Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадскасці правялі ў Мінску 29 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяр сталінізму, чарговую мемарыяльную акцыю. Акцыя праводзіцца чацвёрты год запар.
Акцыя, ініцыяваная аргкамітэтам па стварэнні руху салідарнасці «Разам!» і сябрамі міжнароднага культурна-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мемарыял», праводзілася па маршруце: Кальварыйскія могілкі — Цівалі — Лошыца — Благаўшчына — Вайсковыя могілкі — парк Чалюскінцаў — Курапаты. У акцыі пад бел-чырвона-белым сцягам удзельнічалі больш за 20 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці і былыя вязні ГУЛАГа.
Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас назваў рэпрэсіі 1930-х гадоў «амаральным і жудасным генацыдам супраць беларускага народа і другіх народаў, якім выпала няшчасце ўвайсці ў Савецкі Саюз». Паводле яго слоў, паколькі ў Беларусі на афіцыйным узроўні не дадзена належная ацэнка масавым рэпрэсіям, а факты злачынстваў утойваюцца, існуе пагроза паўтарэння трагедыі. «У мяне ад рэпрэсій загінуў прадзед, і дагэтуль невядома месца яго пахавання, а бацька ва ўзросце аднаго года быў высланы з маладымі татам і матуляй за тое, што гэтая сялянская сям’я ўмела добра працаваць і сумленнай працай зарабляла на кавалак хлеба», — сказаў Колас. На яго думку, нельга дапусціць «рамантызацыі катаў і злачынцаў з АДПУ-ЧК-НКУС-НКДБ-КДБ», а таксама існавання дзяржаўнай ідэалогіі, заснаванай на насіллі і прапагандзе хлусні.