Дуня МIЯТАВIЧ: «Зараз той час, калі беларускаму ўраду трэба рухацца наперад…»

5

“Я вельмі шчаслівая, што ў мяне атрымалася прыехаць у Беларусь, — падвяла вынік сваёй трохдзённай паездкі прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ. — З вялікім інтарэсам сустрэлася і з прадстаўнікамі ўрада, і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Варта адзначыць, што адкрытае запрашэнне наведаць Беларусь я атрымала ад беларускага ўрада яшчэ на пачатку свайго мандату — для мяне гэта вялікі гонар. На мой погляд, гэта праява добрай волі для таго, каб распачаць доўгі працэс перабудовы заканадаўства ў сферы сродкаў масавай інфармацыі. І мяне падбадзёрыла тое, наколькі адкрыта высокапастаўленыя асобы вашай краіны абмяркоўвалі са мной складаныя пытанні ў сферы свабоды СМІ. Сустрэчы, якія адбыліся, прайшлі ў вельмі канструктыўнай манеры, і, я спадзяюся, так будзе працягвацца і далей”.

Дуня Міятавіч прыняла ўдзел у “круглым стале”, прысвечаным развіццю інтэрнэта ў Рэспубліцы Беларусь.

“Я ўзняла некаторыя складаныя пытанні, звязаныя з рэгуляваннем інтэрнэта: напрыклад, мяне клапоціць абавязковая ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, — гаворыць прадстаўніца АБСЕ. — Мяне запэўнілі, што ў будучыні мой офіс і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці будуць прыцягваць да абмеркавання тых пастаноў, што ўжо існуюць, і тых заканадаўчых актаў, якія могуць быць прыняты. На ўсіх сустрэчах я выказвала занепакоенасць тымі праблемамі, якія, на мой погляд, павінны быць вырашаны неадкладна. Таксама вяла размову і пра тыя пытанні, да якіх трэба звяртацца доўга і сістэматычна, у тым ліку мы абмяркоўвалі шляхі мадэрнізацыі і лібералізацыі заканадаўства Беларусі, якое мае дачыненне да сродкаў масавай інфармацыі”.

Дуня Міятавіч наведала рэдакцыю “Народнай Волі”, сустрэлася з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной і Андрэем Бастунцом, з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім, начальнікам галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Усеваладам Янчэўскім, а таксама старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

“Плюралізм у СМІ ў Беларусі адсутнічае, — выказала сваю думку спадарыня Міятавіч. — Ён абмежаваны ў друкаваных сродках масавай інфармацыі і застаецца пад пагрозай у інтэрнэце. Таму я заклікала сваіх суразмоўцаў адмяніць усе адміністрацыйныя абмежаванні ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі. Я адкрыта гаварыла, што практыка вынясення папярэджанняў газетам, як і практыка закрыцця газет, скоўвае дзейнасць прэсы і павінна быць неадкладна спынена. На мой погляд, у бліжэйшай будучыні заканадаўства ў сферы СМІ ў Беларусі павінна быць змененае. Мяне парадавала, што мы здолелі дасягнуць у гэтым пытанні прынцыповай згоды. Я прапанавала любую дапамогу вашаму ўраду. І падкрэслівала, што заканадаўства павінна не абмяжоўваць, а наадварот, спрыяць развіццю плюралізму ў СМІ”.

Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ заклікала распрацаваць Закон аб доступе да інфармацыі, а таксама тэрмінова адмяніць крымінальны пераслед за паклёп.

“Гэта першы крок, які можа зрабіць любая краіна, каб даць сваім грамадзянам свабодна выказвацца і жыць у свабодным грамадстве, пазбавіць іх ад крымінальнай адказнасці за паклёп, за нейкія правакацыйныя і крытычныя выказванні, — гаворыць спадарыня Міятавіч. — Паклёп не павінен падлягаць крымінальнаму пераследу, і журналісты не павінны сядзець у турме за сваё прамоўленае альбо напісанае слова. І не ва ўрадавых офісах, а ў судзе павінны разглядацца справы аб паклёпе”.

У Дуні Міятавіч склалася ўражанне, што яе словы былі пачуты беларускім чынавенствам.

“Вельмі спадзяюся на тое, што мой візіт будзе новай старонкай у гісторыі стварэння свабодных СМІ ў Беларусі, — кажа яна. — Я буду і далей адсочваць сітуацыю ў Беларусі і буду ўздымаць свой голас, калі палічу гэта неабходным. Але я вельмі спадзяюся, што вынікі будуць. Зараз той час, калі беларускаму ўраду трэба рухацца наперад. У Беларусі павінны быць і плюралізм, і свабодныя СМІ…”

ТЫМ ЧАСАМ

Эксперты-крыміналісты АБСЕ не праводзяць уласнага расследавання смерці Алега Бябеніна

Яны толькі знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы загінуўшага журналіста.

Пра гэта паведаміў кіраўнік мінскага офіса АБСЕ Бенедыкт Халер.

“Двое экспертаў, якіх вызначыла наша штаб-кватэра ў Вене, цяпер працуюць у Мінску, — гаворыць кіраўнік офіса АБСЕ. — Іх прыняў генеральны пракурор. Яны зараз вывучаюць усе матэрыялы, якія з’явіліся ў працэсе расследавання крымінальнай справы. Яны не праводзяць новае расследаванне, а пераглядаюць матэрыялы і фарміруюць сваё ўласнае ўражанне”.


Няма запісаў для адлюстравання