Усяго на атрыманне прыза прэтэндавалі 19 спартсменак з 9 краін. Пераможца вызначаўся шляхам галасавання ў чатырох групах: балельшчыкі, сродкі масавай інфармацыі, нацыянальныя федэрацыі і эксперты. Галасаванне праходзіла на сайце Еўрапейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

У выніку лепшай лёгкаатлеткай Еўропы прызналі двухразовую чэмпіёнку свету харвацкую скакуху ў вышыню Бланку Влашыч. А Надзея Астапчук, якая ў гэтым годзе стала пераможцай чэмпіянату свету ў памяшканнях, чэмпіянату Еўропы, выйграла серыю прэстыжных спаборніцтваў Міжнароднай федэрацыі лёгкаатлетычных федэрацый “Брыльянтавая ліга”, — толькі дзясятая.

— На такія апытанні я не звяртаю ўвагі, бо там няма абсалютна ніякай аб’ектыўнасці, — шчыра прызнаецца спартсменка. — Бо што такое інтэрнэт-галасаванне? Тыя краіны, дзе больш развіты гэты сегмент, і галасуюць за сваіх. А ў нас балельшчыкі нейкія пасіўныя.

— А калі зрабіць самаацэнку?..

— Цудоўны быў год. Думаю, што на 2—3-е месцы ў Еўропе я рэальна “цягнула” з тымі вынікамі, што паказала за сезон. Больш за ўсё, натуральна, парадавалася свайму зімоваму рэкорду. Я, калі шчыра, і планавала яго, але вынік уразіў нават мяне. Не думала, што так атрымаецца.

— Што дапамагло?

— Для гэтага няма нейкага ўніверсальнага рэцэпта. Проста ў адзін дзень усё склалася: і фізічная падрыхтоўка, і настрой, і самаадчуванне, і знешнія абставіны. Ты, напрыклад, чатыры гады можаш паказваць добрыя вынікі, а на Алімпіядзе выступіш дрэнна. Вось так “зоркі” сыдуцца — і нічога не зробіш. Можаш у дзень самых адказных спаборніцтваў захварэць, траўму атрымаць ці нешта яшчэ.

— Як вы сябе настройваеце ў самы адказны момант?

— Калі столькі гадоў займаешся спортам, усё адбываецца аўтаматычна. У крыві і мазгах гэта напэўна. Няма ў мяне з гэтай нагоды нейкіх забабонаў, прыкмет і гэтак далей. Адзінае, што перад спаборніцтвамі мне трэба добра выспацца. Гэта самая лепшая прыкмета.

— А як наконт добра паесці?

— Таксама не апошняя рэч. Хоць бывалі і такія спаборніцтвы, што арганізацыя ніякая. У год абавязкова тры-чатыры старты, што называецца, хоць стой, хоць паваліся. Напрыклад, у брытанскім Гейтсхедзе ўсё пачалося яшчэ ў аэрапорце — тры гадзіны чакалі аўтобус. Прыехалі ў атэль — няма свабодных нумароў. І гэтак далей — па нарастаючай…

— Якія планы зараз?

— Перш-наперш трэба траўмы залячыць. Левае калена “парамантаваць”. А затым паціху рыхтавацца і да новага сезона.

— А адпачыць?

— Я ўжо з’ездзіла на некалькі дзён да сяброў у французскі Ліён, можа, яшчэ атрымаецца адпачыць дзе-небудзь на моры. Але ж і дома спраў хапае…

Поделиться: