Смалявічы пад бокам у сталіцы… Паблізу аэрапорт, БелАЗ, аўтамагістраль, чыгунка… Многія месцічы, нават з акаляючых вёсак, штодня кіруюцца на працу ці то ў Жодзіна, ці то ў Мінск. Карацей, смалявіцкіх не назавеш правінцыяламі, бо прысталічча: праз які дзясятак гадоў і напраўду ўвальюцца ў арбіту мегаполіса.

Іншая справа — Белаазёрск ды Бяроза: за дзвесце пяцьдзесят вёрст ад Мінска, і да Брэста — рукой не кінеш. Карацей, сапраўдная правінцыя.

Днямі я пабываў і там, і там. На Смалявіцкай птушкафабрыцы высвятляў, ці праўда, што іхняя прадукцыя абыходзіцца расіянам танней, чым беларусам. А ў Белаазёрску паўдзельнічаў у паэтычным свяце “Бабіна лета”, прысвечаным светлай памяці цудоўнейшай паэткі Ніны Мацяш… І адзін, і другі сюжэты заслугоўваюць асобнай гаворкі, але цяпер мушу гаварыць (не сам, а мае суразмоўцы, якія трапляліся падчас вандровак) пра іншае. Пра падзею, якая насоўваецца на ўсіх нас, — пра маючыя адбыцца выбары прэзідэнта.

У пасёлку Акцябрскі пад Смалявічамі спыняюся паблізу фірменнага магазіна “Браты Грыль” мясцовай птушкафабрыкі. Побач мужчына сталага ўзросту ля сваёй “пяцёркі” з задраным капотам. “Не заводзіцца, ліха яе матары, — як старому знаёмцу жаліцца ён. — Адно слова — ламачча…” Пазнаёміліся. Уключаю дыктафон…

Мікалай Іванавіч Куніца, мясцовы жыхар, былы работнік БелАЗа (на фота):

— Пра якую новую машыну кажаш?.. Дай Божа, каб гэтая хадзіла. Сорак гадоў у тэрмічцы аджахаў, а пенсія, як і ў астатніх, — смешная. Карацей, хапае толькі на хлеб з малаком, а на паліва для гэтай старой лайбы не заўсёды.

— То, можа, ёсць надзея на будучага новага прэзідэнта? — асцярожна пытаю ў чалавека.

— А хто табе сказаў, што будзе новы?.. Па-мойму, гэты прыйшоў надоўга, назаўсёды. Значыцца, жыцьмем па-старому. Нехта добра ўладкаваўся, а большасць і далей будзе перабівацца, пазычаючы адзін у аднаго да пенсіі ці да зарплаты. От зайдзі ў фірмовую краму: учора тыя бройлеры каштавалі 7990 рублёў за кіло, а сёння — ужо 8050. А пра выбары і казаць не хачу, бо ўсё гэта фількіна грамата. Хіба што Мядзведзеў з Пуціным умяшаюцца ды не кінуць беларусаў. У Кітаі, сам чуў, Мядзведзеў замовіў, што заклапочаны лёсам беларусаў. Нешта ж будзе, а ў сумленныя падлікі галасоў не надта веру…

Наступны прыпынак паблізу Плісы, ля пасёлка Дарожны. На абочыне магістралі людзі, не зважаючы на ветранае і халоднае надвор’е, прадаюць што ў каго ёсць: садавіну, бульбу, малако… Спачатку прыцэньваюся, пасля гаворым за жыццё. Трохі насцярожана, але пакрысе кажуць пра набалелае. Вось толькі фатаграфавацца наадрэз не хочуць, адварочваюцца. Нават той з грамады, які пагадзіўся даць свой каментарый адносна выбарчай кампаніі. Затое прадставіўся.

Віктар Антонавіч Молчан, тутэйшы жыхар, былы праекціроўшчык:

— Нічога не памяняецца, хоць і трэба.. Так мне падаецца.

— Чаму не памяняецца? На тое ж і выбары галавы дзяржавы, каб нешта памянялася ў лепшы бок…

— Спачатку трэба прывесці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі, дэмакратычнымі нормамі, а гэта не зроблена. Нешта касметычна падлаталі, а робяць выгляд, што карэнным чынам тое заканадаўства памянялася. Тлумяць галаву, што ўсё ў нас, як у еўрапейцаў, але ж на самай справе гэта не так. Значыцца, ёсць падставы сумнявацца, што выбары будуць сумленнымі, што падлікі галасоў не будуць падтасаванымі. Ды проста смешна на ўсё гэта пазіраць, бо якія могуць быць выбары, калі ўсё — тэлебачанне, газеты, вертыкаль улады — працуюць на аднаго чалавека! Хадзі ты на выбарчы ўчастак ці не хадзі — вынік ужо запраграмаваны. А ўдзел так званых апазіцыйных палітыкаў — толькі на руку дзеючай уладзе, бо сам факт гэтага ўдзелу легітымізуе перамогу вядомай асобы…

Спрабую падключыць да размовы маладзіцу гадоў сарака — сарака пяці. Але тая спадобілася назваць толькі сваё імя — Людміла. Сама родам з Крупак, а тут замужам, жыве з мужам і свякрухай непадалёку ад шашы. Цяпер у адпачынку, то і выйшла прадаць лішак садавіны. Пра выбары і цяперашняга прэзідэнта мае сваё меркаванне, і вельмі катэгарычнае:

— Абавязкова пайду галасаваць, і толькі за Лукашэнку! Чаму? А хіба не зразумела?.. Ён шмат робіць для простых людзей. Што б ні казалі, а пенсіі людзі атрымліваюць у час, заработную плату таксама. Абы не ленаваўся, то кожны можа і работу знайсці, і зарабіць няблага. Іншы б ужо даўно адпусціў лейцы, і ўсе нашыя прадпрыемствы пакуплялі б расіяне, а Лукашэнка не прадае абы-каму.

Прыкладна тое ж распавядала мне яшчэ адна жанчына, але далёка адсюль — на Брэстчыне. Завуць яе Антаніна Андрэеўна Казлюк. Жыве ў Белаазёрску, але нарадзілася ў вёсцы Нівы, той самай, што дала Беларусі выбітную паэтку Ніну Мацяш. Яны некалі вучыліся ў адным класе, але лёсы дзвюх жанок настолькі розныя, што і выказаць цяжка… Жанчына прыйшла на могілкі, каб ушанаваць памяць былой каляжанкі, ускласці кветкі да яе магілы. І вось што сказала мне падчас сустрэчы Антаніна Андрэеўна Казлюк:

— Ніна была найхарошшая з усіх нас. Мы ж да пятага класа вучыліся разам, хадзілі па хатах і вучыліся, бо школы не было. А потым нашыя сцежкі разбегліся: Ніна пайшла вучыцца далей і стала знакамітай, кажуць, яе кніжкі нават у школах вывучаюць. Светлая ёй памяць! Але і я добра вучылася, асабліва разумела ў матэматыцы. Толькі пасля пятага класа пайшла на гаспадарку, даглядала жывёлу. Так усё жыццё і прайшло, бачыце, якія спрацаваныя рукі. А цяпер толькі і жыць, бо не тое, што раней: у крамах усё ёсць, пенсіі харошыя, а вунь якія дамы ў людзей! А чаму? Таму што ўлада ўсё робіць для людзей. Лукашэнка стараецца… Не разумею, чаму гэтыя маладыя супраць яго. Мо таму, што горачка сапраўднага не бачылі, на нішчымніцы не пасядзелі, не сёрбалі поліўкі на вадзе?..

Перахрысціўшыся, Антаніна Андрэеўна заспяшалася ў свае Нівы. “У мяне і цяперака гаспадарка, — на хаду прамаўляла жвавая, не па ўзросце энергічная жанчына, — і куры, і парсюкі, і агарод. І ўсё патрабуе догляду, так што пабягу…”

І яна борздзенька пашыбавала да вёскі.

А мяне чакалі сустрэчы з іншымі людзьмі — у Белаазёрску. На цэнтральнай плошчы, паблізу Палаца культуры, маладзёны, выставіўшы агітацыйны постар Уладзіміра Някляева, збіралі подпісы. Натуральна, вакол таўкліся людзі, нечым цікавіліся, абмяркоўвалі шанцы кандыдатаў, нават спрачаліся. Як было не ўключыць дыктафон?.. Некаторыя тушаваліся, замаўкалі, адыходзілі далей, а былі і такія, што з ахвотаю выказвалі свае думкі. Сярод іх Лявон Валасюк, мастак-дызайнер:

— Пра што можна гаварыць?! Калі дзеючы прэзідэнт заяўляе расійскім журналістам, што цяпер яго задаволяць 75 працэнтаў галасоў, то ўсё зразумела: так яно і будзе. Але ж гэта ненармальна. Мінулым разам ён казаў, што не трэба тыя 98 ці колькі там працэнтаў, што ён наўмысна зменшыў сабе лічбу. Але даруйце — гэта прамое парушэнне дзеючага заканадаўства. Выходзіць, можна, не азіраючыся на закон, рабіць што заўгодна? З такім жа поспехам спадарыня Ярмошына не толькі паменшыць лічбу, але, калі раптам спатрэбіцца, то і падвысіць. Для мяне няма ніякага сумнення: гэтыя выбары нелегітымныя, як і нелегітымны ўжо каторы год  прэзідэнт. Удзельнічаць у спектаклі-фарсе які сэнс?..”

Мікола Папека, пчаляр і паэт:

— Хадзіць на прэзідэнцкія выбары — дарэмна губляць асабісты час. Больш таго, узяўшы ўдзел у галасаванні, ты льеш ваду на млын цяперашняга ўладара. То навошта? Кожнаму больш-менш разумнаму чалавеку зразумела: выбары несапраўдныя, бо ў іх бярэ ўдзел спадар Лукашэнка. Я проста ўражаны тым, што знаходзяцца па-сапраўднаму мужныя грамадзяне, якія, ведаючы пра ўсё гэта, тым не менш вылучаюцца ў кандыдаты. Роўна як і тыя, што ўвайшлі ў іх каманды па зборы подпісаў. Мы ж ведаем, чым усё гэта канчаецца: пераследамі, затрыманнямі, пасля таго як тыя выбары пройдуць, арыштамі. Хіба забыліся пра вопыт Казуліна?..”

Вось такія выказванні ў правінцыі. Былі і іншыя, але мала адрозныя ад двух апошніх. Заканчваю пісаць гэтыя нататкі і думаю сабе: а ці ёсць увогуле па сённяшнім часе правінцыя як такая?.. Хіба толькі ў геаграфічным сэнсе, але ніяк не ў сэнсе людской затурканасці. У век спадарожнікавага тэлебачання, інтэрнэта і мабільнай сувязі людзі, мабыць, перасталі пачуваць сябе правінцыяламі нават у мядзведжых кутах.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой: