“Напэўна, залішне казаць, што мы вельмі задаволеныя вынікам. Удалося нам у даволі складанай, напружанай гульні, добрай па выкананні атрымаць перамогу”, — заявіў галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка на прэс-канферэнцыі пасля матча трэцяга тура групавога этапу Лігі Еўропы супраць ціраспальскага “Шэрыфа”, паведамляе БелаПАН.

Галоўны трэнер БАТЭ адмоўна адказаў на пытанне малдаўскага журналіста, ці ёсць у клубе “прафесійны шаман”. Прадстаўнік СМІ, верагодна, меў на ўвазе прамашкі ігракоў “Шэрыфа” з выгадных пазіцый, траплянне мяча ў штангу і стойку варот БАТЭ, а таксама два не залічаныя арбітрам мячы, забітыя гаспадарамі з парушэннем правіл.

Як заявіў галоўны трэнер “Шэрыфа” Андрэй Сасніцкі, “у пэўнай ступені цяжка прымаць гэты вынік, але ён ёсць па факце”.

Трэнер “Шэрыфа” заявіў, што і ў матчы 4 лістапада ў Мінску яго каманда будзе імкнуцца да перамогі. “Ёсць моманты, якія мы падправім. Пра тактыку мне гаварыць складана, ёсць пэўныя меркаванні. Усё будзе залежаць ад нашага функцыянальнага стану і іншых кампанентаў”, — сказаў Сасніцкі.

У гэтай жа групе кіеўскае “Дынама” перамагло ў гасцях галандскі АЗ — 2:1.

Поделиться: