Суседзі не могуць жыць без перспектывы

3

Калі спадарыня Грыбаўскайтэ разам з дэлегацыяй перасякла на машыне беларускую мяжу, яе ўжо сустракалі мясцовыя чыноўнікі. Урачыстая сустрэча, цёплыя словы, кветкі…

А ўжо праз некалькі гадзін — сустрэча ў Мінску кіраўнікоў дзвюх краін і падпісанне міністрамі замежных спраў доўгачаканага дакумента аб спрошчаным парадку перасячэння мяжы для жыхароў памежных раёнаў Літвы і Беларусі. Ён закране да паўтара мільёна чалавек у прыкладна 50-кіламетровай паласе з кожнага боку мяжы. Цяпер кошт доўгатэрміновай візы для іх складзе 20 еўра, што ў тры разы танней, чым было да гэтага часу.

Што датычыцца сустрэчы на вышэйшым узроўні, то па яе выніках у асноўным былі зроблены заявы аб супрацоўніцтве на перспектыву. Абодва бакі не хавалі энтузіязму, калі казалі аб будучых праектах перавалкі венесуэльскай нафты праз порт Клайпеда і праект “Вікінг”, а таксама магчымасці транзіту ўкраінскай электраэнергіі праз тэрыторыю Беларусі ў Літву. Запэўніў Аляксандр Лукашэнка прэзідэнта Літвы і ў тым, што “калі літовец захоча інвеставаць у Беларусь, то шлях для яго будзе з аднабаковым рухам”.

Акрамя таго, беларускі кіраўнік запрасіў Літву ўдзельнічаць у будаўніцтве сумеснай атамнай электрастанцыі. Зрэшты, ужо 21 кастрычніка ў інтэрв’ю Žinių radijas прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс заявіў з гэтай нагоды: “Наколькі я зразумеў, прапаноўвалася, каб Літва ўдзельнічала ў будаўніцтве АЭС у Беларусі. Аднак такія прапановы паступалі і раней… Мы неаднаразова казалі і беларускаму боку, што мы не гатовы абмяркоўваць гэтыя прапановы”.

Не абышлі бокам кіраўнікі краін і пытанні супрацоўніцтва ў рамках АБСЕ, абароны правоў чалавека, свабоды СМІ, тэму хуткіх прэзідэнцкіх выбараў. Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што “Літва зацікаўлена супрацоўнічаць і абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўрасаюзе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага жадаць”.

Дарэчы, знайшла час спадарыня Грыбаўскайтэ сустрэцца ў Мінску і з пяццю прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду — Рыгорам Кастусёвым, Уладзімірам Някляевым, Яраславам Раманчуком, Віталем Рымашэўскім і Андрэем Саннікавым.

— У мяне проста выдатныя ўражанні ад сустрэчы, — кажа Віталь Рымашэўскі. — Даля Грыбаўскайтэ — гэта, безумоўна, моцны і харызматычны лідар. І мне спадабалася яе пазіцыя — абсалютная адкрытасць Еўропы да Беларусі, перспектыўнасць супрацоўніцтва і ў той жа час — цвёрдыя ўмовы, пры якіх такая праца магчыма. Гэта выкананне дэмакратычных стандартаў пры правядзенні выбараў, рэгістрацыі арганізацый, свабода прэсы… Таму магу выказаць толькі падзяку ад усіх нашых сяброў за гэтую пазіцыю.


Няма запісаў для адлюстравання