…Родны брат Мікалая Герасімавіча, Іван Герасімавіч Віцікаў, пасля вайсковай службы доўгі час жыў і працаваў у падмаскоўным горадзе Рэутава. Але ў выдадзеным яму расійскім пашпарце было занатавана, быццам ён нарадзіўся “30 июня 1936 года”, у прадстаўленых жа з Беларусі архіўных дадзеных значылася “30 июля”. І таму выходзіла, што ніякія браты не браты, а так, фікцыя нейкая… Адна літарка, усяго адна памылковая літарка ў назве месяца па віне няўважлівага рэутаўскага пашпартыста — і ні ў чым не вінаваты чалавек пазбаўляецца спадчыны…

Другая спроба пацвердзіць рэальны факт, што яны — Мікалай Герасімавіч Віцікаў і Іван Герасімавіч Віцікаў, народжаныя на Гомельшчыне ў адной сям’і ад адной маці, — родныя браты, таксама скончылася нічым. “Жалезна” абапіраючыся на афіцыйную даведку з Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці (заснаванай на дакументах архіўнага фонду Пракопаўскага сельсавета тагачаснага Церахоўскага раёна Гомельскай вобласці), рэутаўскі натарыус прымае “Постановление об отказе в совершении нотариального действия”. Вердыкт: “Витиков Н.Г. не может подтвердить факт своих родственных отношений” і прэтэндаваць “на заведение наследственного дела к имуществу умершего Витикова Ивана Герасимовича”. Бо ў архівах Гомельскага загса (даведка №312 от 23 лютага 2008 г.) указана, што “матерью Витикова Николая Герасимовича является Витикова Пелогея Павловна, а в справке №680 от 29.05.08 г. указано, что матерью Витикова Ивана Герасимовича является Витикова Пологея Павловна. Наконец, из свидетельства о рождении Витикова Н.Г. следует, что его матерью является Витикова Пелагея Павловна”…

Ну і ну! Як тут не пагадзіцца з аўтарам ліста ў рэдакцыю, які называе “мінай запаволенага дзеяння падобныя манеўры кручкатвораў” і абураецца тым, што яны не нясуць ніякай адказнасці за свае памылкі і неахайнасць у афармленні дакументаў, што і скіроўваецца потым супраць даверлівых, законапаслухмяных грамадзян. Менавіта яны, простыя грамадзяне, вымушаны дабівацца затым праўды ў судах, несці немалыя выдаткі, безвынікова даводзіць тое, што, здаецца, ясней яснага. Зрабілі ім адну, другую памылку ў даведках — і ты не брат свайму брату і не сын сваёй маці, а падазроны элемент. Безадказны росчырк чыноўніцкага пяра — і гаротніку трэба траціць час, нервы, грошы на доказ таго, што ён не вярблюд і не аферыст, які квапіцца на чужое дабро.

Можна толькі шчыра паспачуваць шаноўнаму Мікалаю Герасімавічу і параіць адзінае, хай і самае банальнае, але неабходнае ў дадзенай гісторыі: насамрэч набрацца цярпення і звярнуцца ў суд за прызнаннем правоў на роднасць сваёй сям’і. Іншага шляху не бачыцца, хаця цвёрдай упэўненасці, што там нарэшце за памылковай пісарчуковай літаркай убачаць сутнасць справы, няма.

З усіх гэтых афіцыйных адпісак-перапісак міжволі выцякае яшчэ адна тэма. Яна ўзнікае, калі ўважліва чытаць даведку Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці на запыт Мікалая Віцікава. Дзіўна, як гэта рэутаўскі натарыус не заўважыў і не зачапіўся яшчэ за адну “ўліку” ў “пацвярджэнні” таго, што гэты надаедны Мікалай Віцікаў — зусім не той, за каго сябе выдае! Учытаўшыся ў гэтую паперку, дзе даецца ўзяты з гаспадарчай кнігі за 1944—1946 гады склад сям’і, бачыш: ва ўсіх тады было адно прозвішча — ВІЦІК (Витик — у рускамоўным варыянце). У пераліку ж за 1946—1948 гады гэтая ж самая беларуская сялянская сям’я пазначана ўжо як ВИТИКОВЫ. І ні ў кога з чынавенства — ніякіх пытанняў, чаму гэта беларускае прозвішча перайначана на расійскі лад, не ўзнікла!

А між тым гэтая шараговая, як быццам малазначная паперчына — дакументальнае сведчанне таго, як у першыя ж пасляваенныя гады з новай, шалёнай сілай узгарэлася суцэльная дзяржаўная русіфікацыя беларусаў. І як уся істота нашых суграмадзян працівілася гэтаму гвалту, але дзе ж было ўстаяць перад бязлітаснай прымусовай машынай?

Вось пры загадзе перавесці справаводства на рускую мову сельсавецкі справавод беларускую сям’ю Віцікаў запісвае ў рускай транскрыпцыі — “Витик”. Але рука, як у той Багдановічавай слуцкай ткачыхі, не слухаецца і, забыўшыся, выводзіць далей на паперы імёны дзяцей з сям’і так, як у вёсцы клічуць — Сяргей, Пятро, Грыша. У аналагічным жа дакуменце ўсяго праз год сям’я ўжо значыцца “Витиковыми” і двое сыноў, як належыць, занатаваны на рускі лад — Сергей і Петр. Праўда, Грыша (Рыгор) яшчэ не стаў упаўне Григорием — запісаны як Григор…

Праз калена ламалі нашу мову, што жыла ў душы народа доўгія вякі. І што ж здзіўляцца, калі мясцовы грамацей не здолеў адразу перарабіць беларуску Палагею  на “Пелагею”, а выходзіць у яго то “Пелогея”, то “Пологея”?

І за ўсю гэту бюракратычную абракадабру праз доўгія гады ў адказе апынуўся Богу душой не вінаваты сын сваіх бацькоў і брат свайго брата Мікалай Витиков. Казус, ды яшчэ які! Здаровы сэнс падказвае аўтару ліста ў рэдакцыю патрабаваць ад заканадаўцаў абедзвюх краін так званай Саюзнай дзяржавы: ясна і недвухсэнсоўна прапісаць у нарматыўных актах адказнасць творцаў памылак у дакументах, з-за якіх пакутуюць невінаватыя грамадзяне.

Ну, а русіфікацыя? Як бачым, не такая ўжо яна бяскрыўдная, як здаецца прыхільнікам філасофіі кшталту “не важно, как писать, лишь бы колбаса была”. І ад простай змены “л” на “н” ці “а” на “о”, часам, як бачым, нямала залежыць у жыцці: чалавек можа панесці і матэрыяльны, і маральны ўрон.

Поделиться ссылкой: