Перабудова будзе поўнамаштабнай, згодна з дзяржаўнымі стандартамі. Паабапал праезнай часткі вуліцы асфальт заменяць на тратуарную плітку, а бардзюры стануць нават трохі вышэйшымі, чым былі раней. Верагодна, гэта дадасць галаўнога болю аўтамабілістам. Бо, напрыклад, у некаторых еўрапейскіх краінах бардзюры спецыяльна зроблены невысокімі. І ў выпадку, калі машыну нечакана выкіне з дарогі, яна не наляціць на высокі  каменны бардзюр, а яе “ласкава сустрэне” зялёная зона.

Тыя, хто наракаў на вуліцу Захарава з-за таго, што яна вузкая, могуць рыхтавацца да прыемных змен. Згодна з планам, вуліца пасля рэканструкцыі істотна пашырыцца. Пакуль жа будаўнічая агароджа абмежавала і без таго невялікую прастору. Рабочыя кажуць, што вуліцу маглі б пашырыць яшчэ, але ўсё ж такі вырашылі гэтага не рабіць. Так будзе спакайней жыхарам бліжэйшых дамоў, і дрэвы, якіх вакол нямала, пілаваць не прыйдзецца.

Рамонт вуліцы Захарава разбіты на некалькі этапаў. Да сярэдзіны лістапада павінна скончыцца праца на адрэзку да скрыжавання Захарава і Першамайскай. А ўжо ў наступным годзе — прыкладна вясной — уся вуліца будзе падведзена пад адзіны стандарт.

Здзіўляе, што рамонт вуліцы пачаўся ўвосень, калі месца гэта робіцца асабліва шматлюдным. Адна з буйнейшых навучальных устаноў сталіцы — Дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — размяшчае свой галоўны корпус менавіта на Захарава. Студэнтам літаральна прыходзіцца пералазіць цераз агароджы.

Тым больш цікава, чаму ў плане капітальнага рамонту вуліца Захарава абышла іншыя? У тым жа Мінску некалькі дзясяткаў нецэнтральных вуліц і завулкаў знаходзяцца амаль у крытычным стане, не кажучы ўжо пра дваровыя тэрыторыі. Чыноўнікі сцвярджаюць, што гэта ніякім чынам не звязана з нейкімі асабліва важнымі ўстановамі, якія знаходзяцца ў межах вуліцы Захарава. “Так закладзена ў плане”, — гавораць яны.

У цэнтры — бляск, а ў іншых месцах чорт нагу зломіць

А чытачы “Народнай Волі”, якія параілі нам звярнуць увагу на капітальны рамонт вуліцы Захарава, дадаюць: “Добра было б, калі б з такім імпэтам “закладваўся ў план” рамонт перыферыйных сталічных вуліц”. Сапраўды, колькі ў Мінску яшчэ такіх, дзе яма на яме, як кажуць, не праехаць, не прайсці! А што робіцца ў дварах? У некаторых “хуткая дапамога” не можа дабрацца да неабходнага пад’езда. Вось на што трэба накіроўваць сродкі ў першую чаргу. А ў нас бляск у цэнтры Мінска, на галоўных маршрутах начальства і запусценне — у звычайных кварталах, у дварах дамоў, дзе жывуць простыя людзі. Тая ж вуліца Захарава магла б і пачакаць — не было на ёй ні ямак, ні зношанасці бардзюраў з натуральнага каменя. Але ж верх узяла паказуха, якая ў апошнія гады ўсё больш і больш коле вока.

У цэнтры — бляск, а ў іншых месцах чорт нагу зломіць

У цэнтры — бляск, а ў іншых месцах чорт нагу зломіць