Але не толькі гэтым вылучыліся ваенныя чыгуначнікі за апошні час. З 1-га лістапада каравульную службу і варту ваенных аб’ектаў пачнуць несці  наёмныя цывільныя грамадзяне. Як тлумачыць начальнік штаба брыгады Андрэй Раманеня, новаўвядзенне выклікана з адной мэтаю – вызваліць асабовы склад ад усіх відаў гаспадарча-побытавай дзейнасці і засяродзіцца толькі на ваенных спецыяльнасцях, на баявой падрыхтоўцы. Няхай салдаты чысцяць “калашнікавых”, а не бульбу…

І гэта яшчэ не ўсё! Неўзабаве хлопцы, якіх прызавуць на тэрміновую службу, пачнуць атрымліваць дыпломы аб прафесійнай адукацыі дзяржаўнага ўзору. Але тое надарыцца пасля таго, як камандаванне брыгады  атрымае адпаведную ліцэнзію Міністэрства адукацыі РБ. Вось тады за вучобу можна будзе брацца па-сапраўднаму. “Коркі” экскаватаршчыка, бульдазерыста ці “вадзілы” катэгорыі “С” не замінацьмуць ніводнаму “дэмбелю”, бо па гэтых спецыяльнасцях заўсёды можна ўладкавацца на працу. Так што, праз год-два ў 307-ю асобную брыгаду можа намалявацца конкурс з жадаючых паслужыць радзіме. “Касіць” ад  такога?..  Ну мо які поўны недарэка…