Некалі, да вайны, ва Уруччы было ажно тры школы — беларуская, руская і яўрэйская. Яўрэйская, бо спаконвеку тут жыло шмат яўрэяў, больш за палову ад усіх жыхароў. У 1930-я ў мястэчку атабарылася воінская часць, зразумела, рускамоўная. Таму і адкрылі для камандзірскіх дзяцей рускамоўную сямігодку. Ну а беларускамоўная   была такой па вызначэнні, бо наўкола ж карэннае жыхарства. У 1934 яўрэйскую, як і паўсюль на Беларусі, прыкрылі. Назаўсёды. Цяпер во і беларускамоўную. Але ўзнікае пытанне: чаму?.. 700 яўрэйскіх мужчын, жнок і дзяцей растралялі немцы ў вайну, астатнія (ужо ў нашыя часы) з’ехалі на гістарычную радзіму. Хай сабе так, але ж беларусы засталіся. Тут іх зямля, пупавіна, Богам дадзеная мова і родная зямля.

Начальніца па адукацыі Любанскай вертыкалі Таццяна Камароўская гне спарахнелую ўжо, заезджаную да брыдоты лінію, маўляў, школу зрабілі рускамоўнай, бо Урэчча запаланілі рускамоўныя людзі, бо тут багата дзяцей тых вайскоўцаў, што ўжо паваросталі. Бедныя, павыросталі, ды так і не агоралі мову сваіх братоў. А нашыя асімілятары — такія шаўкова-рахманыя “дабрадзеі”, спагадлівыя:ну хоць у вуха іх кладзі… Гатовыя аддаць на закланне нават тое, што было родна-неад’мным для іхніх кроўных суродзічаў. А як заўтра ва Урэччы перпаважацьмуць кітайцы?.. То можа, спадарыня Камароўская, аддасць сваіх дзетак у кітайскамоўную школу!?.. Адно слова — перакаці-поле…

Да вайны беларуская школа ва Урэччы была адной з лепшых не толькі на Міншчыне, Бабруйшчыне, але ва ўсёй Беларусі. Яна і статус адпаведны мела — Узорная школа… Ды і пасля вайны доўгі час такой заставалася. І ачольвалі яе людзі не з пароды “перакаці-поле”, а сапраўдныя грамадзяне, педагогі з высокай літары, апосталы Беларушчыны, такія як Іван Сцяпанавіч Русаковіч. Але набеглі ліхія часы з ліхімі людзьмі, і Беларусь, купіўшыся на мякіну, здае адзі бастыён за другім. Не Беларусь здае — яе здаюць манкурты ў абліччы прыстойных людзей…

Поделиться ссылкой: