Мінскам, дзе цягам 1937—1941 гадоў сталінскія каты-энкавэдзісты расстрэльвалі цвет беларускай нацыі — сялян і настаўнікаў, паэтаў і навукоўцаў, рабочых і інжынераў. Пілігрымы са свечкамі ў руках і малітвай на вуснах прабіваліся тады да мэты скрозь ланцугі ўзброеных вайскоўцаў, барыкады з вадамётаў, міліцэйскія дубінкі-”дэмакратызатары” і воблакі ўпершыню прымененага атрутнага газу з лірычнай назвай “черемуха”. А 29 кастрычніка 1989 года Павел Васільевіч быў у шматтысячным шэсці грамадзян, якія прайшлі шматкіламетровым шляхам па вуліцах сталіцы да святых магіл і ўсталявалі тут пранесены на плячах сяміметровы Крыж пакуты.

Аб усім гэтым Павел Васільевіч не стамляецца распавядаць сённяшняй моладзі. Ён усцешаны тым, што ў нядзельным шэсці і мітынгу ў Народным мемарыяле так многа юнакоў і дзяўчат з адухоўленымі, светлымі тварамі.

— Нам, старэйшым, грэх не клапаціцца, каб памяць аб трагедыі крывавых сталінскіх рэпрэсій трапляла ў маладыя сэрцы і галовы, якія не могуць помніць той пары, — перакананы сівы чалавек. — Я іду ў Курапаты і ў святы, і ў будні. Бяру з сабою восем свечак, запальваю іх у гонар маіх дарагіх, родных. На карце былога СССР месцы іх гібелі пазначаны кропкамі на розных шыротах і мерыдыянах. Падумаць толькі, за савецкія гады да смерці Сталіна было знішчана каля двух мільёнаў беларусаў! Толькі ў Мінску ўжо вядомы некалькі расстрэльных месц. Менавіта з іх — Кальварыі, Трасцянца, Цівалёў, Лошыцы, з магілы Янкі Купалы на Вайсковых могілках для мяне і групы грамадзянскіх актывістаў пачалося ўшанаванне памяці загубленых продкаў. (І паўсюль па нашай дарозе былі віжы і вартаўнікі, неадчэпныя “ганаровыя эскорты”.) А вось сёння — Курапаты…

Чароўнай красы дзяўчына (усе “міскі” свету з ёю і блізка не стаялі) Таццяна Шапуцька з незарэгістраванага ў Беларусі “Маладога фронту” тут са шматлікімі сябрамі. Выключаная з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта за грамадскую актыўнасць, яна цяпер вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. І памкненні да вышынь навукі ніколечкі не супярэчаць яе грамадзянскай пазіцыі. Ёй не трэба тлумачыць, што такое Курапаты.

— Памяць пра ўсіх, хто паклаў жыццё за Беларусь, для нас святая. Хто ж, як не мы, наблізім іх мару аб вольнай Бацькаўшчыне да ажыццяўлення? Таму на “Дзяды” ўсе іншыя справы адкладваем убок. Ці ж можна са сваімі пачуццямі і перакананнямі сядзець дзе-небудзь у кутку, не ісці пад гэтымі сцягамі, што так прыгожа лунаюць у паветры?

Не выпадковым быў у калоне і на мітынгу ў Мемарыяле немалады, але дужы Міхась Сямёнавіч Галаца:

— Я ўкраінец з Закарпацця, а ў Мінску ўжо даўно. Калісьці, падчас вучобы ў Львоўскім універсітэце, закахаўся ў прывабную студэнтку-беларусачку. Пабраліся, прыехалі да яе на радзіму. Цікава, што напачатку мая абранніца была зацятай савецкай камсамолкай, але пад напорам праўды ў сярэдзіне 80-х стала не меншай, чым я, прыхільніцай Нацыянальнай ідэі. На ўсе мітынгі мы хадзілі з ёю, трымаючы ў руках гэты сцяг, які ў мяне зараз на плячах. На бяду, маёй каханай ужо няма, але яна ўсё роўна тут, з усёй гэтай грамадой. Разам памінаем закатаваных беларусаў і маіх землякоў, што ішлі на смерць за свабоду роднага краю.

Само сабою, не выпадковымі наведвальнікамі прыйшлі на “Дзяды” ў Курапаты вядомыя мастакі, нястомныя дзеячы на ніве Беларускага Адраджэння Аляксей Марачкін — стваральнік усталяванага ля Крыжа пакуты абраза “Маці Божая Курапацкая”, Алесь Шатэрнік — аўтар мемарыяльнага знака “Народу Беларусі ад народа Злучаных Штатаў Амерыкі дзеля памяці” (лавы Клінтана), Алесь Цыркуноў і іншыя майстры, якія прысвяцілі талент Беларусі. Быў і знакаміты паэт і грамадскі дзеяч, патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты на маючых адбыцца выбарах Уладзімір Някляеў. На жаль, заўважаныя ў калоне іншыя дэмакратычныя прэтэндэнты Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч шлях да фінішу ў Курапатах не адолелі…

З радасцю сустрэла на Дні памяці продкаў даўніх і верных сяброў “Народнай Волі” Зою Дзмітрыеўну Іванову і Уладзіміра Рыгоравіча Бацяноўскага са Смалявічаў, Святлану Іванаўну Данілаву з Барысава, аўтара нашумелай публікацыі “Нябышына. Вайна” Іллю Піліпавіча Копыла. Нядаўна ён усталяваў у расстрэльным урочышчы крыж у памяць свайго дзядзькі.

