Амаль тры месяцы арышту, больш за тыдзень судовага разбіральніцтва, і ў выніку прысуд: штраф у памеры 500 базавых велічынь — 17,5 мільёна рублёў.

Адразу пасля вызвалення Міхась Башура сустрэўся з журналістамі і распавёў пра акалічнасці сваёй справы, умовы ўтрымання за кратамі і пракаментаваў вынік судовага працэсу…

— Мяне абвінавацілі ў тым, што я быццам бы падрабіў даведку для атрымання крэдыту, — нагадвае Башура. — Даведка гэта рабілася яшчэ ў мінулым годзе, але чамусьці “ўсплыла” яна толькі зараз. Гэта было для мяне абсалютна нечакана тады — адразу пасля арышту. А зараз, падсумоўваючы ўсё тое, што адбылося з кампаніяй “Гавары праўду!”, — ператрусы, цкаванне актывістаў, я зразумеў, што службісты, якія вялі маю справу, атрымаўшы доступ да маіх асабістых дакументаў, спрабавалі хоць нешта знайсці, хоць за нешта зачапіцца… Знайшлі толькі гэтую даведку і, напэўна, вырашылі: трэба чапляць чалавека, а потым мы з гэтым разбяромся…

Падчас арышту я добра зразумеў адно: сучасныя беларускія праваахоўныя органы працуюць, як дрэнны рыбак, па прынцыпе — галоўнае закінуць вуду, хай будзе, як будзе.

Было відавочна, што следчыя ўвесь час працавалі, што называецца, “з калёс”. Яны не ведалі, што будзе заўтра,  я таксама не ведаў, што са мной будзе…

Міхась БАШУРА: «Да людзей за кратамі ставяцца як да жывёл...»

— Наколькі вядома, пасля таго як у ход пайшла быццам бы падробленая вамі даведка і ў праваахоўных органаў “развязаліся рукі” для правядзення ператрусаў, у вашай хаце шукалі грошы. Знайшлі?

— Не, не знайшлі. Але з грашыма тут увогуле дзіўная сітуацыя. Я ўжо знаходзіўся за кратамі, калі ў мяне дома прайшоў ператрус. Жонка мне распавяла, што ў яе склалася ўражанне, што мэтанакіравана шукалі грошы… Больш за тое, потым на судзе бокам абвінавачання агучваліся атрыманыя з розных банкаў адказы наконт таго, ці ёсць у мяне рахункі… Акрамя таго, на судзе гучала, што ў мяне быў знойдзены, а потым вернуты пнеўматычны пісталет. Навошта гэта агучваць? Якое дачыненне гэта мае да справы? Як сказала мой адвакат Тамара Сідарэнка, прыкладна 90% матэрыялаў справы былі не патрэбны ні следству, ні суду… Проста, патрапіўшы ў няёмкую сітуацыю, абвінаваўцы спрабавалі з яе выйсці, робячы выгляд, што ў іх руках значная крымінальная справа…

— Працягваючы “грашовую” тэму: ці цікавіліся  ў вас следчыя грашыма і фінансаваннем кампаніі “Гавары праўду!”?

— Так. Падчас следства да мяне прыязджаў следчы, які вядзе справу ў дачыненні да Уладзіміра Някляева, Сяргея Вазняка і Андрэя Дзмітрыева. Тактыка ў яго дзіўная была: ён лічыць, што праваахоўныя органы ўсё ведаюць. І хто я, і чым я займаюся… І нават ён лічыць, што ведае, колькі грошай я нібыта атрымліваю, працуючы ў межах кампаніі “Гавары праўду!”. Нават і сумы мне называў нейкія астранамічныя…  Маўляў, мы і так усё ведаем, ты проста скажы, што гэта так… І адкуль грошы, скажы… Дзіўная, па шчырасці, адбылася размова, тым больш што на пытанні, якія мне задаваліся, я адказаў не ведаю…

— Міхась, асабістае пытанне: як вы перанеслі арышт і ўтрыманне за кратамі? Як там ставяцца да людзей, як людзі, што знаходзяцца там, паставіліся да вас?

— Натуральна, што людзі сустракаліся розныя — былі і злодзеі (Міхась Башура чакаў суда ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску. — Аўт.), і наркаманы, і забойцы… Але большая частка людзей, з якімі я сутыкнуўся там, — гэта не крымінальнікі. У асноўным мне даводзілася сустракацца з прадпрымальнікамі, якіх трымаюць за кратамі, як падалося мне, з вельмі простай мэтай: праз штрафы ці канфіскацыю маёмасці зрабіць іх жабракамі…

Усе людзі, якія знаходзяцца за кратамі, быццам у адной лодцы. І пакуль не вынесена рашэнне суда, чалавек павінен лічыцца невінаватым. І гэта, здавалася б, павінны разумець усе, а ў першую чаргу тыя, хто стаіць на ахове закона. На вялікі жаль, часцяком за кратамі ўсё наадварот. Да людзей за кратамі ставяцца як да жывёл.  Многія гэтага проста не вытрымліваюць… Я быў сведкам, калі ў чалавека, які сядзеў са мной у адной камеры, што называецца, “паехаў дах”. Чалавек літаральна за хвіліны звар’яцеў, вочы зрабіліся пустымі… Ён закрычаў: “Не магу! Рэжце мяне!” Сем здаровых мужыкоў не маглі яго ўтрымаць, ледзь супакоілі…  Гэта вельмі і вельмі страшна…

Міхась БАШУРА: «Да людзей за кратамі ставяцца як да жывёл...»

— Ці будзе абскарджаны прысуд, згодна з якім вы павінны сплаціць дзяржаве ажно 17,5 мільёна рублёў?

— Натуральна, прысудам я не задаволены. Разам з бліскучым адвакатам, сапраўдным прафесіяналам Тамарай Аляксандраўнай Сідарэнка я прасіў, каб мяне цалкам апраўдалі. Гэтага не адбылося. Таму прысуд будзе абскарджаны. Справа не ў тым штрафе, які мне прызначылі. Справа ў тым, што ў прысудзе нахабна сцвярджаецца, што я дзейнічаў наўмысна, што следствам даказана, нібыта я атрымаў ад гэтай няшчаснай даведкі выгаду. Але гэта ж поўная лухта! І менавіта гэта самае абразлівае ў дадзенай сітуацыі…

Поделиться ссылкой: