Сёння ля кругласутачнага пікета па збору подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Уладзімір Някляеў зладзіў літаратурную імпрэзу.

Як звычайна, паэт прыйшоў да ГУМа, дзе мелася адбыцца мерапрыемства. Акрамя мінакоў слухачамі вершаў Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, Валерыі Куставай, Сержука Сыса сталі рабочыя, якія менавіта ў гэты час рамантавалі фасад галоўнага ўнівермага сталіцы. Трэба аддаць ім належнае, як толькі распачалося мерапрыемства, яны заглушылі матор службовага аўтатранспарту і з вышыні другога паверха сталі ўважліва слухаць…

«На вялікі жаль, тут, у Беларусі, вынішчаецца, сыходзіць, як вада скрозь пальцы, усё беларускае, — сказаў ён. – А там, у далёкай Эстоніі адкрылася нядзельная беларускамоўная школка. Гэта добрае пачынанне, добры знак. І дапамагчы маленькім беларусам Эстоніі — наш пісьменніцкі абавязак», — дзяліўся думкамі паэт Генадзь Бураўкін.

Беларускія кнігі — для школы ў Эстоніі (Фотарэпартаж)

Генадзь Бураўкін.

Ён першым апусціў у спецыяльную скрыню сваю новую кнігу «Лісты да запатрабавання». А перад гэтым прачытаў верш, у якім ёсць такія радкі:

«І хай за табою цікуюць сычы

У змрочным, здзічэлым бары,

Пакуль цябе слухаюць —

Не маўчы,

Пакуль цябе чуюць яшчэ –

Гавары!»

Беларускія кнігі — для школы ў Эстоніі (Фотарэпартаж)

Уладзімір Някляеў.

У сваю чаргу Уладзімір Някляеў ахвяраваў нядзельнай талінскай школе сваю кнігу «Кон», палітолаг і пісьменнік Аляксандр Фядута прынёс падарунак ад Міхася Скоблы – анталогію замежнай паэзіі «Галасы з-за небакраю».

Беларускія кнігі — для школы ў Эстоніі (Фотарэпартаж)

Аляксандр Фядута.

Супрацоўнікі Радыё Свабода перадалі эстонскім школьнікам аўдыёдыскі з песнямі «Бардаў Свабоды».

Зрабіла свой унёсак і «Народная Воля», перадаўшы кнігу Васіля Быкава «Кар’ер», а таксама альманах «Бацькаўшчына».

«Далучыцца да акцыі можа кожны жадаючы, — гаворыць Уладзімір Няклеў. — Калі ў вас ёсць беларускія кнігі і жаданне дапамагчы нядзельнай школе ў Таліне, то прынесці іх можна сюды – на кругласутачны пікет, які месціцца ля ГУМа».

Беларускія кнігі — для школы ў Эстоніі (Фотарэпартаж)

Часцяком каля ГУМа ідуць нейкія работы…

Фота аўтара.