І ўсё ж, і ўсё ж… Да ўражанняў ад жалобнага, але светлага і прыгожага свята, сугучнага цудоўнаму восеньскаму дню 31 кастрычніка, дамешваўся прысмак гаркоты. Каля тысячы чалавек узяло ўдзел у крыжовым шляху. Усяго толькі каля тысячы — з вялікага двухмільённага горада. Чаму? Недахоп інфармацыі — само сабою. Але, думаецца, галоўнае — тое, што ў задушнай атмасферы сённяшняга грамадства абывацельскае “мая хата з краю” — самае жаданае для дзяржаўных кіроўцаў.

“Сёння, на жаль, у нашым грамадстве значна абніжана пачуццё гістарызму быцця, гонару і ведання пра сваю краіну, — слушна зазначыў у сваім звароце да суайчыннікаў нязменны лідар Беларускага Народнага фронту “Адраджэньне” і Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазьняк. — Тут, у Курапатах, пад крыжамі, на святыя Дзяды, самы раз задумацца над нашымі дзеяннямі і нашай будучыняй, якая мусіць стацца лепшай, чым ёсць, каб не дарма былі тыя нявінныя ахвяры, якімі плаціў наш народ за сваё існаванне”.

А вось хто наважыўся ўпершыню пракласці дарогу да святых магіл нават нечакана для сябе самой, дык гэта пенсіянерка Таццяна Андрэеўна (прозвішча не назвала). Незадоўга перад гэтым яна мусіла зняцца са звыклага месца ў купцы жанчын, што гандлююць дарамі сваіх садоў-агародаў непадалёк ад універсама “Паўночны”. Яна распавяла:

— Разлажыла свой тавар — моркаўку, бурачкі, пятрушку, гандаль ішоў жыва-весела: сёння ж нядзеля, пакупнікоў нямала. Як і заўжды, мы з такімі ж, як я, жанчынамі мірна ўжываліся з канкурэнтамі — прадаўцамі буйных партый гародніны і садавіны з вялікіх машын. Раптам — дзесьці каля гадзіны — наляцелі міліцыянты, загадалі і нам, і машынам — усім-усім гандлярам хуценька, без размоў, знікнуць адсюль. На роспыты, у чым справа — мо тэрарысты якія на падыходзе, пачулі тлумачэнне: “Дык апазіцыя зараз тут будзе праходзіць, каб вашага духу і блізка не было”. Я хоць і былая франтавічка і быццам не з палахлівага дзясятку, а губляюся, калі цябе гоняць “свае”, бы статак.

Дзякуй Богу, адна жанчына, што дапамагала мне пераходзіць вуліцу, прасвяціла: гэта ж шэсце на Курапаты ідзе ў памяць бязвінных ахвяр. Дык я і вырашыла: пайду і ўсё ўбачу на ўласныя вочы. Не было б шчасця, дык няшчасце дапамагло…

А калі ж прасвятлее — і ці прасвятлее — у галовах “вартавых парадку”, якіх выкарыстоўваюць улады ў якасці пешак у сваіх палітычных гульнях? Калі ў нас, як завяраў адзін самы вядомы і магутны прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду, “демократии больше, чем во Франции”, дык адкуль у гэтага магутнага такі страх перад “слабай” апазіцыяй? Перад гэтымі мірнымі, годнымі і вартымі глыбокай павагі грамадзянамі са свечкамі і кветкамі ў руках, крыжамі на плячах. Які сэнс у “кучкаванні” ахоўнікаў у пагонах і цывільным, якія пасвіліся ў Курапатах з самага ранку? Усё роўна — пры добрай арганізацыі мерапрыемства — адбылося тое, што і павінна было адбыцца: сказаны пранікнёныя словы кіраўнікамі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Юрасём Беленькім, Валерыем Буйвалам, Алесем Чахольскім. Пастаўлены ва ўрочышчы новыя крыжы, пакладзены кветкі, запалены знічы. Праспяваны наш духоўны гімн “Магутны Божа”. Божая далонь сапраўды распасцёрта над гэтым месцам. І духоўнае адраджэнне Беларусі канца 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага веку пачалося менавіта з гэтага месца — з адкрыцця праўды пра нашу трагедыю камуністычных часоў. Тут урокі мінулага дапамагаюць знайсці надзейную дарогу ў будучыню.

…Людзі з урачыстымі, задумнымі тварамі не спяшаліся разыходзіцца пасля акцыі. У гэтай свяшчэннай мясціне і стогне, і мужнее сэрца.

Поделиться ссылкой: