Грыбаўскайце прыехала падтрымаць Лукашэнку

2

На 12.00 запланаваная сустрэча Грыбаўскайце з Аляксандрам Лукашэнкам. Перамовы прэзідэнтаў пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Асноўнай іх тэмай будзе эканоміка.

Беларусь хоча збудаваць тэрмінал для атрымання звадкаванага газу ў Клайпедзе. Акрамя таго, Мінск шукае найтаннейшы і самы надзейны шлях для транзіту венесуэльскай нафты.

Блізкасць цяперашняга кіраўніцтва Украіны з Крамлём стварае патэнцыйныя небяспекі для праекта. Літоўскі кірунак у гэтым сэнсе надзейнейшы. Але з Адэсы ў Беларусь вядзе нафтаправод. Тады як з Клайпеды сыравіну прыйшлося б вазіць чыгункай.

Як мяркуецца, Лукашэнка й Грыбаўскайце абмяркуюць таксама патэнцыял супрацы краін у межах ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства».

Яркім момантам візіту стане падпісанне гістарычнага пагаднення аб спрошчаным пераходзе мяжы жыхарамі памежжа. З гэтага пагаднення можа пачацца шлях да адмены візаў і свабоднага руху беларускіх грамадзянаў праз мяжу між Мінскам і Вільняй, якой да Сталіна ніколі ў гісторыі не існавала.

Нагадаем, што Вільня ляжыць бліжэй ад беларускай сталіцы, чым любы з абласных гарадоў Беларусі.

Беларусы і літоўцы злучаныя 500-гадовым вопытам сужыцця ў супольнай дзяржаве, Вялікім Княстве Літоўскім, створаным балтамі і славянамі.

Нягледзячы на значнасць эканамічнага парадку дня, візіт мае і яскравую палітычную афарбоўку. «Прэзідэнты таксама абмяняюцца думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня», паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Візіт адбываецца ў часе гарачага канфлікту між Беларуссю і Расіяй і перад прэзідэнцкімі выбарамі, на якіх выклік Лукашэнку кідаюць прарасійскія кандыдаты.

«На фоне беларуска-расійскай інфармацыйнай вайны кіраўнік адной з дзяржаў ЕС прыязджае ў Беларусь і працягвае Беларусі руку.

Гэта можна расцэньваць як той факт, што Еўрасаюз спыніў сваё маўчанне наконт гэтай вайны і ўмешваецца ў яе. Прычым на баку Беларусі», — зазначыў для агенцтва БелаПАН палітолаг Валер Карбалевіч.

Адначасова візіт успрымаецца як падтрымка Аляксандра Лукашэнкі перад прэзідэнцкімі выбарамі. У той жа час

чакаецца, што Грыбаўскайце будзе настойліва заклікаць Беларусь перайсці ад аўтарытарызму да дэмакратыі

і правесці выбары такім чынам, каб краіны ЕС маглі іх прызнаць свабоднымі і справядлівымі. Але сама Грыбаўскайце не мае планаў сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гэтая задача ўскладзеная на чыноўніка ніжэйшага рангу — міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса.

Напярэдадні візіту Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што літоўская дэлегацыя мае намер заклікаць беларускі бок «заняць больш адкрытую пазіцыю ў адносінах да Еўропы і праводзіць адпаведныя рэформы».

«Літоўскі бок зверне ўвагу на той факт, што далейшае збліжэнне Беларусі з Еўропай будзе залежаць і ад намаганняў Беларусі ў правядзенні прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі», — зазначаецца ў паведамленні МЗС.


Няма запісаў для адлюстравання