Чачэнец Зайналбек Матаеў арганізаваў уласную аграэкасядзібу год назад у вёсцы Барбераўка на Старадарожчыне. Лічыць сябе навічком у гэтым бізнесе, але цалкам захоплены ім, бо падабаецца прымаць гасцей і ўласнаручна гатаваць для іх чычэнскія нацыянальныя стравы. Да таго ж ён заўзяты калекцыянер даўніны, антыкварыяту. Яму ўсё падабаецца на Беларусі: людзі, прырода, вясковы лад жыцця. Апошнім часам Зайналбек старанна вывучае беларускую кухню, культурныя традыцыі мясцовага люду. І, зразумела, падымае на ногі сваю аграэкагаспадарку. Да паслуг гасцей ужо два гасцявыя домікі, лазня, будуе яшчэ адзін дом, вялізны шацёр-павець, дзе будуць гуляцца вяселлі, адзначацца святы, карпаратывы і ўсё астатняе.

Справы пасоўваюцца няблага, але Зайланбек марыць пра большае. Хоча завесці, апроч усяго, сапраўдную вясковую гаспадарку. Каб былі свае козы, авечкі, гусі з качкамі. Хоча мець тройку спраўных коней, брычку, каб вазіць у ёй гасцей. Але бадай самае запаветная мар — атрымаць ліцэнзію на вытворчасць старадарожскага… самагону. Хіба ж дзіва!?.. “Старадарожскі пяршак вядомы, лічы, ва ўсім свеце, — упэўнены гаспадар сядзібы, — сапраўдны беларускі брэнд! У 2005 годзе мне, кажа,  пашчасціла наведаць Кітай — дык і там ведаюць наш самагон!”

Можна зразумець Зайналбека: кітайцы — народ упраўны, могуць і скарыстацца гэтым брэндам. Тут, як кажуць, не варта спаць у шапку…

Поделиться ссылкой: