З пісьма ў рэдакцыю: “Ужо другі год пайшоў, як мы пазбаўлены якаснай пітной вады, — скардзяцца прысталічныя жыхары. — І гэтулькі ж часу вядзём перапіску з чыноўнікамі — з раённай жыллёва-эксплуатацыйнай службай у Гатаве, з райвыканкамам, з абласнымі начальнікамі, але атрымліваем адно адпіскі. Ваду цягаем хто адкуль, іншы раз яе прывозяць у цыстэрне. Але ці ж гэта выхад са становішча?.. Неўзабаве грукнуць маразы, і што тады? Мы проста ў адчаі… Вымушаны былі даслаць сваю скаргу (разам з усімі адпіскамі) спадару Макею, бо не бачым ніякіх зрухаў нават у перспектыве. Толькі не ўпэўнены, што нашы паперы трапяць на стол высокага начальніка. Таму і звяртаемся ў “Народную Волю”, можа, вы дасце якое рады…”

Як было не адгукнуцца?.. Сядаю ў свой драндулет і кірую ў Гатава, у жыллёва-эксплуатацыйную гаспадарку прысталічнага раёна. Раён Гатава — пра тое ведама кожнаму мінчаніну — не самы паспяховы ў экалагічным плане, бо наўкола прамысловыя прадпрыемствы, транспартныя развязкі, не багатая на лясы і вадаёмы мясцовасць. А вось яшчэ і падземныя сховы вады —так вымалёўвалася — не прыдатныя для ўжывання прыроднага пітва. Так яно ці не зусім, але ж, мусіць, не прыдумляюць людзі, калі пішуць у высокія інстанцыі. Значыцца, будзем слухаць абодва бакі…

У жыллёва-эксплуатацыйнай гаспадарцы (на дзіва!) не сталі адмаўляць наяўнасць праблемы. Але акцэнтавалі ўвагу на тым, што яна вырашаецца. Здзівіла іншае — тое, што на момант майго візіту прабураныя свідравіны (новыя) для забору вады ў Прылессі фактычна не знаходзіліся на балансе раённага ЖЭГа. Па новым заканадаўстве ўсе аб’екты, камунікацыі па водазабеспячэнні павінны перайсці ад розных заказчыкаў на поўны баланс ЖЭГаў. Якраз цяпер водазабор у Прылессі і перадаецца ад упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Гатаўскай жыллёва-эксплуатацыйнай гаспадарцы. Карацей, тая сітуацыя, калі ў сямі нянек… Але не будзем спяшацца, Тым больш што жэгаўскія, нягледзячы на сваю фармальную недатычнасць да ўзніклай праблемы, не здымаюць адказнасці з сябе. Наадварот, імкнуцца, як могуць, разруліць сітуацыю. Яно і зразумела, далей прыйдзецца эксплуатаваць водазаборную і размеркавальную сістэмы ўсё роўна ім.

— Дык у чым загвоздка? — пытаюся ў намесніка начальніка ЖКГ Мінскага раёна Дзмітрыя ДРАЗДА.

“Апускаючы ўсю перадгісторыю стварэння і ўзбуйнення кааператыва індывідуальных забудоўшчыкаў “Прылессе-1”, адзначу самае істотнае, — паведаміў ён. — З 2005 года КІЗ “Прылессе-1” пачаў рэканструкцыю сістэмы водазабеспячэння. Мелася рэканструяваць дзве старыя артэзіянскія свідравіны і пабудаваць новую воданапорную вежу. Будаўніцтва сетак водазабеспячэння па тэрыторыі КІЗа ажыццяўлялася самімі забудоўшчыкамі без праектна-каштарыснай дакументацыі, папросту самавольна…

У выніку паэтапных работ была прабурана свідравіна ў санзоне артсвідравіны №51615/93 , якая і па сёння не ўведзена ў эксплуатацыю і не перададзена на баланс ЖКГ Мінскага раёна. Апроч таго, з-за няякаснага выканання буравых работ свідравіна выйшла са строю яшчэ да пачатку яе эксплуатацыі. Замест таго, каб абавязаць падрадную арганізацыю, якая дапусціла памылкі пры бурэнні свідравіны, выканаць рамонт ужо прабуранай свідравіны, кіраўніцтва КІЗа і “Белаграсервіса”прыступілі да рэканструкцыі 2-й свідравіны, вывеўшы і яе з эксплуатацыі. Карацей кажучы, жыхары вёскі Прылессе былі пакінуты без пітной вады. Канечне, мы не кінулі людзей сам-насам з бядою, быў арганізаваны падвоз вады для насельніцтва. Узнікла і яшчэ адна праблема, якою заклапочаны тутэйшыя жыхары, — якасць пітной вады… І на сёння для некаторых месцічаў гэтае пытанне самае балючае. Хаця, на маю думку, праблема, можа, і надуманая. Ва ўсякім разе па апошніх выніках аналізаў проб (пратаколы ад 11.06. 2010 года, 25.06.2010 года), вада са свідравін адпавядала патрабаванням СанПіН 10-124 РБ 99 “Вада пітная”. Таму мы і перасталі нейкі час падвозіць ваду для насельнікаў… Цяпер жа зноў такое практыкуецца. Праўда, не ўсе жыхары карыстаюцца нашай паслугай…”

— Але гэта адно сухія паперы, — пярэчу свайму суразмоўцу, — а вада мокрая, і да таго ж смярдзючая. Так напісалі людзі ў рэдакцыю. То, можа, варта з імі сустрэцца ды самім панюхаць тую ваду?

Тут мы селі ў другі драндулет і праз дваццаць хвілін былі ў Прылессі ля двара Анатоля Цімафеевіча Зыля…

“Пра якую якасць вы мне гамоніце?! — узрушана і трохі злосна пачаў той. — Штораніцы адкручваю кран, і хоць ты нос затыкай: смярдзючая і мутная тая вада, усё роўна як з балота!.. Ды што тут казаць: неяк прарвала магістральны вадавод у пасёлку, то вашыя рамонтнікі ўскрывалі тую трубу. Ды і кажуць нашым людзям: мусіць, не вадавод мы ўскрылі, а каналізацыйную трубу. Настолькі яна была смуроднай… А вы нам свае паперкі! Грош ім цана. Я таксама вазіў у Бараўлянскую лабараторыю нашу вадзіцу. І вынік аналізу ведаеце які? Адказваю вам: пітная вада ў Прылессі не адпавядае ніякім нормам! Хочаце, пакажу вам тое заключэнне спецыялістаў…”

Не чакаючы адказу, Анатоль Цімафеевіч борзда пашыбаваў у двор. Праз хвіліну і напраўду прадставіў пратакол за №1922 санітарна-мікрабіялагічнага даследавання проб пітной вады ад 12 ліпеня 2010 года. І там у заключным слове экспертызы — чорным па белым — напісана: “Даследаваны ўзор вады па мікрабіялагічных паказчыках не адпавядае патрабаванням СанПіН 10-124 РБ 99”. І подпіс урача-гігіеніста… Тым часам раз’юшаны гаспадар не збіраўся супакойвацца, прынёс-такі ў празрыстай каністры свежазабраную з сістэмы ваду. Глядзіце!

Магу засведчыць: вада сапраўды да крайнасці мутная і… смярдзючая. Такую не тое што піць, рукі памыць не адважышся. Засталося толькі развесці рукамі…

Хто ж тут правы, а хто вінаваты?.. І чаму яна такая, гэтая вада-вадзіца? Можа, адказ варта пашукаць не ў свідравіне і не ў магістральным вадаводзе, а недзе ў іншым месцы? Памятаеце анекдот пра сантэхніка, які прыйшоў рамантаваць санвузел? Паглядзеў на ўсю гаспадарку ды і кажа гаспадыні: “Праблема не ў краніку, даражэнькая, — праблема ў самой сістэме…” А што ён меў на ўвазе — няхай кожны разумее па-свойму.