Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што як мінімум адзін чалавек загінуў у выніку выбуху на адным з цэхаў Пінскага дрэваапрацоўчага камбіната. У гэты момант у цэху знаходзілася каля 30 чалавек. Здарэнне адбылося каля 13.00. Праз паўгадзіны пачалі паступаць у Пінскую цэнтральную бальніцу і пацярпелыя.

— Калі дакладна, то першыя паступілі ў 13.30, — распавяла “Народнай Волі” адна з супрацоўніц бальніцы Таццяна Токар. — На гэты момант (25 кастрычніка, 16.30. Аўт.) у нас знаходзяцца 19 чалавек.

— Пацярпелых прывезлі адначасова?

— Адначасова прывезлі першых пяць чалавек. Праз дзве хвіліны “хуткая” даставіла яшчэ столькі ж. Яшчэ праз тры хвіліны — траіх… Апошняга аформілі ў 14.10.

— Які ў іх стан?

— Ва ўсіх — цяжкі. Чатыры ляжаць у траўматалогіі, адзін — у 1-й хірургіі, а астатнія ў рэанімацыі.

— Узрост?

— Ды маладыя ўсе! Ад 21 года і вышэй. 17 мужчын і 2 жанчыны. Апошнім — 24 і 43 гады. Дыягназ пісалі такі — апёкавы шок. Трэба адзначыць, што ўрачы працавалі вельмі аператыўна. Родныя прыбеглі — шум быў, гвалт… Але робім усё магчымае.

Зараз пакуль што не агучваецца інфармацыя, што ж адбылося на Пінскім прадпрыемстве, ідзе расследаванне. У бліжэйшы час мы раскажам вам падрабязнасці.

Поделиться: