Частка кнігі прысьвечана Чарнобыльскай трагедыі. Айцец Надсан быў адным з першых, хто ўзьняў гэтую тэму за мяжой.

Аляксандр Надсан жыве ў Лондане ад 1946 году. Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў служэньню сваёй Радзіме Беларусі.

Для даведкі: нарадзіўся Аляксандр Надсан у сям’і настаўніка ў Гарадзеі 8 жніўня ў 1926 годзе. Вучыўся ў гімназіі, а падчас нацысцкай акупацыі скончыў нясьвіскую настаўніцкую семінарыю.

У 1944 годзе як і сотні прадстаўнікоў інтэлігенцыі зьехаў у эміграцыю спачатку ў Францыю. Там стаў удзельнікам Руху супраціўлення ў Францыі. Потым ваяваў ў другім Польскім корпусе генерала Андэрса і быў паранены пад Монтэ-Касіна. У 1953 годзе скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэту. У гэты час ён заснаваў Згуртаваньне беларусаў Вялікай Брытаніі. У 1958 годзе прыняў святарскае свячанне. Стаў дырэктарам школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры каталіцкай місіі. Пазьней у 1971 стварыў і стаў кіраўніком знакамітай бібліятэкі імя Ф.Скарыны ў Лондане. Айцец Надстан ад 1989 зьяўляецца старшынёй Беларускага камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі.

 Нягледзячы на вялікую грамадзкую дзейнасць Аляксандр Надсан аўтар больш за 250 навууковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысьціянства. Яго малатаўнік “Госпаду памолімся”, выдадзены ў 2002 годзе стаў афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Што стаіць за гэтымі кароткімі скупымі сказамі? Як малады хлопец, які пакінуў дома сваіх бацькоў і зьехаў у незнаёмы сьвет ня проста знайшоў там сябе, а стаў знакавай постаццю для Беларусі?

Размаўляю з айцом Надсанам і спрабую знайсьці адказ на гэтае пытаньне.

– Эмігранты, зь якімі я размаўляла, казалі, што першыя пасьляваенныя гады ўсе былі перакананыя, што камуністы хутка сыдуць і можна будзе вяртацца на Бацькаўшчыну, але потым прыйшло разуменне, што ўсё значна горш. А як заставацца ў краіне і ведаць, што можаш ніколі не ўбачыць сваіх бацькоў, родных?

Канешне, гэта вельмі цяжка. Тады Саветы разгарнулі такую прапаганду, агітавалі ехаць на Радзіму і г.д. Але большасьць эмігрантаў ня верылі, бо ўжо былі сведчанні пра тое, як абыходзіліся з тымі, хто вяртаўся.

У мяне быў сябар і я яму казаў, каб ня ехаў. А ён кажа: “У мяне мама хворая і я павінен ёй дапамагаць”. Я яго адгаворваў, казаў, што цябе сашлюць на Калыму, але ён паехаў. Вось так і атрымалася, што паехаў фактычна транзітам, бо яго адразу арыштавалі і на Калыму. Быў у лагеры пакуль Сталін не памёр. А мама яго памерла, так і не дачакаўшыся сына.  Вось і маме не дапамог і сам здароўе сваё згубіў…

– А як можна тады было даведацца як насамрэч жывуць у Беларусі?

У 70-я гады адзінкі прыяжджалі. Такая магчымасьць была ў тых, у каго сем’і былі ў Англіі. Прыяжджала стрыечная сястра адной нашай знаёмай і мы размаўлялі пра тое, як там жыццё. А пасьля перабудовы ўжо масава пачалі ехаць. Тады ж не было беларускай амбасады. Была амбасада СССР. А потым пасьля развалу Саюзу таксама яшчэ нейкі час не было. У расійскую амбасаду хадзілі па візу. У 1993 годзе адкрылі Консульства беларускае. Пры консуле Шчасным вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Тагачасны міністар замежных спраў Пётар Краўчанка прасіў дапамагчы з памяшканнем для амбасады. І адзін з беларусаў здаў ім пакой. Потым, пасьля  рэфэрэндуму, калі зьмянілі нацыянальны сьцяг на цяперашні, я больш туды не хадзіў. У афіцыйных мерапрыемствах не ўдзельнічаў. Сказаў, што папросту сустрэцца я ня супраць і нічога асабістага ня маю, як перад чалавекам, але як перад афіцыйнай асобай – не.

– Калі ж адбыўся першы візыт у Беларусь?

У 1990-ым прывёз лекі. Тады не было часу, каб паехаць у Гарад-зею. Трапіў туды толькі ў 1992-ім. Знайшоў свой дом. Гаспадароў не было, суседзі сказалі, што яны на працы… Ну, не стаў чакаць. Навошта? Так некаторыя  месцы не зьмяніліся, а некаторыя не пазнаць.

– Цяпер Вам удаецца не часта бываць на Радзіме. А з кожным прыезда што кідаецца ў вочы? Ці неяк мяняецца сытуацыя прыкметна, бо збоку лепш відаць.

Так. Я б сказаў, што ў другой палове 90-х панавала нейкая антыбеларускасць. Пачынаеш гаварыць па-беларуску, на цябе неяк глядзяць з агрэсіяй. А цяпер – не. Я вось вымушаны быў набыць кепку. Пайшлі мы ва ўнівермаг такі вялікі “Беларусь”. І я размаўляў па-беларуску і ніхто не зьдзівіўся, ніхто не сказаў, што не разумее. Абсалютна спакойна можна размаўляць і ніякіх праблем. Значна горш гэта абыякавасьць. Людзей больш турбуюць дзе набыць пральную машыну і г.д. Жыцьцё, канешне, паляпшаецца, але было б дзіўна, каб яно пагаршалася. Самае галоўнае, што ёсьць абсалютна добрая сьвядомая моладзь. Гэта вельмі добра і вельмі важна. А побытавыя праблемы…

– Прапаганда палохае, што на Захадзе жыццё горшае, асабліва кепска пенсіянерам.

Вось я пенсіянер. У Англіі на пенсію і мужчыны і жанчыны выходзяць ва ўзросьце 60 гадоў. Пенсіянеры маюць бясплатны праезд аўтобусам на ўсёй тэрыторыі Англіі. Нават, калі я еду ў аэрапорт на цягніку ў Гатвік, то мне налічваюць грошы за квіток з улікам таго, што да мяжы гораду я мушу ехаць бясплатна і возьмуць толькі ад мяжы да аэрапорту. Таму я плачу не 15 фунтаў, а толькі 3. Каля я захварэю, то лекі бясплатна, а яны дорага каштуюць. Бясплатны выкліка лекара, бясплатны шпіталь, бясплатная апэрацыя. Можа гэта таму, што ў Лондане жыве больш за 9 мільёнаў чалавек, а на горад толькі адзін лядовы стадыён і нікому ў галаву не прыходзіць будаваць паўсюды лядовыя палацы.  

– Што можна пажадаць беларусам?

Трэба пасьлядоўна пры ўсіх абставінах пачаць гаварыць па-беларуску. Ідзеш у якую-небудзь установу ці ў краму, гавары па-беларуску. Цябе зразумеюць, не бойся. Можа, нехта скрывіцца, але зразумее. Не чакайце, што нехта загадае, пачынайце з сябе. Мяне вельмі  зьдзівіла, што пару сем’яў у Магілёве дабіліся таго, што іх дзеці пойдуць у садок беларускі. Гэта на ўвесь вялікі горад. Ну, калі ўлады дазволілі, то дзе ж гэтыя беларусы? Хто ж тады вінаваты, што нічога беларускага няма? Я не кажу, што ўлады не вінаватыя, але дзе ж вы? А ў Гррадні? Тое самае. Ну, калі дазволілі, то нават на 100 000 жыхароў не змаглі знайсьці 10 ці колькі там сем’яў. Калі будуць беларускамоўныя клясы ў школе, то ўніверсітэт ад гэтага беларускі пачнецца. Тады ў ім будзе патрэба і ён зьявіцца. Сотні дзяцей стануць абітурыентамі. Ня трэба чакаць, калі ўлады для цябе зробяць. Часам даходзіць да сьмешнага – прыяжджаюць міністры, якія валодаюць беларускай мовай. Сядзіць перакладчык і з ангельскай мовы перакладае на расейскую, а потым дае адказ ангельскаму міністру па-расейску. Я ўжо раззлаваўся і кажу: “Што ж ты робіш? Ангельцам, якія ня ведаюць ні расейскай, ні беларускай напляваць на якой ты мове гаворыш. Дзе ж тваё пачуццё годнасьці?! Вось дзе бяда. Быў у Францыі на навуковай канфэрэнцыі. Сядзіць перакладчык. Нашы навукоўцы па-беларуску гавораць. Перакладчык перакладаў нашым па-расейску. Я пасьля падышоў і кажу, што французы ж не разумеюць ці расейская ці беларуская. А яны кажуць, што ў Францыі трэба па-францускі. Але вы ж не па-францускі размаўляеце. У нас комплекс непаўнавартасьці, маўляў, з замежным панам трэба гаварыць на панскай мове. Во дзе бяда. Нармальны чалавек мусіць мець пачуццё сваёй годнасьці. Больш нічога. Адмова ад роднай мовы гэта пачатак непавагі да сябе. Калі пачынаюць гаварыць: мы славяне – усё, гэта канец. Так, мы славяне. Слухайце, дык і чэхі славяне, але яны ж пішуць чэх, а не славянін. Некалі Гітлер хацеў, каб усе швэды і нарвэжцы былі германцамі. Так і тут славяне. Няма пачуцця сваёй годнасьці. Трэба быць беларусам. Гэта вельмі важня. Няма аднаго рэцэпта для ўсіх, але будзе пачуццё сваёй годнасьці і трэба будзе ні перад кім кланяцца”.

Поделиться ссылкой: