Пра інцыдэнт, што здарыўся на іранскай вайсковай базе, інфармуе італьянская газэта “Corriere della Sera”.

“Як цьвердзяць іранскія ўлады, выбух быў няшчасным здарэньнем. У сваю чаргу апазыцыя заяўляе пра сабатаж як прычыну здарэньня. Між тым кіраўніцтва Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі не выключае, што прычынаю магла быць тэхнічная непаладка, і таму мае намер зьвярнуцца да дастаўцы – Беларусі”, – піша на старонках газэты Гуіда Алімпіё.

“Гэтая ўсходнеэўрапейская краіна пасьля падпісаньня дамовы ў 2009 годзе пачала прадаваць іранцам зброю замест расейцаў: Масква спачатку абяцала аяталам паставіць сучасную ракетную сыстэму С-300, аднак пазьней адмовілася з дыпляматычных меркаваньняў”, – нагадвае аўтар артыкулу.

“Паводле наяўнай інфармацыі, Іран ужо атрымаў розныя тыпы ракет, якія затым былі перададзеныя лібанскаму саюзьніку – “Хізбуле”. У сьпісе фігуруюць 20 ракет “Страла 2”, дзьве сыстэмы “SA 16”, тры “SA 15” і адна “SA 18”. У Вашынгтоне зь вялікай трывогаю сочаць за няспынным прытокам зброі да руху “Хізбала”. Амэрыканцы асьцерагаюцца, што Лібан можа стаць тэатрам новага ваеннага канфлікту”, – падкрэсьлівае “Corriere della Sera”.