Паводле спадара Дземідовіча, пакой мае плошчу 25 квадратных мэтраў і знаходзіцца на адным калідоры з пакоем (13 квадратных мэтраў) вэтэранскай арганізацыі, дзе цяпер месьціцца музэйны збор. Зараз трэба вырашыць пытаньне з арэнднай платай за новую плошчу — каб яна не была завысокая і вэтэраны маглі б яе плаціць, кажа ён.

Грамадзкі музэй Васіля Быкава знаходзіцца ў камяніцы пачатку ХХ стагодзьдзя на пешаходнай вуліцы Савецкай, 31 (на фота). Пісьменьнік пражыў у Горадні чвэрць стагодзьдзя, пасьля чаго пераехаў у сталіцу. У горадзе над Нёманам ён напісаў «Жураўліны крык», «Трэцюю ракету», «Альпійскую баляду», «Мёртвым не баліць» ды іншыя свае вядомыя творы. Музэй быў створаны пасьля сьмерці Васіля Быкава ўлетку 2003 году.